Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ёана, Кастусь i iншыя новыя iмёны

17.02.2016

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры было цесны ад наведвальнікаў, якія набіраліся пазітыўных эмоцый у фае, дзе выстаўляліся эксклюзіўныя работы ўмельцаў з Валожыншчыны, а потым – на канцэрце з удзелам артыстаў-аматараў. Сабраў грамаду раённы этап другога сезона рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”.

Арганізатарам і спонсарам мерапрыемства выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Як зазначыла старшыня арганізацыі В. В. Загорская, сёлета паспытаць свае сілы і ўдачу рашыліся 20 канкурсантаў, гэта больш, чым летась, вырас і ўзровень майстэрства ўдзельнікаў.

Актыўнасць праявілі пярвічкі галіновых прафсаюзаў адукацыі і навукі, райспажыўтаварыства, жылкамунгаса, маслазавода, культуры, сацыяльнай сферы. Гледачы і журы павінны былі ацаніць работы па дзвюх намінацыях: выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, сцэнічная творчасць.

Нават гледачам аказалася няпроста вызначыцца з тым, што найбольш закранула душу. Былы дырэктар СШ № 1 Я. А. Шышла, якая ўважліва пазнаёмілася з усімі экспанатамі выстаўкі, прызналася: “Гэта нейкі цуд! Колькі ў нас таленавітых умельцаў і які шырокі спектр захапленняў! Тут прадстаўлены і традыцыйныя рамёствы, наватарскія рэчы. Напрыклад, настаўніца СШ № 1 Іна Кербедзь асвоіла тэхніку “пэчворк” – карціны, выкананыя пры дапамозе фрагментаў тканіны. У стылі “квілінг” і “дэкупаж” працуюць яе калегі  Таццяна Мікулевіч і Наталля Нехвядовіч. Рада за нашу школу, ганаруся, што такая багатая яе творчая экспазіцыя…”

Шквал апладысментаў сарваў і канцэрт. Дарма, што ў некаторых выканаўцаў голас часам выдаваў хваляванне. Усё кампенсавалася душэўнасцю і лірызмам, таму ўдзячная публіка не скупілася на кветкі і крыкі “брава”.

Галоўная інтрыга любога конкурсу – хто перамог. На гэты раз меркаванні журы і “балельшчыкаў” цалкам супалі. Першы Дыплом і сертыфікат на 300000 рублёў атрымаў з рук прафсаюзнага лідара раёна Веранікі Загорскай сантэхнік РУП “Валожынскі жылкамунгас” Аляксандр Кулак. Ён прачытаў са сцэны свой верш “Восеньская казка”, а юны саксафаніст, пераможца міжнародных конкурсаў Аляксей Пашкоўскі стварыў для гэтага гукавы фон і дапамог акунуцца слухачам у адпаведны настрой.

Не засталося без высокай ацэнкі журы і “драйвовае” выступленне настаўніцкай вакальнай групы “Першаяначка”. Як жа па-заліхвацку яны спяваюць! Рэпертуар і касцюмы – арыгінальныя, зладжаны вакал. Дзявочае царства ўдала “разбавіў” Васіль Марзак, выкладчык  Чэхаўшчынскай школы-інтэрната, і ў выніку нумар атрымаўся артыстычным і запамінальным. Дыплом дастаўся і настаўніцы фізікі з СШ № 2 г. Валожына, маладому спецыялісту Ёане Смолка. Дзяўчына валодае рэдкім па сіле і прыгажосці голасам, яна, бясспрэчна, годна прадставіць наш раён на абласным этапе.

Вызначаны і майстры прыкладнога мастацтва, якіх чакаюць новыя рубяжы. Гэта выкладчыца Валожынскай ДШМ Ірына Каваленка. Яе хобі – арыгамі, працуе з вялікімі формамі, стварае непаўторныя вобразы. Рабочы па абслугоўванні будынкаў райспажыўтаварыства, мастак-аматар Анатоль Межыеўскі пакарыў публіку жывапісам, а малады ракаўчанін Кастусь Пятроўскі – вытанчаным кавальствам. Спецыяльны прыз журы панеслі дадому Іна і Аляксандр Кербедзі. Складана і пералічыць усе вырабы гэтай сямейнай пары. Тут і разьба па дрэве, і прадметы інтэр’еру, і ўнікальная мазаіка.

Шчырых слоў падзякі заслугоўваюць і астатнія ўдзельнікі конкурсу. Сваю хвіліну славы, хай сабе і на раённым узроўні, яны атрымалі. Без перабольшвання можна сказаць, што выкладчыца музыкі дзіцячага сада № 6 Рэната Казакова, бухгалтар маслазавода Софія Мацюшка, бухгалтар ТЦСАН Анастасія Валчок, настаўніцы з Ракава Алена Русецкая і Ірына Магола, выкладчыца музыкі і спеваў СШ № 1 г. Валожына Людміла Саухіна маглі б упрыгожыць любы канцэрт ці выставу і не згубіцца на абласным спаборніцтве. Не пашанцавала ім толькі ў тым, што ў Валожыне вельмі высокая канкурэнцыя сярод талентаў…

Алена ЗБІРЭНКА,

Задайте вопрос