Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Імкнёмся да таго, каб свет стаў больш яркім…

26.07.2021

Так фармулююць сваю задуму адносна добраўпарадкавання жыццёвай прасторы муж і жонка Дурко з Гародзькаў.

У аграгарадку безліч прыгожых дамоў з чыстымі, засаджанымі кветкамі, дварамі, праязджаючы паўз якія міжволі залюбуешся і абавязкова прыйдзеш у захапленне ад фантазіі многіх вяскоўцаў, іх знаходлівасці, умення прыстасаваць для ўпрыгажэння нават самыя звычайныя рэчы.

Асабліва вызначаюцца ў сэнсе афармлення сваіх участкаў жыхары вуліцы Маладзёжная. У мінулым нумары нашай газеты мы ўжо расказвалі пра тое, што яны адзначаны спецыяльным дыпломам за стварэнне атмасферы свята ў пераднавагодні перыяд. Зараз пазнаёмімся з некаторымі бліжэй.

Антаніну Антонаўну і Мікалая Фёдаравіча Дурко з поўным правам можна назваць сапраўднымі іміджмекерамі вуліцы, на якой яны пражываюць 30 гадоў. Вялікі, зараз вельмі ўтульны дом яны атрымалі ад сельгаспрадпрыемства, дзе працаваў гаспадар. Канешне, толькі-толькі пабудаваны будынак патрабаваў добрай дапрацоўкі. Маладой пары было куды прыкласці рукі. І вялікая работа распачалася. Дарэчы, у той час яны гадавалі дваіх дзяцей і штодня крочылі на працу.

Паступова прыстасавалі і аздобілі кожнае памяшканне пад свой густ і патрэбы. Зрабілі гарачае водазабеспячэнне. Узвялі летнюю кухню, лазню, альтанку. Адначасова ўдзялілі ўвагу і гаспадарчаму двару, дзе і зараз маецца жыўнасць – свінні і куры.

Гаспадары нераўнадушныя да кожнай пядзі зямлі. Умеюць ставіцца да яе з любоўю, але досыць рацыянальна. Вось тут у іх агарод, дзе з вясны і да восені расце ўсё, што абагачае сямейны стол і дае магчымасць заўзятай кулінарцы паказаць выключныя здольнасці ў сезон нарыхтовак. Вось цяпліца, дзе заўсёды растуць памідоры, а побач другая – з перцамі.

Апошнія гады прыгожыя і добразычлівыя людзі – пенсіянеры. Муж да заслужанага адпачынку шмат часу шчыраваў на ўчастку Гарадзейскага цукровага завода, жонка прысвяціла жыццё банкаўскай справе – у мясцовым аддзяленні аказвала банкаўскія паслугі жыхарам наваколля аж да закрыцця ўстановы. Кожны з іх цаніў работу, але і на пенсіі ім не сумна. Па-першае, нарэшце шмат часу праводзяць разам, а разуменне між імі такое, што дзіву даешся. Па-другое, ёсць жа чым займацца!

Я, пахадзіўшы па шыкоўным двары з безліччу кветак, кустоў, дрэў і розных дэкаратыўных форм, толькі дзіву давалася – калі ж яны спяць? Гэтым пытаннем выклікала ў гаспадароў дружны смех. Часу, па іх сцвярджэнні, заўсёды і на ўсё хопіць, калі разумна сплануеш дзеянні і не будзеш марнаваць яго на пустое.

Безумоўна, асноўны генератар творчых ідэй у сям’і жонка. Муж, па яго ж сцвярджэнні, цэніць яе густ і бясконцы крэатыў, таму з задавальненнем бярэ на сябе тэхнічны бок кожнага праекта.

Сама ж Антаніна Антонаўна ўпэўнена, што любы чалавек павінен прыкладваць намаганні для таго, каб зрабіць прастору, дзе існуе, прыгажэйшай. І для гэтага неабязкова расходваць нейкія велізарныя грошы. Хаця, па маім меркаванні, сям’я Дурко на ўтрыманне і добраўпарадкаванне свайго жылля сродкаў не шкадуе.

Іх дачка Вольга з мужам і сынам жыве ў Ірландыі. Менавіта ў гэтай краіне, дзе традыцыйна ярка і шыкоўна адзначаюць Каляды, яны падгледзелі святочныя ўбранствы для дома, і першымі гадоў пятнаццаць таму павесілі на вокны кампазіцыі, што весела зіхацелі агеньчыкамі і радавалі вока прахожых. З кожным годам дапрацоўвалі першапачатковую задумку. Паступова суседзі таксама далучыліся да ідэі стварыць навагодні настрой сабе і людзям.

Антаніна Антонаўна і Мікалай Фёдаравіч прызналіся: ім вельмі прыемна, што старанні вяскоўцаў ацаніла кіраўніцтва раёна, і папрасілі праз газету выказаць падзяку старшыні райвыканкама Яўгенію Круковічу, які падтрымаў ініцыятыву і добрае пачынанне. Мне ж здаецца, кожнаму з нас патрэбна браць прыклад з жыхароў вуліцы Маладзёжнай. У іх жа маладыя душы! А маладосць і прыгажосць, як вядома, паняцці непарыўныя.

Галерея изображений

Задайте вопрос