Як мы жывём
У рамках Комплексу дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне супрацьпраўных паводзін грамадзян, 3 жніўня адбыўся выезд рэйдавай групы ў сацыяльны дом № 2А на вуліцы Партызанскай.
Умовы, у якіх пражываюць грамадзяне з катэгорый, што пастаянна выклікаюць занепакоенасць асобных службаў, праінспектавалі загадчык сектара ЖКГ райвыканкама Таццяна Занямонец, намеснік дырэктара жылкамунгаса Павел Клімянкоў, участковы інспектар міліцыі Дзмітрый Абрамовіч, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Наталля Мікалаеўская, інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр Бацян.
У двары ўдзельнікаў рэйду сустрэла жыхарка дома Яніна К. Жанчына ўжо не першы раз б’е трывогу адносна жыхара кватэры № 4, які, па яе словах, развёў страшэнную антысанітарыю, ператварыў годнае жылллё – 40-мятровую аднапакаёвую кватэру – у штосьці накштал прытону. Члены групы завіталі па ўказаным адрасе.
Дзверы адчынены – заходзь, хто жадае. Толькі заходзіць зусім не хочацца. Тут жа, як кажуць, не пераступіць! Асноўны пакой, які будаўнікі ў свой час здалі з добрым рамонтам, зараз больш нагадвае хлеў. Сярод бруду і раскіданых рэчаў мы знайшлі маладога мужчыну. Той, нягледзячы на 10.00, спаў моцным, улічваючы “водар”, што вітаў наўкола, алкагольным сном. Высветлілася: перад намі не гаспадар, а “госць”з трэцяга паверха. Дзе ўладальнік дармовага жылля, мы так і не дазналіся, а разам з мужчынам падняліся ў яго кватэру № 21.
Канешне, у параўнанні з першым варыянтам, гэта жылплошча на нейкі працэнт не так запушчана. І ўсё ж, на мой погляд, так жыць немагчыма. Падлога ні анучы, ні вады не бачыла некалькі гадоў. Пакой – без дзвярэй, занавескі адсутнічаюць, праз вокны мала што бачна (іх, хутчэй за ўсё, не мылі ніколі). Гаспадар 1993 года нараджэння. На пытанні, чаму так забрудзіў кватэру, дарослы чалавек, пра дабрабыт якога ў свой час паклапацілася дзяржава, заявіў: “Я – сірата!”. Дзе працуе, не прызнаўся. Куды зніклі дзверы? Гэта пытанне таксама засталося без адказу. Прадстаўнік жылкамунгаса папярэдзіў гора-гаспадара за адказнасць за разбазарванне казённай маёмасці.
Наведаліся мы яшчэ ў адну кватэру, дзе пражываюць малады чалавек і яго маці. Гэтых людзей мы таксама засталі ў пасцелях. Нічога, што паўсюль, мякка кажучы, непарадак, здароваму сну нішто не замінае.
У кожнай з пералічаных кватэр не працуюць пажарныя абвяшчальнікі. Прадстаўнік РАНС патлумачыў: знаходлівыя аматары курэння спецыяльна вымаюць з іх батарэйкі, бо прыборы рэагуюць на цыгарэтны дым і даюць спрацоўку.
Групу цікавіла, як жывуць у сацыяльным доме непаўналетнія. Таму мы пастукалі ў дзверы, за якімі пачулі дзіцячыя галасы. Гаспадыня аднапакаёвай кватэры калісьці атрымала жыллё як сірата. Сёння тут пражываюць пяцёра чалавек (муж, жонка, трое дзяцей). Шматдзетная маці выказала незадаволенасць раннім (на гадзінніку 10.20) візітам няпрошаных гасцей. На пытанне, чаму маецца запазычанасць за камунальныя паслугі, у яе знайшлося адразу некалькі тлумачэнняў. Не спадабалася жанчыне і заўвага наконт адсутнасці парадку.
Кожны візіцёр у рамках сваіх службовых абавязкаў вынес гаспадарам кватэр пэўныя заўвагі і папярэджанні. Вось толькі ці будзе з гэтага карысць? Пажывём – убачым.
Што тычыцца кватэры, у якой, згодна з паведамленнем суседкі, даўно водзіцца жыўнасць у выглядзе блох і тараканаў, туды неабходна арганізаваць візіт брыгады дэзінфектараў. ---
У той жа дзень на базе Івянецкага сельвыканкама адбылося пашыранае пасяджэнне грамадскага пункта аховы грамадскага правапарадку з удзелам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыны Жданюк, намесніка начальніка РАУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргея Латышава. Старшынёй сельвыканкама Інай Яновіч на сустрэчу былі запрошаны грамадзяне, што знаходзяцца на ўліку па прычыне неаднойчы зафіксаваных у іх сем’ях фактах хатняга насілля. У адносінах да шасці мужчын і жанчыны службовыя асобы правялі прафілактычную гутарку, заклікалі да тэрміновага працаўладкавання. У сям’ю з трыма непаўналетнімі, якая таксама выклікае заклапочанасць у праваахоўнікаў і прадстаўнікоў улады, адбыўся выезд.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



