Марыя КУРЛОВІЧ,
вучаніца 9 класа гімназіі № 1 г. Валожына
У Хемінгуэя ёсць выраз: “Свята, якое заўсёды з табой”. Я б змяніла толькі слова “свята” на “любоў”. Самай важнай для кожнага чалавека каштоўнасцю, па маім меркаванні, з’яўляецца любоў, хоць сутнасць гэтага паняцця часта закрываецца стандартнымі прадстаўленнямі пра любоў чалавека да чалавека. Але любоў можа праяўляцца па-рознаму.
…Адным вясновым днём я, як звычайна, накіравалася ў школу на заняткі. Звычайная вучаніца, якая не ўяўляе сваё жыццё без атрымання новых ведаў.
Сённяшні дзень не прадказваў нічога асаблівага. Усе вучні ўжо даўно разышліся з шумных калідораў у класы. Першым урокам была руская літаратура, да якога мы чыталі расказы пра любоў. Здавалася б, цалкам зразумелая тэма. Большая частка вучняў успрымае любоў як “цілі-цілі цеста, жаніх і нявеста”.
Настаўнік тонка гаварыў пра пачуцці, якія складана перадаць словамі. Любоў творыць цуды, робіць чалавека высакародным. Натхняе на геройскія ўчынкі і подзвігі. У класе стаяла гулкая цішыня. Загучалі ўрыўкі з кніг пра любоў да людзей, прыроды, роднай краіны.
Я слухала і разумела: ні адзін дзень ніколі не праходзіць без праяўлення любві. З самага нараджэння чалавек кагосьці любіць. Матулю, бацьку, дзядулю і бабулю. Сваіх братоў і сясцёр, хоць часам здаецца, што яны безупынна канфліктуюць і сварацца.
Падрастаючы, чалавек усведамляе важнасць навакольнага свету. Адкрывае яго для сябе, даведваецца новае, здзіўляецца незвычайнаму, любуецца прыгожым. Усе гэтыя адчуванні аб’ядноўваюцца ў адно цэлае, з якім ён прачынаецца раніцай у чаканні асаблівых уражанняў. З кожным наступным днём ён любіць гэты свет усё больш і больш. Вось дзяўчынка ў дзіцячым садку з пранікнёнымі зялёнымі вачамі і вялікім бантам. А вось прыгожы стракаты матылёк на махровай хрызантэме. Яны выклікаюць сапраўднае пачуццё захаплення! Хочацца іх прылашчыць, пасябраваць, пагуляць у вясёлую гульню, таму што ён іх сапраўды любіць.
Чалавек здольны захапляцца любой кветачкай, лісцікам, дрэўцам, якія ён сустракае на сваім шляху, бо гэта таксама частка яго жыцця, няхай сабе мурашка, сініца ці масіўны зубр. Але праяўленне любві да прыроды заключаецца ў беражлівых адносінах да яе, бо не было б таго квітнеючага свету, калі б людзі не заняліся пытаннямі экалогіі. З любоўю да прыроды цесна звязана любоў да Радзімы. Флора і фаўна – край, дзе жылі мае продкі, жывуць бацькі і дзе зараз жыву я. Любоў да Радзімы – гэта павага да гісторыі, падзей мінулага. Гэта памяць пра Вялікую Айчынную вайну, бо без знамянальнай перамогі, магчыма, і не было б зараз нашага народа, краіны.
Усведамленне сябе часткай народа прыводзіць да думкі пра любоў да людзей, што жывуць побач з намі. Гэта можа быць прывітанне з вашымі суседзямі, якіх вы сустракаеце амаль кожны дзень, удзячнасць прадаўцу ў магазіне, у якім вы часта купляеце сваю любімую шакаладку. Да сваёй прафесіі, да сям’і, дзяцей, бацькоў. Калі чалавек дорыць любоў, то ўсе навокал адчуваюць гэта і вяртаюць яе спаўна. Калі мы будзем любіць прыроду і клапаціцца пра яе, яна папоўніць з лішкам засекі…
Унутраны паток думак перарваў званок з урока. На гэтым уроку я ўсвядоміла, што павярхоўна ўспрымала пачуццё любві. Сярод трох асноўных пачуццяў – вера, надзея, любоў – любоў стаіць напрыканцы, але толькі таму, што з’яўляецца самым важным, аб’ядноўваючым, акордам жыцця.
Любоў – гэта любіць родных і блізкіх.
Любоў – гэта паважаць навакольных.
Любоў – гэта беражліва адносіцца да прыроды.
Любоў – гэта цаніць зямлю, на якой жывеш.
Любоў – гэта паважаць гісторыю, падзеі мінулага краіны.
Любоў – гэта адкрываць і тварыць гэты свет.
Любоў – гэта нашы дзеянні і ўчынкі.



