Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Успамін пра сябра

02.08.2021

Да юбілейнага 75-а дня нараджэння ўраджэнца вёскі Брылькі, выпускніка СШ №1 г. Валожына, члена-карэспандэнта Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, прафесара матэматыкі Белдзяржуніверсітэта Якава РАДЫНЫ, які пайшоў з жыцця ў 2016 годзе, мы прымеркавалі сустрэчу з яго аднакурснікам, былым начальнікам упраўлення Міністэрства фінанскаў Рэспублікі Беларусь Мікалаем ШАЛЬПУКОМ. Гэты чалавек ведаў знакамітага валожынца бадай лепш за іншых, таму прызнаўся: неверагодна цяжкімі падаліся яму гады без лепшага сябра. Мікалай Васільевіч не адмовіўся падзяліцца ўласнымі перажываннямі і асобнымі ўспамінамі пра жыццё поруч з таленавітай, па-сапраўднаму маштабнай і вельмі шматграннай асобай нашага земляка. Вось што мы пачулі падчас гутаркі:

02 08 2021 42 3

М.Шальпук Успамінамі пра сябра дзеліцца Мікалай ШАЛЬПУК.

– Безумоўна, як чалавек, у якога ёсць дзеля каго жыць, я не скажу, быццам жыццё спынілася. Да таго ж, страту блізкага чалавека перажываю не ўпершыню. Яша доўга хварэў. У нейкай ступені кожны, хто яго любіў і паважаў, былі падрыхтаваны да таго, што моцна хворы чалавек павінен нас пакінуць. Сапраўдным ударам стала менавіта паведамленне пра яго захворванне. Немагчыма ні з чым параўнаць невыцерпны боль, што разрывае душу, калі ведаеш пра такое і нічым не можаш дапамагчы. Не дай Бог сутыкнуцца з падобнай сітуацыяй. Хоць пасля пахавання прайшлі гады, мне ўсё не верыцца, што сябра нястала. Часам да болю хочацца думаць, быццам ён проста кудысьці паехаў і хутка вернецца…

Я.Радына Здымак з маладосці Якава РАДЫНЫ.

БУДУЧЫЯ МАТЭМАТЫКІ

Мы разам паступілі на матэматычны факультэт БДУ, вучыліся ў адной групе. Якім тады быў Яша? Хударлявы, бялявы і вельмы разумны юнак. Залаты медаліст! Увогуле тых, хто б не хацеў вучыцца, сярод нас не было. Усе мелі выключную матывацыю і добрую падрыхтоўку. Якаў Радына ад прыроды – чалавек з высокімі амбіцыямі, таму налягаў на навуку нібы апантаны. Яму вельмі важна было лічыцца адным з лепшых. Бязмежна любіў матэматыку. Гэта навука была для яго ўсім. Амаль з самага пачатку вызначыўся з галоўным прафесійным кірункам – выбраў навуку.

Першы курс мы жылі ў розных пакоях, а на другім засяліліся разам і ўжо да самага выпуску не разлучаліся. Я адказваў за нашу агульную эканоміку. Гэта было абавязковай умовай. Яшу, які развітваўся з грашымі настолька лёгка, што мог у адно імгненне аддаць апошнюю дзясятку за кнігу па матэматыцы ці любы шэдэўр сусветнай літаратуры (кожны раз яму здавалася, што менавіта без гэтага выдання не зможа існаваць) і некалькі дзён сядзець галодным. Таму я стараўся не рызыкаваць і ў магазін яго не адпраўляць. Таварыш увогуле быў чалавекам аскетычным, яго не вельмі вабілі розныя перабольшанні, тым больш у харчаванні. Дзе спаць, як апрануцца, што есці… Гэтымі пытаннямі, як зараз кажуць, не замарочваўся. Я ж з юнацтва вызначаўся пэўным практыцызмам, таму забіраў абедзве стыпендыі і выключна самастойна займаўся пакупкамі. Дзякуючы гэтаму мы жылі нішто сабе.

НЕ НАВУКАЙ АДЗІНАЙ

Гатаваць, размяркоўваць расходы сябра так і не навучыўся. Аднак, не магу сказаць, што ў арганізацыі быту ад яго не было карысці. Умеў прыгожа накрыць стол, не адмаўляўся мыць посуд. А ў часы, калі ў нас здаралася “чарговае банкруцтва”, пускаў у ход дыпламатыю. Сімпатычны, са шчырым позіркам, ён так уплываў на буфетчыцу ў сталоўцы на Валадарскага, куды мы бегалі абедаць, што жанчына карміла нас у доўг. Мы, безумоўна, заўсёды разлічваліся і стараліся не вельмі часта ствараць падобныя прэцыдэнты.

Даволі часта мы падзараблялі разгрузкай вагонаў. Яша быў адным з самых шчуплых, але сілу меў. А яшчэ ён, надзелены неверагодна высокім пачуццём уласнай годнасці, заўсёды выступаў нашым праваахоўнікам, калі пры разлічванні студэнтаў-бяссрэбраннікаў спрабавалі падмануць. Як раззлуецца, як выступіць! Нават у самага вопытнага дзядзькі з махлярскімі замашкамі сківіца магла адвіснуць. Таму наша група заўсёды дабіваліся свайго.

Якаў амаль кожныя выхадныя імчаў у свае Брылькі, каб дапамагчы бацькам у іх сялянскіх клопатах. Для маці заўсёды вёз соду, што набіраў з разбітых пры разгрузцы мяхоў (ніхто не забараняў гэта рабіць, але мы лянаваліся, ён жа помніў: соду можна скарыстаць у гаспадарцы). З вёскі прывозіў, што давалі. У асноўным – сала, сушаны сыр, яблыкі. На свята – кілбасу і… самагонку. Такія гасцінцы давалі магчымасць ладзіць сапраўдныя святы. Але ўсё адбывалася надзіва прыстойна.

НАВУКОВЕЦ АД БОГА

Да пятага курса мы ўжо вызначыліся з будучай работай. Мяне, напрыклад, ніколі не вабіла навука, заўсёды імкнуўся да практычнай дзейнасці. Таму амаль цэлы год апошняга курса працаваў на паўстаўкі ў бюро вылічальнай тэхнікі. Яша ж застаўся верным сабе. Яго прынялі стажорам-выкладчыкам на адну з кафедраў ва ўніверсітэт.

“Я буду акадэмікам,” – так заявіў яшчэ на першым курсе юны матэматык, а пасля ўпартай штодзённай працай пацвярджаў сур’ёзнасць свайго намеру. Сярод нас было шмат таленавітых, пра каго можна сказаць: “Матэматык ад Бога”, аднак такой мэтанакіраванасці, упартасці, працаздольнасці не было ні ў кога. А ён яшчэ і спортам паспяваў займацца.

Студэнцтва Яшы ўключае ў сябе вельмі цікавы эпізод. На другім курсе яму прапанавалі перавесціся ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Хлопец з вёскі пра такое мог толькі марыць, таму быў ад радасці на сёмым небе. Аднак месяц правучыўся і… вярнуўся. Як высветлілася, вучылі матэматыкаў у Мінску значна больш сур’ёзна. Ды і перспектывы мы мелі – не параўняць з МДУ. Карацей, вярнуўся мой сябра са словамі: “Лепш быць першым хлопцам на вёсцы, чым сто дваццаць першым у Маскве.” І ўсё ж атрымалася так, што доктарскую дысертацыю Якаву давялося абараняць менавіта ў Маскве (спецыялізацыя па функцыянальным аналізе была толькі там, у Навасібірску і Кіеве). Мне ж пашчасціла прысутнічаць на абароне. Усе 12 расійскіх акадэмікаў прагаласавалі аднагалосна!

АСОБА З ШЫРОКАЙ ДУШОЙ

Яша і гумар. Гэта асобная старонка ў нашым жыцці. З выгляду яго б ніхто не мог прыняць за моцна жыццярадаснага чалавека. Аднак, як ён расказваў анекдоты! Чаго толькі не было ў яго трапных выказваннях – саціра, сарказм, іронія і, галоўнае, самаіронія. Колькі смешных гісторый умяшчалася ў яго памяці! Цікавіўся і факльклорам. Помню, на вяселлі ў мяне на радзіме (я з Брэстчыны) яго ўразілі прыпеўкі з даволі брыдкаватым зместам, дык ён іх нават запісаў.

Асобны пласт у гісторыі нашага сяброўства – Цаліна. На першых курсах я ездзіў без Яшы. Ён лічыў сваім абавазкам як мага часцей дапамагаць бацькам. Але на трэцім курсе мы разам сталі будатрадаўцамі. Узводзілі школу ў стэпі. Там сябра паказаў усю сваю фізічную і маральную моц. Нібы тэрмінатар, пасля цяжкага працоўнага дня яшчэ на турніку рабіў практыкаванні (загарэўся ідэяй прывесці сябе ў выключную форму і дабіўся гэтага), а пасля, калі мы ўжо спалі, штудыраваў кнігу вядомага японскага матэматыка. Школу мы пабудавалі, хоць адразу і не верылі ў поспех. Той вопыт паўплываў на ўсё яго жыццё, навучыў цярпенню, веры ў свае сілы. Якія б выпрабаванні ў асабістым жыцці ці працоўнай дзейнасці не падкідваў яму лёс, спраўляўся з усімі і яшчэ заражаў аптымізмам акружэнне.

Як гэты чалавек любіў родную мову! Не проста ставіўся да яе з павагай – карыстаўся ў паўсядзённым жыцці, у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. На мове пісаў, выдаваў кнігі. Добра ведаў і французскую, чытаў на ёй лекцыі. З вялікай павагай ставіўся да розных народаў. Сябраваў з прадстаўнікамі шматлікіх краін. Запомніўся эпізод з Цаліны. Там давялося сутыкнуцца з адным чалавекам, які ўвесь час маўчаў. Нам падалося, быццам ён, як кажуць, недалёкі. Пазней высветлілі, мужчына – вельмі паважаны чалавек, з думкай яго лічыліся ўсе мясцовыя. А маўчаў таму, што не ведаў рускай мовы. Вось тады мы, зусім яшчэ маладыя людзі, добра ўсвядомілі: па-першае, нельга спяшацца з высновамі ў дачыненні да незнаёмых людзей; па-другое, мову, на якой размаўляеш ты, не абавязаны ведаць іншыя, таму лепш самому паклапаціцца пра тое, каб цябе разумелі. Дарэчы, Якаў Радына валодаў і такім талентам: мог і без ведання мовы дамовіцца аб чымсьці, з кімсьці пазнаёміцца, нават пасябраваць. Таму сваіх людзей меў па ўсім свеце.

Ён любіў падарожнічаць, паглыбляцца ў культуру і традыцыі іншых народаў. Таленавітаму вучонаму часта паступалі прапановы памяняць месца працы, і, як след – жыхарстава. Многія здзіўляліся, чаму ён гэтага не робіць, усё ж яго можна было лічыць чалавекам свету. Але ён тлумачыў так: “Ну вось люблю я лазню, але ж жыць там немагчыма...” Іншыя землі яму сапраўды здаваліся вельмі прыгожымі, людзі – цікавымі, але бачыў сябе толькі часцінкай Беларусі. Купіў і дабудаваў дом у Гардынаве. Там жа ўстанавіў слуп з колам для буслінага гнязда. Да канца жыцця назіраў за пярнатымі суседзямі і не пераставаў паўтараць: “Вось у каго трэба вучыцца настаўніцтву!”.

Калі Яша быў жывы, я часта прыязджаў на Валожыншчыну, добра ведаю вашы мясціны. Сапраўды, унікальны край з багатай гісторыяй, у якім заўсёды жылі людзі розных нацыянальнасцей, веравызнання, светапогляду. Думаю, невыпадкова менавіта на вашай зямлі нарадзіўся, вырас і годна паслужыў Радзіме гэты сын беларускага народа. Паважаныя валожынцы, шануйце памяць аб ім, бярыце з яго прыклад. Не забывайце, як і ён, праз працу і веды імкнуцца да лепшага. Яша заўсёды быў, ёсць і будзе з вамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

У багатай бібліятэцы нашага земляка сабраны кнігі на розных мовах свету.