Першае ўпамiнанне ў летапiсах аб вёсцы Дубіна датуецца 1496 годам, а значыць, сёлета ёй спаўняецца 525 гадоў. Гэта даволi сталы ўзрост.
За час існавання населены пункт і яго наваколле вельмі змянiліся. Многiя жыхары, як птушкi, выпырхнулi з роднага гнязда i разляцелiся па свеце. Але для кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў, няма мясцiн, даражэйшых за край, дзе нарадзiўся i правёў дзяцінства, юнацтва. Таму да юбiлею рыхтуюцца не толькi цяперашнiя насельнікі вёскі, але i тыя, хто некалі пачынаў свой шлях з яе мілых сэрцу сцяжынак.
Энтузiясты вырашылi падарыць усiм, чый лёс звязаны з гэтым населеным пунктам, кнiгу “Ёсць такая Дубiна”. Вельмi хочацца, каб традыцыi цёплай дубiнской гасцiннасцi перадавалiся i множылiся з году ў год, прыгажэла вёска і квiтнелi яе таленты. Каб тыя, хто тут жыве, змаглi акунуцца хоць на момант у мінулае стагоддзе, адчуць духоўную сувязь са сваімі здольнымi і добразычлiвымi продкамі.
З даўнiх часоў Дубiна была мястэчкам таленавiтых майстроў, што слылi на ўсю акругу. Не было такой справы, якой бы тут не валодалi дасканала. Умельцы бралі вучняў і перадавалi ім свае веды. Калi пачынаеш успамiнаць жыхароў вёскi пачатку ХХ стагоддзя, размовы з iмi, агортвае гонар i задавальненне, што ты меў шчасце размаўляць з гэтымі людзьмі, пераймаць іх вопыт адносiн да жыцця, да працы. Магчыма, чыстае дубiнское паветра сеяла i сее таленты на роднай зямлi.
Уздоўж могiлак, праз балота за Дубiной-Юрздыцкай iснуе дастаткова глыбокi i шырокi яр. Калi асушалi балота, частку яго сумясцiлi з валавай канавай. У дзяцiнстве мы часта бегалi туды за чаромхай, гулялi ў хованкi, але нiхто нават не згадваў аб тым, што гэта рэчышча некалi даволi паўнаводнай ракi з назвай Дубiна, якая з’яўлялася прытокам Заходняй Бярэзiны. Выток яна брала з крынiчкi, якая б`е амаль у самым пачатку вёскi Рачаняты. Уздоўж берага пралягала дарога да вёскi Замосце. Такія звесткi адшукала ў архiвах у Вiльнi i падзялiлася з намi зямлячка, цяпер жыхарка Лiтвы Галiна Васiльеўна Jukubauskion (Мучынская). Мяне вельмi ўразiлi такiя вялiкiя змены ландшафту, і я не змагла не прысвяцiць прыгажунi, хоць i былой, вершаваныя радкi.
РАКА ДУБIНА
Я бегала дзяўчынкай басаногай,
Каб зачарпнуць далонямi з крынiцы,
Ды, кружачы ў гармонii з прыродай,
Вадзiцы чыстай з прыгаршчы напiцца…
Зямелька даравала нам, нашчадкам,
У даўнi час, не захавала памяць,
Раку, каб край вадзiцай прычашчала,
Застаўся яр, ён прыгажосцю вабiць…
Яна пятляла ў берагах духмяных
Памiж лугоў, балотаў, праз каменнi.
Як дзiцянятка, слёзы паслухмяна
Матулi несла, у агмень сямейны…
З Беразiной Заходняю супольна
Дурачылася грабянькамi пены,
Разносiла рабiзну, бы свавольнiк,
Спявалi берагi ёй гiмн хвалебны.
Стаю сягоння на вярху адхона,
Крыху смуткую i зайздрошчу продкам.
Мне сэрца цвялiць успамiн, вядома,
Сляза шчаку казыча ненарокам.
Лунае на адхонах водар церпкi,
Вiтае ў край наш дзень многагалосы,
Ручай схавалi берагi, бы вейкi,
Пакiнула рака яго, як слёзы.
Жыццё квiтнее ды, як снег вясеннi,
Адходзiць у нябыт, нiшто не вечна.
Вось так i нас заўжды, без тлумачэння,
Вяртае на аблокi шлях наш Млечны…
Марыя МУЧЫНСКАЯ,
ураджэнка вёскi Дубiна



