У Маладзечне адбыўся юбілейны XX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021”. Многія валожынцы скарысталіся магчымасцю пабываць на гэтым грандыёзным свяце.
На музычна-паэтычны форум у культурны цэнтр Міншчыны сабраліся спевакі, паэты, музыканты, кампазітары, творчыя калектывы. Праграма была насычана конкурсамі і канцэртамі, выставамі, спектаклямі, літаратурнымі праектамі, дзіцячымі і маладзёжнымі інтэрактывамі. Незабыўнае ўражанне пакінуў аб сабе кірмаш народных майстроў.
Свае выставы прадэманстравалі тут і прадстаўнікі Валожыншчыны: народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Наталіі Кліменак, народны майстар Беларусі Хрысціна Лямбовіч і Святлана Ярашэвіч з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, член Беларускага саюза майстроў Алег Капуста, Вольга Харлінская і Сяргей Пупко з Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў.
На працягу двух дзён працавала і інтэрактыўная пляцоўка “Валожыншчына літаратурная” народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Яго кіраўнік Наталля Жылевіч, паэты Людміла Садоўская, Наталля Жызнеўская, Марыя Мучынская, Галіна Гражынская і Аляксей Герман дзяліліся сваёй творчасцю. Пляцоўка выклікала вялікую зацікаўленасць у людзей рознага ўзросту. У жадаючых была магчымасць набыць зборнікі валожынскіх аўтараў.
Сваю выставу прадстаўляла і Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка. Асаблівай увагай карысталася экспазіцыя партрэтаў “Знакамітыя землякі”, аўтарам якой з’яўляецца Дзіяна Гасціловіч.
На сцэне, што знаходзілася на цэнтральнай плошчы, канцэртную праграму прадставіў народны ансамбль народнай песні”Сваякі” Валожынскага раённага Цэнтра культуры. Маладзечанцы і госці горада вельмі цёпла сустракалі кожны нумар у іх выкананні.
Упершыню на фестывалі адбыўся парад духавых аркестраў вобласці. Зводны аркестр, у які ўвайшлі вядучыя калектывы Міншчыны са Слуцка, Смалявічаў, Вілейкі, Маладзечна і Старых Дарог, накіраваўся на цэнтральную плошчу горада, дзе сыграў пяць цудоўных твораў беларускіх кампазітараў. Урачыстасці таму, што адбывалася, дадавалі тры групы мажарэтак з Вілейкі, Стоўбцаў і Слуцка.
Традыцыйна, галоўнай падзеяй свята музыкі і слова стаў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Узнагароджанне лаўрэатаў адбылося на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю ў Летнім амфітэатры. Пасля ўвазе гледачоў была прадстаўлена прэм'ера канцэртнай праграмы “Талака”, прысвечаная памяці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і знакамітага піяніста і аўтара песень Ігара Паліводы. У ёй прынялі ўдзел салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Яркі святочны феерверк завяршыў першы фестывальны дзень.
Увечары 12 чэрвеня прайшоў заключны гала-канцэрт “Маладзечна – насустрач шлягерам” з удзелам лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў і зорак беларускай эстрады: Аляксандра Саладухі, ансамбляў “Верасы” і “Песняры”, Кацярыны Муратавай, Леаніда Захлеўнага і ансамбля “Бяседа”, Алёны Ланской, Вікторыі Алешка, Жанет і інш. Завяршыла праграму песня “Прыязджайце да нас у Беларусь” Алега Елісеенкава.
Фестываль у Маладзечне, які даўно стаў брэндам нацыянальнай песні і паэзіі, як звычайна атрымаўся вельмі цёплым і душэўным. Ён у чарговы раз адчыніў дзверы ў цудоўны свет мастацтва і сапраўднай беларускай музыкі.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



