Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць

12.04.2021

У Год народнага адзінства ўдзельнікам было прапанавана творча асвятліць і развіць тэму: “Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць”. Гэта – сямейныя, дзяржаўныя, агульначалавечыя, прафесіянальныя і іншыя каштоўнасці, якія садзейнічаюць адзінству нацыі, грамадства, асобных грамадзян.

У раённым этапе прынялі ўдзел 6 вучняў устаноў адукацыі. На старонках газеты мы надрукуем лепшыя работы канкурсантаў і даведаемся, аб чым разважае наша моладзь.

Настасся ІВАНОЎСКАЯ, вучаніца 7 класа Пяршайскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа

Край мой – гонар мой

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы…

В. І. Дунін-Марцінкевіч

У кожнага з нас глыбока цепліцца ў сэрцы любоў да роднага краю, да сваіх родных мясцін. Як можна не любіць такую цудоўную “зямлю пад белымі крыламі”, нашу родную Беларусь! У кожнага чалавека яна свая, маленькая радзіма. Для мяне – гэта вёска Пяршаі. Простая, звычайная, але такая мілая і дарагая майму сэрцу мясціна. Дарэчы, адзіная ў Беларусі з такой назвай. Упершыню Пяршаі ўзгадваюцца ў 1492 годзе, з 1493-га – уласнасць віленскага біскупа Войцеха.

Кожная вулачка быццам захоўвае шматгадовую гісторыю Пяршаяў. Прыемна прайсціся па родных сцежках. Кожная з іх прывядзе ва ўтульны, дагледжаны дворык. Жывуць у вёсцы людзі розных прафесій. Хлеб, ніва, зямля, праца… Для большасці жыхароў Пяршаяў, працаўнікоў КСУП “Пяршаі-2014” – гэта не проста словы. Гэта іх жыццё, багацце і дабрабыт, шчасце і будучыня.

2021 год аб’яўлены Годам народнага адзінства. Згода, талерантнасць, yзаемаразуменне, павага адзін да аднаго – каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек ва ўсе часы. Народнае адзінства – гэта ключавая ўмова захавання незалежнасці краіны, беражлівых адносін да гістарычнай спадчыны і прымнажэння ўсяго лепшага, што было зроблена беларусамі. Нямала цудоўных людзей знайшлі сабе прытулак у вёсцы Пяршаі. У 1990-х гадах сюды пачалі прыязджаць людзі з розных рэгіёнаў былога СССР: Літвы, Казахстана, Малдавіі. Пяршайцы прынялі і немцаў, і літоўцаў, і малдаван. Яны і цяпер працуюць на палетках гаспадаркі КСУП “Пяршаі-2014”. Пра кожную вясковую сям’ю можна расказваць бясконца. Яднае ўсіх нас: і пяршайцаў, і тых, хто вымушаны быў пераехаць, – жаданне жыць у міры, ладзе і згодзе і быць шчаслівымі.

Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы! Чым паўней, глыбей, ярчэй, змястоўней будуць нашы веды аб родным краі і яго людзях, тым больш дзейсна адаб’юцца яны на фарміраванні высакароднага маральнага пачуцця: цікавасці і любові да роднага краю, глыбокай павагі да патрыятычных традыцый землякоў. Мы ганарымся нашым земляком Валерыем Францавічам Калясінскім – беларускім скульптарам, мастацтвазнаўцам, членам Беларускага саюза мастакоў; былым настаўнікам і краязнаўцам Мікалаем Мікалаевічам Ганчарыкам, які ў свой час з вучнямі аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз; настаўнікам-мастаком Марыяй Іосіфаўнай Пратасевіч-Русовіч, аўтарам больш за 150 работ, на якіх адлюстраваны краявіды Пяршайшчыны.

Вуліца В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Менавіта ў 1876 годзе бегаў па гэтых сцежках у школу В. І. Дуніна-Марцінкевіча Антон Лявіцкі (псеўданім Ядвігін Ш.) – будучы празаік, публіцыст, драматург. “…О, зямелька мая дарагая!..” – так сказаў пра маю маленькую радзіму В. І. Дунін-Марцінкевіч. Нават не верыцца, што нашы мясціны натхнілі яго на творы, якія праславілі маю любую Пяршайшчыну на ўвесь свет. Першае, што ён зрабіў, набыўшы фальварак у Люцінцы, – заняўся даследаваннем гісторыі гэтай мясцовасці. Пад уплывам гістарычных падзей, якія тут адбываліся ў час Паўночнай вайны са шведамі, з-пад пяра дудара выйшаў у свет знакаміты твор “Люцынка, альбо Шведы на Літве”. Пазнаёміўшыся з творамі Вінцэнта Іванавіча, вельмі ўражвае вобраз Навума Прыгаворкі. Захапляе тое, што і сёння ў лексіцы жыхароў вёскі жывуць прыказкі і прымаўкі, якімі карыстаўся гэты літаратурны герой.

Іду тваімі вуліцамі, вёсачка, і ганаруся. Зямля і гісторыя аб’ядноўваюць народ. Ёсць старая, як свет, ісціна: “Мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння”. І хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Мая вёсачка памятае і аднаўленне жыцця, радасць і боль, шчасце і пакуты. Штогод пратоптваюцца новыя сцежкі, але застаюцца і старыя, беражліва захоўваючы памяць пра мінулае, пра тых людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі нашу зямлю ад фашысцкай навалы. Я сёння з гонарам і пачуццём вялікай удзячнасці стаю каля помніка загінуўшым аднавяскоўцам у парку. Хіба могуць забыць мае пяршайцы гады ваеннага ліхалецця: спаленую з жыхарамі вёску Янушкавічы, вёску Мішаны (палілі тройчы), пакутны шлях 186 пяршайцаў 19 ліпеня 1943 года ад вёскі Пяршаі да Баравікоўшчыны, расстраляную юную піянерку Ядзю Трацэўскую.

Пароль неўміручасці, гарантыя і падмурак будучага – памяць пра мінулае, веданне яго. Велічная і трагічная гісторыя беларускага народа прымушае нас прыглядацца да сябе сённяшніх і запытацца ўслед за Янкам Купалам: “Адкуль мы? Хто мы? Чым слаўныя ў свеце?” Як бачым, і сёння надзённа гучаць разважанні Я. Купалы пра павагу да бацькоўскіх звычаяў, роднай мовы. Хто выракаецца роднай мовы, забывае гісторыю народа, страчвае адчуванне жыватворных каранёў, уласнае аблічча, ператвараецца ў безаблічную істоту. Гэта адзін чалавек. А калі ўвесь народ стане такім?

Наша задача як культурнай нацыі – шанаваць памяць і захоўваць традыцыі продкаў. У Пяршайскай школе дзейнічае краязнаўчы музей В. І. Дуніна-Марцінкевіча. У ім пабывала шмат гасцей, нават наведвалі яго нашчадкі. Хіба можна забыць такія сустрэчы?! Хіба можна забыць жахлівыя ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны?!

Жывуць мірна ў Пяршаях людзі розных рэлігій. Дзякуючы намаганням парафіян, сёння гучыць слова Божае ў адбудаваным у 1990-я гады касцёле Святога Юрыя і Маці Божай Шкаплернай і ў царкве Святой Алены, узведзенай у 2013 годзе. У нядзелю ідуць вернікі ў храмы, каб памаліцца і пакланіцца святыням. Нездарма кажуць, што чыстая і шчырая вера ў Бога ачышчае душы, нясе спагаду, любоў да бліжняга. Пры ўездзе ў Пяршаі ўзвышаюцца скульптура Маці Божай і два крыжы: каталіцкі і праваслаўны. Крыж – гэта самы старажытны знак у гісторыі чалавецтва. Наяўнасць крыжа азначае прысутнасць Хрыста, таму яго належным чынам ушаноўваюць. Пастаўлены на бойкім месцы паблізу дарогі, крыж выконвае сімвалічнае прызначэнне – засцерагае жыхароў вёскі ад усялякай бяды.

Куды б не вялі сцежкі-дарожкі, самая дарагая для мяне – сцежка да роднай хаты, дзе праходзіць маё дзяцінства, дзе захоўваюцца самыя светлыя ўспаміны, сямейныя традыцыі, прывіваецца любоў да Бацькаўшчыны. Без устойлівых прыярытэтаў – сям’і, умення працаваць, любові да Айчыны – сэнсу ў жыцці не знайсці. Я люблю сваю маленькую радзіму за шчырых і адкрытых, таленавітых і працавітых людзей, за бязмежна прыгожыя краявіды, за блакітныя воды роднай Пяршайкі, за маленькія сцежкі, якія заўсёды прывядуць мяне туды, з чаго ўсё пачыналася. Жыві і квітней, мая маленькая вёсачка! Няхай не засыхаюць твае гаючыя воды, буйнеюць лясы, каласуюць палі. Няхай працягваецца твая гісторыя яшчэ доўга-доўга! І хочацца верыць, што ў нас хопіць розуму, сіл і натхнення зрабіць чысцейшымі нашы жыццёвыя крыніцы, прадоўжыць лепшыя традыцыі землякоў. Панесці ў вялікі свет праз добрыя справы назву сваёй малой радзімы – роднай вёскі, у якой заўсёды жывуць душа і думкі.

Я табой ганаруся, Пяршаі.

Чырванець за цябе я не дам,

У вечнай вернасці прысягаю,

Для мяне ты, як верніку храм.

Завяршыўся чарговы раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”-2021”, які праводзіць РГА “Белая Русь” сумесна з Беларускім саюзам журналістаў пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі і інфармацыі краіны, а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэдакцый рэспубліканскіх СМІ. Галоўнай задачай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцей рэспублікі.