Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Кожны іх крок – у адным кірунку

22.02.2021

Прыгожая пара на фота – муж і жонка. Аляксандра Аляксандраўна і Сяргей Сяргеевіч трапілі ў фокус рэдакцыйнай камеры падчас урачыстасці, прымеркаванай да прыняцця воінскай прысягі новым папаўненнем ваеннаслужачых паўгода таму. Менавіта ў гэты дзень радавы Аляксандра Мялюк паклялася ў вернасці Радзіме і беларускаму народу, а асноўным, самым дарагім сведкам яркага моманту ў лёсе маладой жанчыны стаў яе верны спадарожнік, маёр Сяргей Мялюк.

Іронія лёсу: пазнаёміла маладога педагога і ў той час капітана яшчэ адна пара закаханых ваенных – сястра Аляксандры і сябар Сяргея. Відавочна, блізкія людзі добра ведалі, каго і каму можна прадстаўляць.

Між дзяўчынай і юнаком у першую ж сустрэчу ўзнікла сімпатыя. Яны сталі сустракацца, а затым пажаніліся.

Спачатку новая ячэйка грамадства пасялілася ў Маладзечне. Аляксандра, ураджэнка Магілёўшчыны, пасля заканчэння Баранавіцкага ўніверсітэта працавала ў школе і была ад сваёй дзейнасці ў захапленні. Сяргею даводзілася штодня ездзіць на службу за 30 кіламетраў. Магчыма дзеля каханай, якой, дарэчы, наш горад адразу не вельмі спадабаўся, малады афіцэр яшчэ б доўга курсіраваў між двума гарадамі. Аднак у хуткім часе атрымаў новае назначэнне. Сур’ёзная пасада патрабавала амаль пастаяннага знаходжання ў Валожыне, таму было прынята рашэнне аб пераездзе.

Пасля больш блізкага знаёмства з райцэнтрам Аляксандра зразумела: колішняе ўражанне было памылковым. Валожын, па яе меркаванні, – ціхі, утульны і вельмі прыгожы. Тут сям’і (вось дзе радасць!) прадаставілі і жыллё –  арэндную кватэру. Вось толькі па спецыяльнасці настаўніцы пачатковых класаў уладкавацца не ўдалося. Аднак думка адносна таго, каб гэтак жа, як і сястра, паспрабаваць сябе ў ваеннай справе, ужо не аднойчы нараджалася ў яе галаве. Ды і муж ніколькі не сумняваўся, што ў яго палавіны – адукаванай, кемлівай, цярплівай і працавітай – атрымаецца ўсё, за што б не ўзялася. Таму і вырашылі: служыць разам – выйсце годнае і разумнае.

Саша ў пачатку армейскага шляху, але маладая жанчына, прааналізаваўшы свае жыццёвыя рашэнні, прызнаецца: пакуль кожны яе крок быў правільным. Яна адчувае сябе каханай і запатрабаванай. Да таго ж у сям’і падрастае сын Дзмітрый, а ён – сам па сабе шчасце як для матулі, так і для таты.

 Сяргей Сяргеевіч – карэнны валожынец, выпускнік СШ № 1. У школьныя гады захапляўся матэматыкай, фізікай, удзельнічаў у алімпіядах па гэтых прадметах. І ён, і яго бліжэйшыя сябры вельмі сур’ёзна ставіліся да прафесійнага самавызначэння, не аднойчы абмяркоўвалі магчымасць прысвяціць жыццё службе ў сілавых структурах. У выніку Сяргей аддаў первагу прафесіі ваеннага інжынера – і ніколі не пашкадаваў пра свой выбар. Яго кар’ера выстройваецца паэтапна і лагічна: слухач Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, камандзір узвода, камандзір роты, намеснік камандзіра батальёна, камандзір батальёна… І ўсё гэта за пяць гадоў вучобы і дзевяць – службы. Мэтанакіраванасць і жаданне быць лепшым у абранай справе прывіты яму матуляй Святланай Іванаўнай, якая адна годна выхавала траіх дзяцей. Сёння ж мужчына ў афіцэрскай форме падсілкоўваецца любоўю і верай у яго лепшыя якасці з боку каханай жонкі. Прызнаецца, што не разумее выразу “жыць для сябе”. Яго сэрца належыць людзям, якіх любіць усёй душой, якіх паважае, за якіх нясе адказнасць. На службе маёра характарызуюць як чалавека строгага, але справядлівага. Дарэчы, менавіта такім стараецца быць і для сына. Кожную вольную хвіліну прысвячае яму. “Бацька і толькі бацька павінен даць адказы на ўсе пытанні маленькага мужчыны, – сцвярджае Сяргей. – Наша жонка і матуля –  цудоўная, ласкавая жанчына, выключная гаспадыня. Яна атуляе пяшчотай і клопатам, але ў нас з сынам ёсць свае мужчынскія справы і размовы, і я ўпэўнены: гэта правільна”. Старэйшы Мялюк мэтанакіравана прывучае нашчадка да спорту, працы, дзеліцца з ім сакрэтамі сваіх захапленняў – рыбалкі і рамонту рознай тэхнікі.

У гэтай сям’і паважаюць святы, добры адпачынак (абавязкова разам!). 23 лютага – адзін з самых любімых дзён у календары. Аляксандра, хоць і носіць форму, і вельмі ганарыцца гэтым фактам, сапраўднымі абаронцамі лічыць мужа і сына, таму рыхтуе ім падарункі і прысмакі. А ўдзячныя прадстаўнікі моцнай палавіны чалавецтва – дарослы і юны – ніколькі не супраць падзяліцца сваім святам з радавым Аляксандрай Мялюк, хоць і ўпэўнены: будучае 8 Сакавіка ёй пасуе больш.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара