Пра такіх людзей, як наш госць, расійскі паэт Мікалай Ціханаў у паэме “Балада о гвоздях” пісаў: “Гвозди б делать из этих людей: крепче б не было в мире гвоздей…” І творца не памыліўся. Ёсць сярод нас асобы, чые характары, погляды, словы і справы – нібы з неверагодна трывалага сплаву высакаякасных металаў. Калі сказаў – зрабіў, калі зрабіў – гатовы адказваць за вынік. Вось такі і ён, наш Генадзій КАСПЯРОВІЧ – гаспадар, кіраўнік, муж, бацька і дзядуля, працавіты селянін, жартаўнік і (гэта прынцыпова) сапраўдны дубінец, чый юбілей шырокае кола сяброў адзначыць заўтра, 3 ліпеня.
– Генадзій Вацлававіч, дазвольце і мне ад імя рэдакцыі раённай газеты павіншаваць Вас з шыкоўнай датай – 60-годдзем. Жадаем здароўя і бадзёрасці, здзяйснення мар і спадзяванняў,100-працэнтнага выканання рэальных планаў. Шчырае дзякуй за шматгадовае супрацоўніцтва з нашым выданнем!
– І Вам дзякуй! Заўсёды лічыў, што “Працоўная слава” для валожынцаў – “наша ўсё”.
– Як і вёска Дубіна, яе жыхары і гаспадарка, дзе яны шчыруюць. Але ж наколькі мне вядома, Вы дубінец не карэнны.
– У мяне тры малыя радзімы. Кожная з іх – вялікая любоў, што назаўсёды ў сэрцы. Нарадзіўся і да 12 гадоў жыў у вёсцы Буні, затым наша сям’я пераехала ў Багданава, дзе бацька працаваў ляснічым, ну і самае лепшае месца на свеце – тое, дзе жыву 36 гадоў. Усе населеныя пункты, з якімі звязаны старонкі маёй біяграфіі, вызначаюцца прыгожымі краявідамі, добрымі людзьмі і своеасаблівымі традыцыямі.
– Часта месцы, дзе прайшло дзяцінства, з’яўляюцца нам у снах… У Вас так бывае?
– Пастаянна. Пасля такіх сноў адчуваю сябе памаладзеўшым. А як жа – у дзяцінстве пабываў!
– Бацька быў прафесіяналам лясной справы, а дзе працавала матуля?
– Маці – педагог. Вучыла пачатковыя класы.
– Хто з бацькоў аказаў найбольшы ўплыў на фарміраванне характару сына?
– Гены – рэч упартая. Хоць бацька быў моцна заняты на рабоце, а ўжо ў 40 гадоў пайшоў з жыцця – я больш падобны на яго. Але маці заўсёды была побач, вучыла толькі, так бы мовіць, разумнаму, добраму, вечнаму. Канешне, ідэальнага чалавека яна з мяне не вылепіла (ды і хто з нас ідэальны?). Але асноўныя рысы, за якія мне не сорамна, адшліфавала добра. А ячшэ перадала ўласную любоў да матэматыкі.
– А прафесіяй не заразіла, як і бацька…
– Так, яшчэ ў школе зразумеў: настаўніцтва – не маё. Для гэтага я занадта інтраверт. А лес таксама не падыходзіць, бо для ляснога чалавека я не дастаткова інтраверт. Парадокс, канешне. З дзяцінства любіў зямлю, паважаў тых, хто на ёй працуе. Праўда доўгі час збіраўся сваю адданасць Радзіме пацвердзіць клопатам пра яе абарону. Спадзяваўся стаць афіцэрам. Здароўе падвяло – не прайшоў камісію. Такім чынам адзіная альтэрнатыва сельскай гаспадарцы адпала сама сабой. У выніку скончыў Гродзенскі сельгасінстытут.
– Чаму выбралі спецыяльнасць агранома?
– Бо гэта аснова асноў аграпрамысловага комплексу, ад якой залежаць і жывёлагадоўля, і пераапрацоўчая прамысловасць.
– “Выходил на поля молодой агроном…” Памятаеце гэту песню?
– Хто ж з майго пакалення не помніць? Амаль гімн прафесіі!
– І на якія ж палі ўпершыню выйшаў дыпламаваны аграном Каспяровіч?
– На Падбярэзскія. У гэту гаспадарку, дзе адбылося галоўнае маё прафесійнаё знаёмства з Зояй Макараўнай Задора, прыехаў па размеркаванні. Адтуль у хуткім часе мяне пераманіў старшыня калгаса “Зара” Барыс Сцяпанавіч Молчан. Помню свой першы прыезд у Дубіну. Вёска, мякка кажучы, не ўразіла. Подберазь у параўнанні з ёй была амаль горадам.
– Але ж не ўцяклі?
– Штосьці зачапіла. У першую чаргу – працавітыя жыхары. Літаральна перад маім прыездам кіраўніком калгаса прызначылі Іосіфа Іосіфавіча Ключніка. Мы шмат гадоў працавалі разам. Стараліся зрабіць усё магчымае, каб пазбавіць “Зару” антытытула “Горшая гаспадарка”.
– Зараз Дубінское прадпрыемства ў авангардзе. Колькі працы ўкладзена ў падобны рывок!
– Гэты, як Вы сказалі, рывок расцягнуўся на гады. Каб выбіцца ў лідары, нам патрэбна было папацець, дабіцца, каб кожны пазл у галаваломцы пад назвай “поспех” стаў на месца. У першую чаргу зрабілі стаўку на высокапрафесійныя кадры. Сёння ў калектыве каля 300 чалавек, з якіх кожны там, дзе можа дасягнуць пэўных паказчыкаў. Затым – будаўніцтва, развіццё жывёлагадоўлі. Стараемся.
– За што перажывае сёння кіраўнік вялікай сельскагаспадарчай арганізацыі?
– Так, гаспадарка буйная. Працаўнікоў шмат. Ёсць маладыя кадры. Яшчэ б прыехалі. А ў нас няма ні школы, ні дзіцячага сада. Гэты факт моцна зніжае перспектыўнасць ААТ “Агра-Дубінское”. Спадзяюся, у будучыні праблема будзе вырашана.
– Пра Вас гавораць: “Каспяровіч народжаны для таго, каб змагацца з праблемамі…”
– Я і сапраўды люблю цяжкасці. Менавіта вырашэнне складаных, так званых, невырашальных пытанняў дае магчымасць мабілізаваць усе жыццёвыя рэсурсы і зрабіць чарговы крок наперад.
– Што ж, цяжкасці любіце… А чаго не церпіце?
– Люта ненавіджу гультайства. Радуюся, што ў калектыве дубінскіх аграрыяў такіх няма. Безумоўна, за доўгія гады работы з падобнай бядой даводзілася змагацца. Былі такія, з кім развітваўся. Гэта балючы працэс. Я заўсёды даю людзям шанц, як магу, змагаюся за кожнага. Але, на жаль, нават у нашым дружным калектыве здараліся “працаўнікі”, дастукацца да якіх мы не здолелі.
– Дзесьці чытала, што за кожным моцным мужчынам стаіць не менш моцная жанчына. Ведаючы Людмілу Сафронаўну, дапускаю, што гэта якраз Ваш выпадак.
– Упэўнены: за ўсё, што ў жыцці зрабіў годнага, як чалавек і кіраўнік, патрэбна даць ордэн маёй жонцы. Гэта не жарт. Ёй і толькі ёй абавязаны ўсім, што маю. У той час, калі я ад цямна да цямна прападаў на рабоце, яна гадавала дзяцей, пыніла нашу хатнюю гаспадарку, стварала ўтульнасць у доме. Шчыра прызнаюся, як выраслі дзеці, нават не заўважыў. Моцна пра тое шкадую. Зараз скарыстоўваю кожную магчымасць, каб не прапусціць дзяцінства ўнукаў. Іх у нас чацвёра. Ганаруся іх прыхільнасцю да дзядулі і пэўным сваім аўтарытэтам у іх асяроддзі.
– У што верыце?
– Веру ў Бога, хоць і не вельмі рэлігійны, у розум, у сяброўства, у любоў.
– З кім камфортней мець зносіны: з мужчынамі, ці з жанчынамі?
– Увогуле без розніцы, галоўнае, каб чалавек быў з табой на адной хвалі. Аднак прызнаюся, мяне па жыцці суправаджаюць цудоўныя жанчыны. Маці, цешча (іх, на жаль ужо няма), жонка, дзве дачкі. І ў камандзе саратнікаў таксама шмат разумных, матываваных на поспех жанчын, якія здолелі справіцца з досыць складанымі сітуацыямі, атрымаць некалькі спецыяльнасцей, знайсці сябе на новым месцы ў нашай Дубіне.
– Мяне кранае Ваша прыхільнасць да гэтай вёскі. Між іншым, яе калісьці не хвалілі…
– Так, яшчэ Стары Улас пісаў, што сюды лепш не сунуцца, бо могуць і лупцоўкі даць, і абрабаваць. Яшчэ некалькі часу таму ніводнае вяселле тут не абыходзілася без бойкі. Нездарма ж па адной з версій назва Баяры (Дубіна Баярская) паходзіць ад слова “ваяры”. Зараз ад ваяўнічасці той нічога не засталося. Наадварот, мы – сталіца гумару нашай Валожыншчыны!
– Гумар і дубінцы… Гэта асобная размова. Некаторыя выказванні і паходжанне мянушак я нават не разумею.
– Каб жартаваць, як дубінцы, трэба быць дубінцом. Не, не па паходжанні, а менталітэце. Большасць з нас, хоць і прыезджыя, душой перарадзіліся ў мясцовых. А наконт спецыфічнасці творчасці… Мне асабіста падабаецца выказванне: “Трымайся! Зубамі за паветра. Але трымайся!”. Хто гэта прыдумаў – невядома, але гутарка тут пра бязмежны аптымізм і здольнасць выжываць у любых умовах. Мне вельмі пасуе. Ці яшчэ. Пытанне: “Калі разлічышся?” Адказ: “На тым свеце вугельчыкамі!”. Вось такі фальклор. Не адназначны, але я асабіста яго разумею.
– Ведаю, што заўсёды падтрымліваеце правядзенне дубінскога свята гумару.
– Інакш нельга. Людзям патрэбны і хлеб, і відовічшы. Самае цікавае, што сёння зберажэннем дубінскіх традыцый займаюцца людзі – па паходжанні не дубінцы. У свой час цэлы культурны пласт падняла Тамара Каляда (дарэчы, прыезджая). Нізкі паклон ёй за гэта. Шчырае дзякуй і калектыву “Дубінскія фанабэры”, што стаў сапраўдным брэндам. Карацей кажучы, шар зямны і нашу вёску, у тым ліку, наперад штурхаюць энтузіясты.
– Хачу запытаць, ці любіце адзначаць Дзень нараджэння?
– Так склалася, што маё асабістае свята супала з Днём вызвалення Беларусі і Днём горада. Таму маё нараджэнне трохі згубілася. Але не крыўдую. Тым больш, што ўвагі хапае. Родныя і сябры ніколі не забываюцца, нягледзячы ні на што.
– Што ж, Генадзій Вацлававіч, ячшэ раз з юбілеем Вас! Няхай удача і аптымізм ніколі не здраджваюць. Дарэчы, маеце магчымасць напярэдадні 3 ліпеня павіншаваць усіх жыхароў Валожыншчыны.
– Дарагія мае землякі! У галоўнае дзяржаўнае свята зычу ўсім міру і дабрабыту. Самае асноўнае – заставайцеся заўжды здаровымі. І бярыце прыклад з дубінцоў, якія могуць пасмяяцца нават у самай безнадзейнай сітуацыі. Пасля чаго звычайна нараджаецца думка: “А ці такая ўжо яна і безнадзейная, тая сітуацыя?”.
Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



