Напрыканцы сакавіка прыклад павагі да старасці падалі валанцёры сельскагаспадарчага прафліцэя.
Другакурснікі Вадзім Зянько, Дзмітрый Навіцкі і Максім Ліштван на чале з першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Аленай Грыбоўскай дапамагалі ва ўборцы прысядзібнай тэрыторыі ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Фамічу Радыну з Брылькоў. Маладыя людзі выдалілі з падворка лісце і сухое галлё, пагутарылі з франтавіком. Ардэнаносец быў шчыра ўдзячны маладым людзям, а яны, у сваю чаргу, па-добраму парадаваліся захаваным праз гады спрыту, увішнасці і любові да чысціні прадстаўніка легендарнага пакалення.
На рэспубліканскі форум для актыву ГА “БРСМ” з ліку працоўнай моладзі, які нядаўна адбыўся ў сталіцы, наш раён прадстаўлялі спецыяліст сектара інфармацыйных тэхналогій філіяла “Белаграпрамбанка” ў Валожыне Віталь Башылаў і падагог-арганізатар гімназіі № 1 райцэнтра, выхавальнік групы прадоўжанага дня Вераніка Рубацкая.
У рамках мерапрыемства маладыя людзі наведалі Мінскі гадзіннікавы завод, паўдзельнічалі ў рабоце секцый і майстар-класаў. Затым усіх чакалі дыскусіі ў адкрытым дыялогу на тэму “Каштоўнасныя арыенціры працоўнай моладзі сучаснай Беларусі” . У завяршэнне форуму яго ўдзельнікі адпачылі душой на канцэртнай праграме “Заграніца” Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.
Сярэдняя школа № 2 стала месцам правядзення раённага этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабра”, прысвечанага 25-годдзю ўтварэння ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.
Сёлета ў ім удзельнічалі 7 каманд з навучальных устаноў райцэнтра, Багданава, Вішнева, Гародзькаў, Пяршаяў і Ракава. Спаборніцтва праводзілася па намінацыях “Будзь гатовы”, “Цімураўская зорка” і “Цімураўцы новага дня”. І калі па трэцяй намінацыі пераможцы не вызначыліся, у дзвюх папярэдніх у бясспрэчныя лідары выйшлі агітбрыгады СШ № 2 і гімназіі № 1 Валожына.
Некалькімі днямі пазней стартаваў занальны агляд конкурс у Маладзечне, на якім Дыплом I ступені атрымалі юныя актывісты з сярэдняй школы № 2. 16 красавіка “запальваць касцёр” яны будуць на абласным этапе агляду-конкурсу.
Сяргей САДОЎСКІ



