Свой аўтарскі вечар у горадзе, дзе вучыўся і сталеў, дзе зведаў першае каханне і стаў сапраўдным прафесіяналам, наш зямляк Юрый МІХОНСКІ назваў радком аднаго з вершаў. Затым верш стаў песняй. А зараз у актыве аўтара больш за 50 песен і яго ўжо па праву называюць паэтам-песеннікам. І ён па-ранейшаму перакананы, што светам правіць каханне, што менавіта яно робіць чалавека чалавекам.
2021 год у жыцці Юрыя Іосіфавіча не проста чарговы год жыцця. Гэты год для яго юбілейны. Настаў час падводзіць жыццёвыя вынікі: ён адбыўся, як прафесіянал, як бацька, дзядуля. Зразумела, што пабудаваў дом і пасадзіў не адно дрэва. Карацей кажучы, выканаў ўсе прызначэнні сапраўднага мужчыны. А яшчэ, як выявілася, немалаважную частку гэтага самага жыцця займае хобі – зусім далёкае ад юрыдычнай справы. Аказваецца, Ю. Міхонскі піша вершы з пятага класа. Нават выпускное сачыненне па рускай мове за 10 клас напісаў у вершаванай форме. Да гэтага часу помніць тэму сачынення – “Если имя твое комсомолец, значит место твое впереди!”.
Менавіта ў Валожыне пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ пачынаў будаваць прафесіянальную кар’еру. Больш за 16 гадоў працаваў суддзёй, а потым старшынёй суда Валожынскага раёна. І толькі, напэўна, самыя блізкія сябры ведалі, што ўвесь час гэты чалавек пісаў вершы і паэмы, а затым і казкі для дзяцей на беларускай і рускай мовах. І першы зборнік “Паляванне ў Налібоцкай пушчы” таксама ўбачыў свет падчас працы ў Валожыне.
Юрый Іосіфавіч вельмі своеасабліва вырашыў адзначыць 60-гадовы юбілей: ён запрасіў калег, сяброў, сваякоў не ў банкетную залу рэстарана, а на аўтарскі вечар у Дом літаратараў. Пагадзіцеся, вельмі прэстыжна, ганарова і адказна замахнуцца на такую залу. Вечар, на які былі запрошаны і многія землякі, атрымаўся. Менавіта пасля яго прагучалі першыя просьбы-прапановы зрабіць аналагічную вечарыну ў нашым горадзе. Паступалі яны ад самых розных людзей, у першую чаргу ад любімых настаўнікаў з былой школы-інтэрната, якія па ўзросце і стане здароўя не змаглі даехаць у Мінск. І вось быў назначаны дзень і гадзіна, выбрана зала кінатэатра “Юнацтва”.
Мне здаецца, што віноўнік урачыстасці хваляваўся нават больш, чым у першы раз. Да апошняга не пакідала думка, ці збяруцца гледачы, ці зацікавіць іх яго аўтарскі вечар. Тым больш, што летам хто “на дачы, а хто на Вячы”, і адарвацца ад дачных спраў і нарыхтовак вельмі складана. Аднак і сам ён, і сталічныя артысты змаглі пераканацца, як валожынцы цэняць былога суддзю, што ім цікава яго творчасць.
Вяла праграму дыктар беларускага тэлебачання Алена Міхайлоўская. Для кожнага спевака знаходзіла словы, каб прадставіць яго творчасць. Адкрыў праграму Уладзімір Ухцінскі, яго змянілі лаўрэаты розных конкурсаў За-За, Аляксей Амелька, Мішэль, Юлія Шыкунец, Андрэй Шумак, Святлана Селівон (яе прозвішча сведчыць, што спявачка мае самае непасрэднае дачыненне да нашага раёна, і ў зале былі яе сваякі), Аляксандр Заўгародні, кампазітар і спявак Уладзімір Сукалінскі, кампазітар Дзмітрый Кірыенкаў. А яшчэ нельга было не замілавацца прыгожым сямейным дуэтам – Міраслава і Валерыя Дуброўскія – унучкі Юрыя Іосіфавіча Міхонскага, для якіх ён спецыяльна напісаў песні “Маё кацяня” і “Белая Русь”.
Увогуле, аўтарскі вечар працягваўся амаль тры гадзіны, у праграме прагучалі больш за 30 песень. Адкрыў яе кампазітар У. Сукалінскі прэм’ерай песні “Наш Валожын”, якую аўтары падарылі нашаму гораду. У той дзень гэта была не адзіная прэм’ера. У рэпертуары былі песні пра радзіму, пра веру ў Бога, вельмі кранаючыя песні, прысвечаныя матулі і дачцэ, жаночай дружбе, але больш за ўсё – лірычных, пра каханне, як і заяўлена ў назве.
Завяршальнай кропкай стаў выхад на сцэну завуча школы-інтэрната Святланы Саламонаўны Бушланавай, якую віноўнік урачыстасці назваў сваёй другой мамай, з букетам кветак былому вучню і вялікай карзінай кветак для артыстаў. Сваім настаўнікам Юрый перадаў запрашэнні, і большасць 70-80-гадовых жанчын прыйшлі. Іх папрасілі падняцца атрымалася больш, чым адзін рад. Яны былі рады за свайго выхаванца, а ячшэ – за тое, што ён сабраў іх разам. Дарэчы, такія рэаліі жыцця, што многія не бачылі адна адну больш за два гады. Ад імя гледачоў слова ўзяў жыхар Сугваздаў Валерый Фёдаравіч Селівон.
Думаю, што раўнадушных і абыякавых у той дзень не было. Людзі адпачылі душой і сэрцам. Чула толькі добрыя водгукі і непаразуменне: чаму не прадаваліся паэтычныя зборнікі юбіляра і дыскі з яго песнямі? Але гэта можна паправіць. І пашкадаваць тых, хто па нейкіх прычынах не трапіў на канцэрт.
Мы ўсе перакананы, што пачуем яшчэ не адну песню і не адзін верш, убачым не адзін зборнік. Доўгіх гадоў жыцця нашаму земляку, умення і далей радавацца жыццю ў самых розных яго праявах і знаходзіць новыя тэмы для вершаў!



