Жыхары вуліцы Маладзёжнай аграгарадка Гародзькі – людзі дружныя і гасцінныя, сапраўдныя гаспадары. Працаваць і адзначаць святы ўмеюць як ніхто.
Напярэдадні Новага года іх творчы падыход да святочнага ўбранства дамоў і прысядзібных участкаў ацаніў старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч. Яўгеній Міхайлавіч асабіста выказаў падзяку гародзькаўскім актывістам і тут жа прапанаваў ім выбраць сабе падарунак ад раённай улады. Разумныя, практычныя людзі, што ўмеюць лічыць не толькі ўласныя грошы, але і ашчадна ставіцца да дзяржаўных рэсурсаў, параіліся і спыніліся на аздабленні дзіцячай пляцоўкі. Патрэбна адзначыць, што ў большасці жыхароў вуліцы дзеці даўно выраслі, а ўнукі, калі яны ёсць, жывуць не ў Гародзьках, аднак у цэлым у вёсцы дзяцей шмат, і месца іх адпачынку не можа не турбаваць кожнага, хто клапоціцца пра будучыню роднай Валожыншчыны і краіны ў цэлым. У выніку ў самым цэнтры населенага пункта з’явіліся яркія, дабротныя аб’екты для дзіцячых забаў. Юныя жыхары і госці вёскі з задавальненнем гушкаюцца на арэлях, коўзаюцца на горцы, робяць практыкаванні на турніках, а іх таты і матулі, дзядулі і бабулі з замілаваннем назіраюць за імі з альтанкі ці лавак, што спецыяльна размясцілі ў цяньку ля клёнаў і рабін.
Дарэчы, на раённым Свяце працы старанні дружнага калектыву суседзяў былі адзначаны спецыяльным дыпломам, які атрымала старшыня сельвыканкама Ганна Садоўская.



