14 красавіка 2016 года ў Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў II Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага, нашага знакамітага земляка.
Канстанцін Іосіфавіч Паплаўскі (1912-1984) - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дырыжор, хармайстар, фалькларыст, аўтар больш ста апрацовак беларускіх народных песень. Ён быў адным з арганізатараў Дзяржаўнага народнага хора БССР (зараз гэта Беларускі Дзяржаўны народны хор імя Г. Цітовіча), працаваў там мастацкім кіраўніком і дырыжорам. Канстанцін Іосіфавіч з’яўляўся арганізатарам і кіраўніком ўсім вядомай вакальнай групы “Купалінка”, кіраўніком народнага хора Палаца культуры Белсавпрафа, працаваў выкладчыкам у Беларускай Дзяржаўнай кансерваторыі.
У фестывале-конкурсе прынялі удзел 95 навучэнцаў з дзіцячых школ мастацтваў Жодзіна, Чэрвеня, Нясвіжа, Стаўбцоў, Клецка, Мінска і іншых. Вельмі выдатна сябе паказалі вучні раённых школ мастацтваў: Валожынскай, Івянецкай і Ракаўскай.
Гурт старадаўняй музыкі “Рарог” з Івянецкай ДШМ, пад кіраўніцтвам Кацярыны Пятроўны Радзівілавай, сярод інструментальных ансамбляў заняў першае месца. Удзельнікі гурта ўразілі журы сваёй самабытнасцю, арыгінальнай праграмай, выдатным валоданнем ігры на народных духавых інструментах
(дуда, жалейка, акарына). Вучань пятага класа Івянецкай ДШМ Максім Строк (балалайка), настаўнік Казімір Аляксандравіч Бібік, і цымбалістка з Ракаўскай ДШМ Святлана Балабан, настаўнік Кацярына Вячаславаўна Сеніна, занялі трэццяе месца сярод выканаўцаў на народных струнных інструментах. Аляксандр Абрамчык, вучань Валожынскай ДШМ, настаўнік Алег Фадзеевіч Каранеўскі, быў удастоены трэццяга месца сярод баяністаў.
Сваім майстэрствам і прафесіяналізмам, выдатным выкананнем конкурснай праграмы ўразілі навучэнцы Жодзінскай, Клецкай, Сталбцоўскай і Мінскіх дзіцячых школ мастацтва.
У рабоце журы прымала ўдзел усім вядомая народная артыстка Беларусі Ядвіга Канстанцінаўна Паплаўская, дачка Кансатнціна Іосіфавіча Паплаўскага. Загадчык цыклавой камісіі аддзялення баяна-акардыёна, дырыжор аркестра беларускіх народных інструментаў Маладзечанскага каледжа імя М. К. Агінскага Ігар Яўгеньевіч Шэлег, выкладчык па класе домры гэтага ж каледжа Галіна Сяргееўна Кажура. Дырэктар Валожынскай ДШМ Андрэй Валер’евіч Язерскі, дырэктар Ракаўскай ДШМ Юлія Аляксандраўна Мякінка, настаўнік па класе акардыёна Валожынскай ДШМ Алена Міхайлаўна Лаўрыновіч.
Усе ўдзельнікі конкурса атрымалі памятныя значкі з эмблемай конкурса, а таксама гліняныя сувеніры, зробленыя выхаванцамі Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Святланы Міхайлаўны Зайлянковай.
Лаурэаты II Адкрытага фестываля-конкурса выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага атрымалі дыпломы I, II, III ступені. Салодкія ўзнагароды ў выглядзе цукерак для пераможцаў конкурса выдзяліў “Івкон”, а Ядвіга Паплаўская кожнаму з іх падаравала на памяць аудыё дыск са сваімі песнямі.



