
Калі просты французскі фарбавальшчык Жыль Габелен у XVII ст. пабудаваў у прадмесці Парыжа сваю мануфактуру, ён яшчэ не ведаў, што яго прозвішча будзе ўпісана ў сусветную гісторыю. Справа ў тым, што дываны, якія тут выпускаліся, былі настолькі прыгожымі і непаўторнымі, што людзі сталі называць іх габеленамі – у гонар заснавальніка мануфактуры.
Аднак гісторыя габеленаў, ці як яшчэ іх называюць – шпалераў, дываноў, пачалася значна раней. Тэхнікай вырабу такіх дываноў валодалі ў Егіпце і Старажытнай Грэцыі. У сярэдневякоўі габелены вешалі для ацяплення каменных сцен сабораў, замкаў і палацаў.
Найбольшага росквіту такі спосаб ткацтва дываноў дасягае ў XV-XVI стст. у эпоху Адраджэння.
На Беларусі з’яўленне габелена датуецца пачаткам XVIII ст. Вытворчасцю шпалераў пачала займацца Ганна Радзівіл. Яе сын Міхаіл V Казімір Радзівіл (Рыбанька) будуе свае новыя мануфактуры ў Альбе каля Нясвіжа, Камянцы і Карэлічах. Пры ім ткацтва дасягае найвышэйшага росквіту.
Габелен як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва актуальны і ў нашы дні. Ён зноў становіцца модным элементам афармлення жылых і рабочых памяшканняў.

Між іншым, мы, беларусы, можам ганарыцца ўзроўнем габеленавага мастацтва ў нашай краіне. Што значыць толькі адзін твор А. Кішчанкі – “Габелен XX ст.”, вытканы ў 1995 г., які за свае памеры (19х14 метраў!) быў абвешчаны самым вялікім габеленам у свеце і занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса!
У 70-я гг. XX ст. адным з першых прафесійных беларускіх майстроў габелена стала Ніна Пілюзіна, якая разам з іншымі выпускнікамі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) вывела беларускі габелен на высокі ўзровень.
Для раскрыцця задумы ў сваіх работах мастачка смела выкарыстоўвае шматлікія матэрыялы: акрамя традыцыйных натуральных валокнаў, мы бачым іншародныя (люрэкс, пластык і інш.). Смела ўводзіць нечаканыя і разнастайныя колеравыя вырашэнні, працуе ў розных стылях. Яе работы (“Легенда пра возера Свіцязь”, “Навука пра зоркі”, “Прарыў” і інш.) пранікнуты глыбінёй асабістых перажыванняў, недасказанасцю, інтрыгуюць нечаканым мастацкім вырашэннем.
Талент Н. Пілюзінай рознабаковы, яна працуе і з акварэллю, і ў тэхніцы батык…
Можна шмат гаварыць пра яе творчасць. Аднак цяпер з’явілася магчымасць пабачыць яе работы ў Валожынскім раённым краязнаўчым музеі. Каб акунуцца ў чароўны свет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і адчуць інтрыгуючыя ноткі, утканыя ў канву непаўторных твораў майстра, – запрашаем на выставу! Выстава працуе кожны дзень, акрамя нядзелі, да 5 сакавіка.
Лізавета Таўгень,
навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея



