Жыхарка Валожына Ірына Сяргееўна КУЛАК вызначаецца выключнай жаноцкасцю. Заўсёды з прычоскай, прыгожа апранутая, на вуснах прыемная ўсмешка. Я звярнула ўвагу на яе даўно і шмат разоў задумвалася: дзе працуе дама, так падобная да расійскага палітыка Валянціны Мацвіенка? Калі заўважыла, што часта накіроўваецца ў бок воінскай часці, не пасаромелася і пацікавілася яе заняткам. Высветлілася: Ірына Сргееўна ўжо 42 гады – у складзе калектыву гэтай больш чым сур’ёзнай арганізацыі.
Сціплая, інтраверт па натуры, яшчэ ў дзяцінстве бачыла сябе ў ціхім, утульным свеце лічбаў. Але жыццёвы шлях і прафесійнае вызначэнне складваліся няпроста. Пасля школы ўладкавалася ў калгас імя Горкага лабаранткай. Затым два з палавінай гады адпрацавала зборшчыцай на мантажна-нарыхтоўчым участку.
Аднойчы сяброўка-ваеннаслужачая падказала, што адказныя, працавітыя людзі патрэбны для папаўнення грамадзянскага складу калектыву воінскай часці. Паспрабавала і… атрымалася. Спачатку яе накіравалі ў аўтаслужбу, затым – у службу тылу. Пазней скончыла бухгалтарскія курсы і з захапленнем стала займацца любімай прафесіяй. Дзесяць гадоў служыла па кантракце. У той час насіла форму, выконвала ўсе патрабаванні армейскага статута. І зараз ганарыцца, як на выдатна здавала фізічную падрыхтоўку. Дзейнасць Ірыны Сяргееўны неаднаразова адзначана граматамі і падзякамі. Каля 20 гадоў асоба з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй узначальвала прафсаюзны камітэт.
Складана паверыць, але сёння яна – пенсіянерка. Толькі на заслужаны адпачынак адправіць такога работніка ніхто не пажадаў. Камандаванне з павагай ставіцца да вялікага вопыту і адказнасці спецыяліста. Таму І. С. Кулак натхнёна працягвае прафесійную дзейнасць.
У вялікім і дружным калектыве воінскай часці ў жанчыны з адкрытай душой безліч блізкіх людзей, што дае ёй падставу ўпэўнена сцвярджаць: “Чалавек я, без сумнення, шчаслівы!”



