Ушанаванне маладзёжных лідараў уборачнай кампаніі па выніках абласной акцыі “Маладая Міншчына – за ўраджай!” прайшло нядаўна на базе спецыялізаванага боўлінг-цэнтра “Madison” у сталіцы. Сярод запрошаных былі і трое прадстаўнікоў нашага раёна.
Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі абласное аб’яднанне прафсаюзаў, абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і абкам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Яны ўзялі на сябе задачы сфарміраваць каманды ад кожнай вобласці, прадаставілі транспарт для дастаўкі ўдзельнікаў абласнога мерапрыемства ў Мінск і назад, арганізавалі абед, а таксама аплацілі дарожкі і арандавалі памяшканне боўлінг-цэнтра, а таксама ўзялі на сябе расходы на выплату грашовых прэмій лідарам уборачнай кампаніі бягучага года.
Валожыншчыну на абласным турніры па боўлінгу прадстаўлялі вадзіцель ААТ “Багданаўскае” Міхаіл ТАМАШЭВІЧ, загадчык майстэрняў КСУП “Манькаўшчына-2014” Віталь ПАШКОЎСКІ, які на сёлетнім жніве працаваў старшым камбайнерам, і камбайнер гэтай жа гаспадаркі Генадзь СУША. Маладыя людзі заслужылі гэта права, выдатна праявіўшы сябе на жніве: камбайнерскі экіпаж па даных на канец уборкі ўраджаю на “КЗС-1218” намалаціў 1235 тон, а вадзіцель перавёз 1338 тон збожжа.
СяргейСАДОЎСКІ
Фота Алены ГРЫБОЎСКАЙ



