Аляксей САДОЎСКІ – камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Валожына, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях служыць ужо тры гады.
Да гэтага Аляксей Леанідавіч працаваў трэнерам-выкладчыкам па дзюдо. Працаваць з дзецьмі маладому чалавеку падабалася, але не хапала адрэналіну. Хацелася чагосьці новага, чаго яшчэ не спрабаваў. Таму, калі прапанавалі пайсці служыць у МНС, ён згадзіўся. І не памыліўся: усе чаканні апраўдаліся. Толькі вельмі цяжка бачыць гора людзей, кожнаму хочацца дапамагчы, але бывае такое, што з-за позняга паведамлення аб пажары не заўсёды гэта ўдаецца.
Спачатку складана было прывыкаць да новага віду дзейнасці, калектыву. Але, калі ёсць надзейныя таварышы, усё абавязкова атрымаецца. Асабліва Аляксей Леанідавіч удзячны Вадзіму Пасеку, які тады быў камандзірам аддзялення. У любую хвіліну можна было звярнуцца да гэтага чалавека па дапамогу. Ён спакойным тонам, без мітусні ўсё тлумачыў і паказваў.
Першы пажар для маладога чалавека адбыўся, калі праходзіў навучанне ў цэнтры ІППК у Светлым Гаі. Гарэў жылы дом. Да сённяшняга дня ён памятае тое жудаснае хваляванне, усплёск адрэналіну і моцнае жаданне хутчэй дапамагчы, не спазніцца. Але больш запомніўся выезд на першае дарожна-транспартнае здарэнне. Тады ў аварыі вельмі моцна пацярпеў чалавек і трэба было яго дэблакаваць з аўтамабіля. Гэта вельмі страшнае відовішча.
За непрацяглы час службы Аляксей Садоўскі зарэкамендаваў сябе як адказны і дысцыплінаваны работнік. Калегі цэняць яго за гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Малады чалавек з’яўляецца членам каманды аддзела па гіравым спорце і лыжах, якая ў 2019 годзе ў спаборніцтвах па шматбор’і выратавальнікаў заняла ганаровае 1-е месца.



