Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Да службы ў арміі гатовы

22.02.2021

Напярэдадні 23 лютага ў сярэдняй школе № 1 г. Валожына сярод вучняў 10-11 класаў прайшло ваенна-спартыўнае свята, прысвечанае Дню абаронца Айчыны.

Хочацца адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства, да дробязі былі прадуманы ўсе дэталі. Урачыстасці святу надавалі змены ганаровага каравула праз 5 хвілін.

Арганізатарам і галоўным суддзёй спаборніцтваў выступіў кіраўнік фізічнага выхавання ўстановы Мікалай Мікалаевіч Рабцаў. У склад журы ўвайшлі начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай, прадстаўнік вайсковай часці 30695 і інш.

У ваенна-спартыўным свяце прынялі ўдзел тры аддзяленні: 1-е прадстаўлялі вучні 10 класа, 2-е – 11 “А” класа, 3-е – 11 “Б” класа. Усе юнакі паказалі добры ўзровень фізічнай, спартыўнай і ваеннай падрыхтоўкі.

У першую чаргу рабяты прадэманстравалі ўменне выконваць страявыя практыкаванні, здаваць рапарт, аддаваць воінскае прывітанне. Наступным іспытам стала падцягванне на перакладзіне, дзе найлепшы вынік паказала каманда 11 “А” класа. Яны ж перамаглі і ў конкурсе “Скачок за скачком”, дзе пераадолелі самую вялікую адлегласць. Прадстаўнікі кожнага аддзялення змаглі хутка надзець процівагазы, і ўсе тры аддзяленні атрымалі высокія балы ў гэтым іспыце. Цікава было назіраць за дзеяннямі рабят па ўспышцы ядзернага выбуху.

Вялікае хваляванне не дазволіла некаторым хутка выканаць няпоўную разборку і зборку аўтамата Калашнікава ўзору 1974 года. Самым хуткім у гэтым спаборніцтве стаў прадстаўнік каманды 10 класа, а яе камандзір Уладзіслаў Акушка набраў найбольшую колькасць ачкоў па кулявой стральбе. Можна было толькі здзіўляцца, як хутка юнакі называюць воінскія званні па знаках адрознення падчас адпаведнага спаборніцтва.

Аднолькавыя спрыт і ўменне прадэманстравалі старшакласнікі ў конкурсе “Повары”, дзе трэба было пачысціць пяць бульбін, а вось гузік сумеў найхутчэй прышыць прадстаўнік 10 класа. Пры кіданні дроціка ў дартсе найлепшы вынік паказалі хлопцы з 11 “Б” класа, адзін з іх нават папаў у яблычак.

Завяршыла спаборніцтвы камбінаваная эстафета. Вось дзе спатрэбіліся рабятам спрыт, шпаркасць, імклівасць. Яны з аўтаматам пераадольвалі тунэль, перапаўзалі па-пластунску пад гімнастычнымі палкамі, стараючыся не зрушыць іх, пераадольвалі перашкоду, падцягваючыся па лаўцы, пераходзілі балота на спецыяльных брусках, а затым як найхутчэй перадавалі эстафету наступнаму члену сваёй каманды. Зразумела, што гэты конкурс быў найбольш відовішчным. Перамогу ў ім святкавала каманда 10 класа.

На працягу ўсяго свята адчувалася вялікая падтрымка балельшчыкаў, што сабраліся ў зале. Гэта былі аднакласнікі, настаўнікі, родныя і блізкія будучых абаронцаў Айчыны. Спаборніцтвы паказалі, што ўсе юнакі ўжо маюць нядрэнную спартыўна-ваенную падрыхтоўку. У перапынках паміж іспытамі прагучалі вершы і песні на ваенна-патрыятычную тэму, а вучаніцы пачатковых класаў выканалі танец “Кацюша”.

І вось наступіў доўгачаканы момант узнагароджання. У напружанай барацьбе з адрывам у 5 балаў перамагло 1-е аддзяленне (10 клас), 2-е і 3-е месцы з розніцай усяго ў 1 бал занялі 3-е аддзяленне (11 “Б” клас) і 2-е аддзяленне (11 “А” клас) адпаведна.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Задайте вопрос