Маладыя спецыялісты, якія маюць нядрэнныя прафесіянальныя здабыткі і вызначаюцца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, сабраліся 15 снежня на форум у раённым Цэнтры культуры, каб падвесці вынікі Года моладзі.
На сустрэчу завіталі кіраўніцтва раёна і адказныя службовыя асобы, каб у расшыраным фармаце правесці дыялог па хвалюючых пытаннях. Праўда, зала на размову настроена не была. Будзем спадзявацца, што складаных праблем у моладзі раёна проста не існуе. Для такога меркавання і сапраўды ёсць падставы: амаль 80 працэнтаў маладых спецыялістаў застаюцца працаваць на Валожыншчыне, значыць, адчуваюць нядрэнныя перспектывы для ўласнай будучыні.
Найбольш прадстаўнічая дэлегацыя сабралася з медыкаў. Толькі сёлета іх рады папоўніліся сямю ўрачамі і шаснаццаццю медыцынскімі сёстрамі. Усе маладыя кадры забяспечваюцца жыллём, з гэтай мэтай адрамантаваны тры інтэрнаты. Дбае кіраўніцтва бальніцы і аб тым, каб падтрымаць маладыя сем’і, асабліва тыя, у якіх выхоўваюцца дзеці.
Шмат прысутнічала на мерапрыемстве і работнікаў адукацыі. Як адзначыла начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму Н. А. Чарнышова, сёлета ў іх сферу ўліліся 27 маладых спецыялістаў. Гэта рэкордная лічба за некалькі апошніх гадоў. Амаль палова з іх – ураджэнцы раёна, а значыць, можна разлічваць, што “карані” не падвядуць. Для падтрымкі і замацавання маладых педагогаў, выхавальнікаў і спартыўных трэнераў прадугледжаны важкі сацыяльны пакет: грашовыя кампенсацыі затрат на здымнае жыллё і праезд да месца працы, саракапрацэнтная надбаўка да зарплаты, нагрузка ў памеры 1,25 стаўкі. А каб шлях у нялёгкую прафесію аказаўся менш цярністым, для маладых спецыялістаў арганізавана школа па абмене вопытам. І хоць лічыцца, што вопыт прыходзіць з гадамі, але самыя таленавітыя і старанныя вучацца імгненна. Так, настаўніца Дорскай школы Таццяна Кулік-Панарад ужо праславілася не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы, бо валанцёрскі атрад пад яе кіраўніцтвам з’яўляецца ўзорным.
Дарэчы, менавіта ў Дорах пражывае маладая шматдзетная сям’я Алены і Васіля Фарыно, якія сёлета сталі пераможцамі раённага і дыпламантамі абласнога конкурсаў “Валадар вёскі”. А вернасць сямейным каштоўнасцям у грамадстве сёння ўшаноўваецца не менш, а магчыма і больш, чым прафесіянальны рост.
Пра падтрымку маладых сем’яў у нашым раёне не забываюць. Сёлета 101 маладая сям’я палепшыла свае жыллёвыя ўмовы. Пры ЦБУ № 605 ф-ла № 500 ААТ “ААБ Беларусбанк” адкрыта спецыяльная крэдытная лінія для моладзі пад невысокія працэнты.
Толькі, як вядома, не хлебам адзіным жыве чалавек. Нам усім патрэбен драйв, цікавыя падзеі і відовішчы, культурны і спартыўны адпачынак. Тым больш маладым. Дарэчы, тых, каму зараз ад 14 да 30 гадоў, у раёне налічваецца 6460 чалавек, гэта 19 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў. Сёлета па лініі ГА “БРСМ” і іншых структур для іх было арганізавана каля сотні розных мерапрыемстваў. Самымі яркімі аказаліся турыстычны злёт “Алімпія”, агляд-конкурс патрыятычнай песні “Вікторыя”, экскурсіі па раёне для маладых спецыялістаў і адкрытыя дыспуты на злабадзённыя тэмы.
З творчым аганьком падыходзяць да сваёй справа і работнікі 40 устаноў культуры раёна. Дзякуючы ім маладыя людзі маюць магчымасць і канцэрты майстроў сцэны наведаць, і з культурнай спадчынай раёна пазнаёміцца, і самім нечаму навучыцца. Так назапашваецца жыццёвы багаж. І гэта ноша становіцца тым якарам, які здольны злучыць маладога спецыяліста з месцам працы, зрадніць з незнаёмымі людзьмі, прывіць любоў да новай Радзімы…
Алена Збірэнка



