Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Легенда службы

23.07.2021

Амаль 25 гадоў свайго жыцця аддаў службе выратавання старшы прапаршчык унутранай службы запасу Анатоль БІТЭЛЬ. Да выхаду на заслужаны адпачынак ён быў камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 вёскі Сакаўшчына.

Анатоль Вацлававіч у юнацтве нават і не думаў, што будзе працаваць у сілавых структурах. Розныя варыянты разглядаў. Але калі вярнуўся ў 1994 годзе з войска, нейкае ўнутранае пачуццё падказала, што ён павінен стаць выратавальнікам. Больш годнай і патрэбнай прафесіі для сябе не ўяўляў. І цяпер, ужо на пенсіі, мужчына ўпэўнены: ён зрабіў правільны выбар.

    Службу малады чалавек распачаў у 1995 годзе на пасадзе камандзіра аддзялення асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы вёскі Падбярэззе. Пасля праходжання першапачатковай падрыхтоўкі быў пераведзены камандзірам аддзялення асобнага паста вёскі Сакаўшчына. У баявым разліку была ўсяго адна машына АЦУ-10(3307). Толькі праз два гады атрымалі рэзервовую АЦ 30(5312)106В. З часам аснашчанасць машын палепшылася, ды і аўтапарк абнавіўся. У 2017 годзе ў падраздзяленні з’явіўся АТ 5,0-40(530905) МАЗ, дзякуючы чаму працягласць працы на пажары без запраўкі цыстэрны павялічылася ўдвая. За гады ручны інструмент змяніўся на механізаванае абсталяванне: бензарэзы, бензапілы, гідраўлічны “Holmatro”. Сталі іншымі і бытавыя ўмовы, аднавіўся навучальны клас і пункт сувязі паста.

    Першым для Анатоля Вацлававіча пажарам стала загаранне дома ў вёсцы Стайкі. Як аказалася, гаспадары наводзілі парадак на прысядзібным участку, спальвалі смецце, але з-за ветранага надвор’я вогненная стыхія выйшла з-пад кантролю. Дзякуючы зладжаным дзеянням асабовага саставу, удалося адстаяць дом і гаспадарчую пабудову. На шчасце, людзі тады не пацярпелі.

    Адным з самых запамінальных выпадкаў за гады службы стаў пажар у Лаўскім Бродзе, дзе гарэла поле з пажніўнымі рэшткамі. Там была задзейнічана вялікая колькасць тэхнікі. І ўсё б скончылася значна хутчэй, калі б не парывісты вецер, які імгненна падхопліваў агонь і разносіў яго па ўсім полі. Існавала пагроза не толькі для жыхароў вёскі, але і для выратавальнікаў.

    Анатоль Вацлававіч вывучыў не адзін дзясятак маладых байцоў. І кожны з іх з асаблівай павагай ставіцца да свайго настаўніка, чалавека, які дапамог зразумець усе асаблівасці і тонкасці пажарнай службы. Калегі аднагалосна характарызуюць мужчыну як майстара сваёй справы і яркі прыклад для маладога пакалення.

     Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Бітэль узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” III ступені, а таксама нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь “Выдатнік”, падзякамі райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Мінскай абласной арганізацыі ТВВОД.

Задайте вопрос