Не называцца, а быць
Пра старшага інжынера сектара арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароне маёра ўнутранай службы Алега КАЛІТНІКА калегі гавораць як пра адказнага і стараннага супрацоўніка, сапраўднага прафесіянала.
Алег Генадзьевіч вырашыў звязаць жыццё са службай выратавання невыпадкова, перад яго вачамі быў станоўчы прыклад знаёмага, а цяпер калегі, які шмат і цікава расказваў аб сваёй справе. Скончыўшы школу, юнак паступіў у Салігорскі горна-хімічны каледж, а пасля яго заканчэння ў 2007 годзе папоўніў шэрагі выратавальнікаў. Першым месцам працы на пасадзе старшага пажарнага стала ПАВЧ № 8 горада Заслаўе Мінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Праз год перавёўся дадому і стаў часткай калектыву ПАВЧ № 1 Валожынскага раённага аддзела. У тым жа годзе вырашыў, што неабходна павышаць узровень сваёй адукацыі і паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут. Сёння мужчына лічыць, што яго выбар быў правільным, бо выратаванне людзей – годная справа.
Пачынаць працоўны шлях было вельмі хвалююча. Алег Генадзьевіч разумеў, што ад яго дзеянняў можа залежаць чыёсьці жыццё. Але побач былі дасведчаныя таварышы, якія ўжо не адзін год змагаліся з пажарамі і ратавалі жыцці людзей. Ён стараўся запамінаць усё, чаму вучылі старэйшыя калегі, адэкватна ўспрымаў крытыку. Асабліва адчувалася дапамога і падтрымка начальніка яго варты Валерыя Шасцерына – чалавека, які заўсёды і кожнаму прыходзіў на дапамогу.
Наш герой добра памятае свой першы пажар. Гэта было загаранне гаспадарчай пабудовы ў садовым таварыстве каля вёскі Пятрышкі. Яго прычына аказалася банальнай: гаспадары пакінулі без нагляду вогнішча. Дзякуючы зладжаным дзеянням асабовага складу, удалося адстаяць дом і гаспадарчую пабудову, і на шчасце людзі не пацярпелі.
Найбольшы след за гады службы пакінуў пажар у вёсцы Лягезы Ракаўскага сельсавета, які адбыўся 21 мая 2012 года, дакладная дата захавалася ў памяці назаўсёды. Мужчына ўжо быў інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду. У тую ноч агонь забраў жыцці чатырох чалавек, у тым ліку і двухгадовага дзіцяці.
Алег Генадзьевіч узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” III ступені і нагрудным знакам Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” “За заслугі”.



