Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ветэраны заўсёды ў авангардзе

19.07.2021

Д. В. СЦЕФАНОЎСКАЯ.

Раённы Савет ветэранаў запрашае да ўдзелу ў цікавых конкурсах жыхароў раёна, што выйшлі на заслужаны адпачынак і пры гэтым захавалі актыўную грамадзянскую пазіцыю, далі волю творчым памкненням, актыўна прапагандуюць здаровы лад жыцця, займаюцца добраўпарадкаваннем сядзіб, кватэр і пад’ездаў.

Конкурс пярвічных ветэранскіх арганізацый праводзіцца ў наступных намінацыях: “Клапатлівы сусед” (адлюстроўваецца развіццё валанцёрскага руху па прынцыпе “Ветэран – ветэрану”), “У авангардзе патрыятычных спраў” (удзел у патрыятычным выхаванні моладзі), “Духоўнасць. Культура. Здаровы лад жыцця” (паказваюцца актывісты рэлігійных арганізацый, творчых калектываў, прыхільнікі фізічнай культуры), “Арганізацыя работы пярвічкі” (адлюстроўваецца дзейнасць пярвічных ветэранскіх арганізацый).

“Ветэранскі падворак” – яшчэ адзін конкурс, у якім можа прыняць удзел любы чалавек паважанага ўзросту з горада ці вёскі, што пражывае ў прыватным доме ці кватэры шматпавярхоўкі. Тут ёсць магчымасць самавызначыцца ў такіх намінацыях, як “Ад прыроды – матэрыял, ад майстроў – талент” (падзелкі з дрэва, агародніны, садавіны), “Кветкавая фантазія” (кветкавае афармленне), “Сабе на карысць” (нарыхтоўкі з таго, што вырасла на прысядзібным участку), “Я на падвор’і не адзін” (наяўнасць хатніх жывёл), “Кветнік ля пад’езда” (адлюстроўваюцца кампазіцыі з кветак ля пад’ездаў, вырабы з дрэва і іншых матэрыялаў, якія размяшчаюцца ля шматкватэрных дамоў), “Добраўпарадкаванне ферм” (стварэнне адмысловых умоў працы для работнікаў МТФ, добраўпарадкаванне тэрыторый, кветнікі і дрэвы), “Лепшая прэзентацыя конкурсу”.

Удзел у кожным з кірункаў магчымы да 1 верасня бягучага года. Пасля падвядзення вынікаў раённага этапу пераможцы ў асобных намінацыях прадставяць раён на вобласці. Заяўку неабходна падаваць у раённы Савет ветэранаў (кіраўнік Таццяна Фёдараўна Ціганіна). Адрас структуры: г. Валожын, плошча Свабоды, 4 (другі паверх), тэлефон 62814. Пры жаданні можна тэлефанаваць і ў рэдакцыю “Працоўнай славы”.

ВОСЬ ЯНА – АКТЫВІСТКА!

Старт раённаму конкурсу мы даём з прадстаўлення старшыні ветэранскай арганізацыі раённага камбіната бытавога абслугоўвання Дануты Сцефаноўскай. Хаця, канешне, большасць жыхароў райцэнтра добра ведаюць Дануту Вікенцьеўну і як старэйшага работніка арганізацыі, з якой звязана ўся яе працоўная дзейнасць, і як адну з актывістак касцельнага камітэта прыхода Святога Юзафа. А яшчэ перад намі адмысловая гаспадыня, апантаны кветкавод і выключная кулінарка.

Працоўны стаж Д. В. Сцефаноўскай у РКБА складае 56 гадоў. Пры гэтым прыёмшчыкам заказаў яна працуе і сёння. Дзе бярэ няўрымслівая асоба сілы і энергію на ўсе справы, як здолела захаваць жыццялюбства і бязмежны аптымізм пры безлічы жыццёвых праблем і турбот? Яе адказ вельмі просты: “Сакрэт у каранях”. Яна нарадзілася і вырасла ў Івянцы, дзе спакон веку жанчыны літаральна спаборнічаюць між сабой за пальму першынства ў кірунку ўмення весці гаспадарку. Да таго ж яе яшчэ ў дзяцінстве прывучылі да святой імшы. Праз усё жыццё адданая каталічка пранесла рэлігійнае светаўспрыманне, і ніякія перашкоды не здолелі пахіснуць яе веру. Сёння яна не проста вернік, а прыхаджанка, што з ахвотай выконвае любыя даручэнні святара, у прыватнасці, выключна на добраахвотнай аснове вядзе касцельную бухгалтэрыю.

Данута Вікенцеўна заўсёды была вялікай аматаркай раслін. Назіраць прыгажосць, клапаціцца пра яе зберажэнне для чалавека з адчувальнай душой – і абавязак, і вялікая радасць. Калі быў жывы муж, ва ўсім падтрымліваў жонку. Зараз, пасля таго, як аўдавела, жанчына многія рэчы робіць ці ўспрымае як даніну памяці свайму вернаму спадарожніку. Нядаўна пры падтрымцы суседзяў, калег і даўніх сяброў – мужа і жонкі Карачуноў – прыладзіла на сцяну дома выяву Маці Божай, зрабіўшы штосьці накшталт алтара. Абапал падвесіла кашпо з кветкамі. Атрымалася прыгожа і кранальна.

Кветкам – петуніі, юцы, герані, лілеі, самшыту і іншым – знайшлося месца і ў невялікім агародчыку ля дома, і на двары, і нават на верандзе.

Дарэчы, у дзень, калі да паважанай валожынкі завіталі мы са старшынёй раённага Савета ветэранаў Таццянай Ціганінай, на століку пад навесам нечаканых гасцей чакаў прыемны сюрпрыз – смачнае і неверагодна прыгожае жэле. Шыкоўны дэсерт майстрыха, якая з’яўляецца спецыялістам у розных галінах кулінарыі, упрыгожыла свежымі ягадамі. Скажу шчыра: візіцёры атрымалі асалоду.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара