Жанчыны на фота – прамое пацвярджэнне таго, што прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва могуць цудоўна спраўляцца са шматлікімі іпастасямі, якія на працягу жыцця дасылае ім лёс. Безумоўна, у першую чаргу перад намі прывабныя асобы, па-сапраўднаму мілыя, ласкавыя і вельмі жаноцкія. Разам з тым кожная – выключны прафесіянал у сваёй справе. Іх працавітасць, жаданне на выдатна выконваць даручаную работу дазваляюць ім штодзённа на працоўных месцах рэалізоўваць творчы патэнцыял, прымяняць навыкі, вопыт, расці ва ўменнях, удасканальвацца як неардынарным асобам.

Валянціна РАФАЛОВІЧ яшчэ ў маленстве не выпускала з рук нажніцы, толькі і глядзела, дзе б каму “навесці прыгажосць” на галаве. Дзіўна, але нават у той час яна ні разу не сапсавала ніводнай прычоскі. Канешне, для дасканаласці мяжы не існуе. Таму дзяўчына вырашыла вучыцца. Яна набыла прафесію цырульніка ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Калі праходзіла практыку, любіла працаваць з кліенткамі, добра адчувала іх псіхалогію. Амаль адразу зразумела: галоўнае – у кожным канкрэтным выпадку вызначыць, каго патрэбна слухаць – саму модніцу ці ўласнае сэрца. Менавіта такі падыход дапамог маладой жанчыне стаць сапраўдным педагогам. Амаль 30 гадоў яна дзеліцца сакрэтамі майстэрства цырульніка з навучэнкамі прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя. За гэты час яна і яе выхаванкі не аднойчы ўдзельнічалі ў розных конкурсах, з якіх заўсёды вярталіся з узнагародамі. Валянціна Валянцінаўна менавіта ў навучальнай установе, дзе працуе, сустрэла сваё каханне. Іх шлюбу з былым майстрам вытворчага навучання (сёння інжынер РАПТ) Аляксандрам Антонавічам ужо 24 гады. Дачка і сын выраслі. Настасся стала эканамістам, Павел выбраў прафесію таты – вучыцца на інжынера. Жыццё не стаіць на месцы. Але Валянціна, шчаслівая ў прафесіі і асабістым жыцці, не зважае на яго імклівы бег. Яна шчыра раіць жанчынам прыгожа і з годнасцю ўваходзіць у любы ўзрост, любіць і паважаць яго. А каб адчуваць сябе прывабнай, абавязкова як мага часцей наведвацца да свайго (!) цырульніка і проста быць шчаслівымі.

Упэўнена, подыумы ўсяго свету абагаціліся б, каб разам з вядомымі мадэлямі па іх дэфілявала яна – наша зямлячка Жанна Феліксаўна МЯНЦЮК. Рост, постаць, прывабны твар, неверагодная абаяльнасць… Гэту жанчыну прырода адарыла надзіва шчодра. Аднак “моднічае” яна ў асноўным на працы ў дзіцячым садзе № 3 “Пралеска”, дзе 29 гадоў з’яўляецца музычным кіраўніком. Пра тое, што музыка – яе лёс, задумалася, як толькі пераступіла парог Валожынскай ДМШ. За гады вучобы асвоіла акардэон, фартэпіяна, домру. У дыпломе, які атрымала як выпускніца Лідскага педвучылішча, значыцца “выкладчык па класе акардэона”. Толькі вось ніводнага дня не давялося ёй працаваць па гэтай спецыяльнасці. Спачатку здавалася: установа дашкольнай адукацыі ўвайшла ў яе жыццё ненадоўга. Але спецыфічная работа захапіла і нікуды не адпусціла. Зараз Жанна Феліксаўна мультыфункцыянальны спецыяліст. Яна, хоць сама спяваць не любіць, з задавальненнем раскрывае вакальныя здольнасці сваіх выхаванцаў, акампаніруе пры пастаноўцы нумароў, займаецца харэаграфіяй і нават тэатралізацыямі. Не паважаць і не любіць прывабную жанчыну і таленавітага педагога нельга. Гэта вам пацвердзяць і выпускнікі, і цяперашнія гадаванцы “Пралескі”, іх бацькі, калегі, і абавязкова любячыя муж і сын – Сяргей і Аляксандр Менцюкі. Ёй і толькі ёй, любімай жонцы, матулі, іх віншаванні ў святочны дзень. Сама ж Жанна дасылае прывітанне ўсім сваім зямлячкам і шчыра ўсклікае: “Няхай вас краскамі адорвае вясна!”

Красуня з лейтэнанцкімі пагонамі – прадстаўнік воінскай часці 30695 Лізавета БЕРАСНЕВІЧ. У мінулым годзе выпускніца Ваеннай акадэміі прыбыла ў наш горад, каб у якасці псіхолага выконваць воінскі абавязак. Глянуўшы на дзяўчыну з касой, каб не форма, ні за што не здагадаешся пра яе прыналежнасць да Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А, між іншым, яна свядома выбрала жыццёвы кірунак. Яшчэ падлеткам прыйшла да высновы: армія – яе мара і прызванне. З трох магчымых для жанчын спецыяльнасцей выбрала самую блізкую і зразумелую – практычную псіхалогію ў ваеннай справе. Падчас вучобы сярод 106 курсантаў дзяўчат было толькі двое, і ім даводзілася нараўне з юнакамі праходзіць ваенную падрыхтоўку. Лізавета, паколькі свядома прыйшла да прафесіі, з лёгкасцю ставіцца да неабходнасці насіць форму, выконваць статут, трымаць у руках зброю, здаваць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, разам з іншымі ваеннаслужачымі крочыць па пляцы. І ўсё ж, у першую чаргу яна – дзяўчына, таму ў Дзень абаронцаў Айчыны імкнецца сама дарыць віншаванні сваім калегам, а любімым святам лічыць 8 Сакавіка. Якіх падарункаў чакае лейтэнант Берасневіч? Самых крэатыўных – тых, што будуць выклікаць станоўчыя эмоцыі, жаданне ўсміхацца і літаральна сэрцам адчуваць прыгажосць жыцця, у якое толькі-толькі ўвайшла вясна.
Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ
Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць за правядзення фотасесіі павільёну “Лілія” ПГУП “Гардэнія”



