Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Залаты голас. Залатое сэрца. Залаты юбiлей

23.03.2016

qweasdf1111У мінулую суботу ў кінатэатры “Юнацтва” адбылося сапраўднае свята музыкі – у суправаджэнні аркестра Маладзечанскага каледжа пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі для землякоў спяваў саліст Масканцэрта Вялянцін Сухадолец. Такім чынам ураджэнец вёскі Сакаўшчына, уладальнік чароўнага тэнара адзначыў свой залаты юбілей.

Прыхільнікі, якія прыйшлі павіншаваць любімага выканаўцу, змаглі пазнаёміцца з асноўнымі этапамі яго жыцця. Аб гэтым паклапаціліся работнікі Палаца культуры горада Маладзечна, іх сіламі падрыхтаваны відэафільм, які быў прадэманстраваны гледачам.

Як адзначыў артыст, выступленне на малой радзіме – вялікая адказнасць. Менавіта на гэтай зямлі ён зрабіў свае першыя крокі на шляху творчасці. Выпускнік Валожынскай музычнай школы ніколі не забывае сваю першую настаўніцу музыкі Ганну Антонаўну Зянько. Імкненне Валянціна да ўдасканалення прафесійнага майстэрства вылілася ў сапраўдны адукацыйны марафон. Ён выпускнік Маладзечанскага музычнага вучылішча і трох кансерваторый: Беларускай, Маскоўскай і Амстэрдамскай.

Валянцін Сухадолец – прафесіянал, майстар бельканта. Міхаіл Турэцкі, кіраўнік арт-гурта “Хор Турэцкага”, салістам якога Валянцін з’яўляўся шмат гадоў, у адным з інтэрв’ю адзначыў: “Незаменных няма, ёсць непаўторныя. Вялянцін – менавіта такі”.

Са сцэны гучалі лепшыя вакальныя творы, якія складаюць рэпертуар самых знакамітых тэнараў свету. Парадаваліся гледачы магчымасці паслухаць і нават спець разам з выканаўцам вядомыя і любімыя песні, але больш за ўсё кранулі сэрца валожынскай публікі нумары, калі Валянцін спяваў на беларускай мове. З вуснаў спевака нечакана было чуць трапныя каментарыі і словы ўдзячнасці, што таксама гучалі па-беларуску. Прыемна ўразіла свабода, з якой наш зямляк валодае родным словам.

Назіраючы за спрытным, стыльным і элегантным артыстам, слухаючы непаўторны тэмбр яго шыкоўнага голасу, кожны з прысутных з цяжкасцю ўсведамляў – чалавеку на сцэне 50 гадоў.

Гэтак жа лёгка, як спявае, ён ідзе і на кантакт з публікай. Пасля выступлення Валянцін з задавальненнем фатаграфаваўся з жыхарамі і гасцямі горада. Дарэчы, у зале было некалькі прыхільніц, якія прыехалі на канцэрт любімага артыста аж з Расіі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос