Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

У мяне ёсць Я. І мы неяк спраўляемся…

05.08.2021

Вось такі нестандартны выраз пачула з вуснаў чарговай субяседніцы, якую, нягледзячы на знешнюю жаноцкасць, кожны, хто хоць раз займее з ёй стасункі, абавязкова аднясе да асоб надзвычай самастойных, здольных на сапраўдны ўчынак, поўных рашучасці справіцца з любымі нягодамі і павесці да перамог давераную каманду. Сёння ў рэдакцыйнай гасцёўні  загадчыца малочнатаварнага комплексу “Даўбені”  СГУ “Бабровічы” УП “Мінаблгаз”Раіса НАВІЦКАЯ. 

–  Раіса Іванаўна, як моцная жанчына моцнай жанчыне (я слабачкай сябе не лічу), прызнайцеся: Вам лічыцца такой падабаецца ці не вельмі?

– Зараз адназначна падабаецца. А ў юнацтве хацелася быць трапяткой і пяшчотнай летуценніцай. Верагодна, такой і была, аднак лёс не даў магчымасці апынуцца ў сітуацыі, калі маю безабароненасць і кволасць хтосьці захацеў бы песціць.

– Хочаце сказаць, што перайначылі ўласны характар?

–  Жыццё перайначыла. Увогуле, што такое характар? Гэта трывалы кангламерат спадчыннасці, вынікаў выхавання і працы над сабой. Я ўдзячна продкам за нядрэнную генетыку, сям’і і настаўнікам – за шліфоўку прыродных даных і сабе любімай – за самакарэкцыю рыс, што былі слабым звяном у ланцужку складальнікаў маёй натуры.

–  Хто тыя людзі, якім Усявышні паслаў такую дачку?

– Звычайныя калгаснікі з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Я – меншая з чатырох сясцёр. Маю яшчэ і малодшага брата. Жыццё бацькоў – бясконцая праца дзеля таго, каб дзеці мелі неабходнае. Нас таксама з маленства да працы прывучылі. Ды так, што ленавацца, каб і хацела, не ўмею. І маці, і бацька славіліся арганізаванасцю, уменнем усё дакладна планаваць. Таму, нягледзячы на такую колькасць дзяцей, у нашым жыцці ніколі не было хаосу. Парадак, дакладнасць, адказнасць. Гэтыя паняцці сталі асновай выхавання, хоць уголас так ніхто і ніколі не заяўляў. Мы цвёрда завучылі галоўнае: будзеш працаваць – станеш паважаным чалавекам.

  –  А  не зайздросцілі гарадскім дзецям? Вось я, напрыклад, не магла змірыцца з несправядлівасцю. Чаму для адных, у каго і так адпачынку больш, лета – гэта здаровы сон, забавы, гульні, а для нас, вясковых, вечнае поліва, жніво, сенаванне, адпасванне кароў…

– Прызнаюся шчыра: было крыўдна. Але што тут можна зрабіць? Бацькі так разумелі эканоміку і ідэалогію сям’і. Акрамя працы яны нічога не ведалі. Мы не бунтавалі. Затое, пагадзіцеся, у нас з Вамі здольнасць выжываць у любых абставінах непараўнальная  з тымі, хто рос ў цяплічных умовах.

 –  Маю думку агучылі! Аднак цікава што Вы, з дзяцінства загружаная сельскай гаспадаркай, выбралі спецыяльнасць, звязаную з аграпрамысловым комплексам…

 –  На самай справе я імкнулася ў педагогі. Настаўнікі… Такія прыгожыя адукаваныя, інтэлігентныя, былі маімі ідаламі. Так хацелася калі-небудзь стаць адной з іх. Але бліжэйшая навучальная ўстанова гэтага профілю знаходзілася ў Ваўкавыску, дзе невырашальным аказалася пытанне з жыллём. А ў Ашмянскім сельгастэхнікуме меўся інтэрнат. Туды і накіравалася. Хутка высветлілася: вывучаць бухулік даволі цікава. Я ў школе вучылася амаль на выдатна, мела дзве ці тры чацвёркі. Таму даволі лёгка развіталася з марай пра школьную кар’еру. Праўда, вопыту па спецыяльнасці так і не набыла. Спачатку ў калгасе, з якога атрымала накіраванне, не было месца, а пасля знайшла сябе ў паштовай справе. Увогуле, мяне жыццё пакідала. Я і швачкай працавала, і страхавым агентам. Адно скажу: за што б ні бралася, усё атрымлівалася. І гэта праўда.

 –  Як я Вас разумею! Так, дарэчы, не кожны можа. А ва ўсім свеце ўжо даўно цэняцца шматфункцыянальныя работнікі, якія маюць некалькі адукацый і вопыт работы ў розных сферах.

 –  О, тады я – ў авангардзе! Зараз, калі скончыла Віцебскую сельгасакадэмію і маю дыплом заатэхніка, як ніколі адчуваю сябе чалавекам, што трывала стаіць на нагах. Гатова ўдасканальвацца, мяняцца, расці.

 – Вось гэта правільна! Да пенсіі яшчэ далёка. І ў пэўным сэнсе Вы – малады спецыяліст.

–  Мне 47 гадоў, і толькі зараз атрымала вышэйшую адукацыю, аб чым марыла даўно. Асабістае жыццё маё, так бы мовіць, дало збой. Ад водгукаў таго краху давялося збегчы сюды, на Валожыншчыну. Зараз нават успомніць балюча, як я, тады яшчэ зусім маладая, разгубленая, з дзецьмі на руках, прыехала на незнаёмае месца з жаданнем самастойна пабудаваць для сябе, дачкі і сына наш маленькі сямейны рай. Дзякаваць Богу, бацькі працу паважаць навучылі, бо толькі дзякуючы ёй усё, да чаго імкнулася, сёння маю.

  –   Хтосьці дапамог, падтрымаў?

 – Свет поўны добрых людзей! Падтрымалі і родныя, і зусім чужыя. Асаблівая ўдзячнасць сястры Святлане, якая ў той час ужо жыла ў Валожыне. Былы кіраўнік нашай гаспадаркі Генадзій Бычкоўскі ўвогуле адыграў у маім жыцці ролю добрай феі – падарыў галоўны шанц. Так, ён не даў мне ўсё адразу і проста таму, што мне хацелася. Давялося пачынаць аператарам машыннага даення і лічыць гэта шчасцем. А дом, у які першапачаткова засяліліся, аказаўся звычайнай вясковай хатай. Самае галоўнае – у мяне з’явілася надзея на тое, што, калі добра заяўлю аб сабе, змагу палепшыць жыццёвы ўзровень. Так і атрымалася. Працавала нібы апантаная і ўжо праз год мне прапанавалі ўзначаліць ферму, у дачыненні да якой планавалася вялікая рэканструкцыя. Амаль адразу нам выдзелілі добрае жыллё, дзе жывём ўжо 14-ы год.

– Рэканструкцыя, пра якую ўспомнілі, была маштабнай.

 –  Я б сказала – грандыёзнай. Звычайную МТФ ператварылі ў сучасны комплекс, дзе сёння ўтрымліваюцца каля 1100 галоў буйной рагатай жывёлы, а калектыў складаецца з 30 работнікаў. Шмат будынкаў, памяшканняў на вялікай плошчы, дзе патрэбна падтрымліваць парадак, выконваць паказчыкі.

  –  На такое Вы наўрад ці разлічвалі…

  –  І блізка не меркавала. Таму веру: ад свайго лёсу не ўцячэш. І што належыць табе, ніхто не возьме.

  –  Вы фаталіст?

 –  Так, але я не той чалавек, які сядзіць і чакае з неба дароў ці пакарання. Лёс лёсам, а трэба старацца штосьці рабіць, да чагосьці імкнуцца.

  –  Вярнуліся да таго, з чаго пачалі… Вы – моцны чалавек. У чым жа Ваша сіла?

 – Юрый Гагарын, чый цвёрды характар, напэўна, ніхто не ставіць пад сумненне, сцвярджаў, што галоўная сіла чалавека ў сіле яго духу. Я з гэтым згодна.

– Аднойчы прынцэса Дзіяна, жанчына, незалежнасцю якой і пасля яе смерці працягваюць захапляюцца мільёны, выдала фразу: “Жанчына, якая лічыць, што яе жыццё напоўніць сэнсам можа толькі мужчына, відаць, не спрабавала працаваць…” Што Вы наконт гэтага думаеце?

  –  Што я думаю? У мяне быў муж. Ён хацеў стаць сэнсам майго жыцця, а напоўніў мае дні п’янствам, скандаламі, абразамі. Многім жанчынам, якіх я не разумею, гэта падыходзіць. Яны (о, жах!) гатовы мірыцца з пастаяннымі здзекамі, прыніжэннем. У выніку родныя дзеці імі ж грэбуюць і не даруюць загубленага дзяцінства.  Я не такая. Мне бруд не патрэбен, гатова на ўсё, каб зрабіць жыццё больш чыстым і годным. Таму знайшла сябе ў рабоце, захавала шчырыя сяброўскія адносіны з дачкой, якой зараз 26 гадоў, і сынам, яму – 22, дапамагла ім атрымаць адукацыю. Зразумейце правільна: я – за каханне, сям’ю, трывалыя адносіны, але што рабіць, калі гэта ўсё рушыцца? А вось прафесіяналізм, рэпутацыя, самадастатковасць нікуды не знікнуць.

 –   Да таго ж, як сказана ў культавым фільме “Масква слязам не верыць”, пасля сарака жыццё толькі пачынаецца. А Вам я больш за 35 не дала б...

– Пажывём – убачым. А за камплімент дзякуй!

  На мой погляд, Раіса Іванаўна, Вы – сапраўдная прыгажуня. Адна постаць чаго каштуе! Быццам шляхецкая.

 –  Цікава, што Вы так сказалі. З боку бацькі ў маім родзе ёсць такая лінія.

  А яна яшчэ, відавочна, і доглядам узмоцнена. Угадала?

 –  Ненавіджу неахайнасць. Адсутнасць прычоскі, нясвежае адзенне, падабранае без усялякага густу, і, асабліва, абы-якія рукі. Гэта ў маім разуменні не апраўдваецца ніякай занятасцю. Я лепш недасплю, але такой не буду. Да таго ж, прызнаюся: пры рацыянальным падыходзе да планавання рабочага і вольнага часу яго хопіць і на безліч спраў, і на адпачынак. Мне хапае.

  –  Раіса Іванаўна, ведаю людзей, якія б палічылі нашу гутарку сустрэчай дзвюх моцна эмансіпіраваных асоб.

  –  Калі маеце на ўвазе раўнапраўе ў сацыяльным сэнсе, то я сапраўды – эмансіпе. Але гэты факт не робіць мяне і іншых жанчын з такімі ж поглядамі бясполымі ці істотамі, падобнымі да мужчын. Усё ж мы –  дзяўчынкі, якія выраслі на казках пра Папялушку. І хоць з цягам часу наш ідэал  трансфармаваўся ў “жывучку” Скарлетт О’Хару (гераіня рамана Маргарэт Мітчал “Знесеныя ветрам”), усё ж працягваем трызніць рамантыкай. З задавальненнем адмовімся ад устаноўкі “Я сама”. Як толькі з’явяцца ў нашым жыцці тыя знакамітыя “шырокія плечы”, абавязкова за іх схаваемся. І рады будзем скінуць з сябе цяжар адказнасці, неабходнасць прымаць рашэнні.

 –   Каму і што сёння хацелі б пажадаць?

 –  А давайце звярнуся да мужчын. Паважаныя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва,  калі вас не задавальняе лішняя самастойнасць сучасных жанчын, іх сіла і жаданне пастаяннага росту, старайцеся пераўзысці іх у гэтым. Самавызначайцеся ярчэй, загартоўвайце сілы і развітайцеся нарэшце з інфантыльнасцю. А то ж часта атрымліваецца як у анекдоце: “Самы цяжкі перыяд у жыцці хлопчыка – першыя сорак гадоў”.  А жанчынам, як Вам і сабе, жадаю  не зніжаць градус актыўнасці і ніколі не здавальняцца чымсьці мінімальным. Помніце, мы можам і павінны дасягнуць максімуму.

  – Дзякуй за шчырасць! Я жадаю Вам поспеху і шчасця!

Задайте вопрос