ТЭХНІКА І ЛЮДЗІ
ў многім вызначаюць поспех на вясеннім полі
У рамонтнай майстэрні ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” ідзе падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі гаспадарак раёна да пасяўной кампаніі 2021 года.
На рамонце знаходзяцца 5 адзінак трактараў “МТЗ” марак 3022, 1221, 82, 3522, якія сюды накіравалі ААТ “Агра-Дубінское”, КСУП “Падбярэззе” і “Валожынскае”. Работы праводзяцца пад кіраўніцтвам загадчыка рамонтнай майстэрні Аляксандра Антонавіча Рафаловіча.
Створаны чатыры брыгады ў складзе 2-3 чалавек. Ліквідацыяй пашкоджанняў і паломак займаюцца вопытныя слесары па рамонце сельгасмашын і абсталявання: Іван Ільіч Буракоўскі, Раман Антонавіч Карабан, Аляксандр Аляксандравіч Загорскі, Дзмітрый Пятровіч Садоўскі, Сяргей Валер’евіч Басько, майстар-наладчык па тэхнічным абслугоўванні машынна-трактарнага парку Аляксандр Міхайлавіч Бацян. Побач з майстрамі сваёй справы практычныя навыкі ў будучай прафесіі спасцігае навучэнец Ашмянскага каледжа Мікалай Цвірко.
На аднаўленні сельскагаспадарчых агрэгатаў заняты майстар-наладчык Юрый Васільевіч Ланько, слесар Дзмітрый Канстанцінавіч Бандарык, токар Андрэй Канстанцінавіч Бандарык.
Разам з гэтым у майстэрні вядуцца зварачныя, такарныя і пусканаладачныя работы. Наладчык сельгасмашын і трактараў Аляксандр Мікалаевіч Косік задзейнічаны на абслугоўванні і рамонце электраабсталявання трактараў і сельгастэхнікі, рамонт рухавікоў унутранага згарання ажыццяўляе слесар Аляксандр Сямёнавіч Крэк.
Кожны з іх на сваім рабочым месцы стараецца не падвесці аграрыяў, бо разумее: ад якаснай падрыхтоўкі тэхнікі да сяўбы ў многім залежыць поспех на вясеннім полі.



