Як жа гэта прыгожая бландзінка падобна да артысткі Ванесы Парадзі! І элегантная постаць, і вытанчаныя рысы твару, і загадкавы погляд адсылаюць нас да фрацузскай дзівы. Аднак Вікторыя ПЯТРОВА не мае ніякага дачынення ні да кінематографа, ні да канцэртнай дзейнасці, ні да фэшн-індустрыі. Яна абрала адну з самых складаных спецыяльнасцей, што так запатрабаваны ў аграпрамысловай вытворчасці, – стала ветэрынарным урачом.
Два гады выпускніца Віцебскай ветэрынарнай акадэміі адпрацавала на каўбасным цэху, што да нядаўняга часу належаў КСУП “Пяршаі-2014” (цяперашні ўласнік – ТАА “Пяршайскі мясакамбінат”), дзе і зараз працягвае несці адказнасць за якасць мясной прадукцыі.
Малады спецыяліст задаволена і месцам працы, і жыллёва-бытавымі ўмовамі, што створаны для яе і іншых работнікаў у сельгасарганізацыі. Да работы прывыкла хутка. Дапамагла добразычлівасць больш вопытных калег.
Цікавай, але такой няпростай прафесіі дзяўчына вырашыла прысвяціць жыццё свядома па прыкладзе дзядулі і пад уплывам неверагодна шчымлівай галівудскай драмы “Хаціка: самы верны сябар”. Любоў і спагада да жывёл з маленства сталі часткай яе душы. Таму між медыцынай і ветэрынарыяй вагалася нядоўга. Жаданне дапамагаць сябрам нашым меншым перамагло. Канешне, пэўны час яна ўяўляла сябе добрым Айбалітам, пацыентамі якога будуць дарагія сэрцу коцікі і сабачкі. А магчымасць таго, што ёй, гарадской жыхарцы, давядзецца мець справу з буйной рагатай жывёлай ці са свіннямі, уяўлялася з цяжкасцю. Жыццё, як кажуць, падкарэкціравала яе спадзяванні.
І хоць Вікторыя і не адмовілася ад мары працаваць у спецыялізаванай клініцы, аднак пакуль працягвае набываць вопыт, які лічыць каштоўным. У вольны час яна дазваляе сабе паглыбіцца ў вывучэнне псіхалогіі. Шчыра цікавіцца паводзінамі людзей і жывёл. Прызнаецца, што любіць вучыцца. У будучыні мае намер паглыбляць прафесійныя веды, асабліва адносна хірургіі, з дапамогай спецыяльных курсаў. Канешне, яе жыццё кардынальна адрозніваецца ад жыцця двайніка – сусветнавядомай актрысы, але малады ветэрынар не пазбаўлена творчага пачатку. Калі-нікалі ўспамінае пра здольнасці ў кірунку выяўленчага мастацтва. Батык, лепка, графіка... Умее і можа многае. Але на першым месцы ў яе заўсёды – прафесійныя абавязкі. Таму пажадаем ёй поспеху, кар’ернага росту і задаволенасці няпростай дзейнасцю.



