Намеснік старшыні райвыканкама Ігар ШАКУН уручыў падзякі прыёмным маці Алене ДВАРЭЦКАЙ, Вользе ВОЛКАВАЙ, Ірыне БРЫЛЕВІЧ.
Канцэртная праграма «У цёплым сямейным коле», прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і, адбылася 15 мая ў кінатэатры «Юнацтва» райцэнтра.
Павіншаваць жыхароў горада і раёна з такім важным для кожнага чалавека святам на сцэну падняўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён заўважыў, што сям’я – гэта наша прыстань, крэпасць, што засцерагае ад усіх нягод. Асноўныя яе законы – вернасць, любоў, выхаванне дзяцей, павага, узаемаразуменне. Яна аб’ядноўвае блізкіх і родных, тых, каго мы любім, з каго бяром прыклад, пра каго клапоцімся і жадаем дабра і шчасця. У Валожынскім раёне пражывае шмат выдатных сем’яў, у тым ліку шматдзетных і прыёмных. Ігар Уладзіміравіч уручыў падзякі старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё сямейнага выхавання прыёмным маці Ірыне Феліксаўне Брылевіч, у яе сям’і цяпер знаходзяцца трое непаўналетніх дзяцей, а яшчэ чацвёра ўжо пайшлі ў самастойнае жыццё; Вользе Аляксандраўне Волкавай, якая выхоўвае пяць непаўналетніх; Алене Феліксаўне Дварэцкай, што гадуе шэсць прыёмных сыноў і дачок, самай меншай з іх – усяго адзін годзік. Намеснік старшыні райвыканкама пажадаў паважаным жанчынам, каб збываліся ўсе іх надзеі, мары і пажаданні, а дзеці заўсёды былі радаснымі і шчаслівымі.
Член праўлення РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана РАКАВЕЦ з пераможцай конкурсу малюнка Валянцінай КУЛІК.
З вітальным словам да прысутных звярнулася член праўлення раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Леанідаўна Ракавец. Яна падкрэсліла, што стваральная роля маці, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры дзяцей – гэта тыя основы, без якіх немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і і духоўнае адраджэнне грамадства, і агучыла вынікі конкурсу дзіцячага малюнка «Жаночы твар Перамогі», што праводзіла арганізацыя. Памятныя падарункі за 1-е месца атрымала вучаніца Дорскага ВПК Валянціна Кулік, за 2-е – выхаванка Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Эмілія Карніцкая, за 3-е – выхаванка Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Кербедзь. Між іншым, работа Валянціны Кулік прыняла ўдзел у выставах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і на Кургане Славы.
У Дзень сям’і таксама былі падведзены вынікі фотаконкурсу для шматдзетных сем’яў «Ад трох да бясконцасці», ініцыятарам якога выступіла раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын». Найлепш паказала сябе ў ім сям’я Максіма і Юліі Гісіч, дзе выхоўваюцца трое дзяцей – Эвеліна, Антон і Арсеній. Яны таксама атрымалі падарунак з рук Святланы Леанідаўны.
Пераможцы раённага конкурсу малюнкаў, прысвечаных Дню Дзяржаўнага герба і флага.
Узнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу малюнкаў, прысвечаных Дню Дзяржаўных герба і флага, ініцыятарам правядзення якога выступіў ГА «БРСМ», правёў першы сакратар раённай арганізацыі Уладзімір Паўлавіч Ціханоўскі. 1-е месца тут заняла вучаніца Пугачоўскага ВПК Яна Цішэвіч, 2-е – вучаніца сярэдняй школы № 2 Паліна Пратасевіч,
3-е – вучаніца сярэдняй школы № 1 Арына Пачыкоўская.
Танец «Детки-конфетки» выконвае калектыў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Саксафаніст Ягор КАЗЛОЎ.
Падчас выступлення народнага калектыву «Журавінка».
Дуэт Валожынскай ДШМ Аксаны СЕВЯРЫН і Алега КАРАНЕЎСКАГА.

Спявае Таццяна БАНДАРЭНКА.
Спявае калектыў «Вясёлыя ноткі».
Прыгожыя песні і танцавальныя нумары ў выкананні артыстаў і творчых калектываў раённага Цэнтра культуры, Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, устаноў адукацыі, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Івянецкага дома культуры і інш. стварылі непаўторную атмасферу сапраўднага свята. З асаблівым замілаваннем прысутныя сустракалі юных выканаўцаў і шчыра апладзіравалі кожнаму, хто выходзіў на сцэну.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



