Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Прыгажуні дораць прыгажосць

11.06.2021

Калі ў арганізацыю прыходзяць маладыя спецыялісты, значыць, у яе калектыву ёсць будучыня. Сёння ў камбінаце бытавога абслугоўвання такіх спецыялістаў двое. Гэта Дзіяна СЕВЯРЫН і Юлія ЦАЮН. Выпускніцы СШ № 1  адначасова з’яўляюцца выпускніцамі Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Юныя цырульніцы кожная па-свойму прыйшлі да складанай, але вельмі няпростай і бязмежна творчай прафесіі.

  Дзіяна Севярын імкнулася да працы ў сферы прыгажосці з маленства. Спачатку прычэсвала лялек, затым самавызначалася ў пляценні кос на малодшай сястры. Паступова заручылася даверам бацькоў.  Дзяўчына ў асноўным працуе ў мужчынскай зале. Кірунак спецыялізацыі выбрала свядома. Лічыць, што стрыжкі прадстаўнікоў моцнай палавіны чалавецтва ёй удаюцца асабліва. Усё ж малады майстар не абдзяляе сваёй увагай і жанчын. Сямнаццацігадовая няўрымслівая асоба паспела скончыць спецыяльныя курсы па манікюру і педыкюру, таму ў будучыні плануе актыўна аказваць і гэтыя паслугі (вопыт ужо ёсць). Дзіяна не бачыць сябе больш ні ў якой справе. Праца з валасамі, доглядавыя працэдуры – той свет, у якім збіраецца дабіцца вышынь.

   Юлія Цаюн пасля таго, як вывучылася на цырульніка, атрымала яшчэ і спецыяльнасць мастака-мадэльера. Калі першае паступленне адбылося спантанна (не паступіла на псіхолага), то другое стала наступнай прыступкай у імкненні выканаць пэўны план, што ўзнік ужо ў час вучобы. Разумніца Юля не адмовілася ад мары пра вышэйшую адукацыю, але і ў спецыяльнасці, што паспела набыць, мае жаданне сказаць сваё слова. Старанне і цярпенне маленькай унучкі  калісьці заўважыла бабуля. Яна і стала першай мадэллю для эксперыментаў. Да бялявай дзяўчыны наведвальніцы жаночай залы цырульні РКБА прыглядваюцца ўважліва. І не дзіва, працуе яна старанна, так бы мовіць, з душой.  Многія кліенткі паспелі пабываць у яе крэсле не адзін раз. Больш вопытныя калегі ўпэўнены: майстар з дзяўчыны будзе. Аднак адразу ж адзначаюць, што такой інтэлектуалцы неабходна вучыцца далей. Магчыма жыццёвае крэда Юлі “Не люблю, калі хтосьці робіць лепш за мяне” дапаможа ёй дасягнуць поспехаў і ў яе сённяшняй прафесіі, і ў той, да якой працягвае імкнуцца.

11 06 2021 43

Задайте вопрос