У раённым аддзеле ўнутраных спраў у рамках Комплексу дадатковых мерапрыемстваў, скіраваных на папярэджанне супрацьпраўных паводзін грамадзян, адбылася сустрэча зацікаўленых асоб з жыхарамі раёна, што маюць алкагольную залежнасць, з-за здзяйснення правапарушэнняў ці ўчынення сямейнага насілля прыцягваліся да адказнасці.
У прафілактычнай гутарцы з дзевяццю мужчынамі і жанчынай прынялі ўдзел намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Латышаў, начальнік аддзялення аховы парадку і прафілактыкі Валерый Жук, старшыя інспектары таго ж аддзялення Наталля Вяршыцкая і Кацярына Барадака, урач псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт Хрысціна Падбярозкіна, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Мучынская, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк.
Кожны, хто прысвяціў сваю дзейнасць папярэджанню сацыяльнага недабрабыту, ведае: кантынгент, што звычайна трапляе на падобныя мерапрыемствы, вельмі складаны. У асноўнай масе гэта людзі з надломленымі лёсамі, няпростымі ўзаемаадносінамі ў сем’ях. Некаторыя пабывалі ў месцах пазбаўлення волі, з’яўляюцца абавязанымі асобамі, знаходзяцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце. Як адзначыў С. В. Латышаў, многія з іх, калі б асэнсавалі праблему (алкагалізм), здолелі б стаць на шлях выпраўлення. Такія выпадкі нярэдкасць. Асабліва калі ўлічыць, што апошнім часам хапае ўстаноў і дабрачынных арганізацый, дзе працуюць у кірунку пазбаўлення ад залежнасцей. Прычым большасць маюць добрую рэпутацыю і апрабаваныя сучасныя методыкі работы.
Хрысціна Сяргееўна расказала прысутным, на якую дапамогу яны могуць разлічваць на ўзроўні райпаліклінікі, правяла кароткі “лікбез” адносна кадзіравання. Урач патлумачыла сутнасць працэдуры, нагадала абставіны, калі звяртацца неабходна менавіта да яе. У першую чаргу такое магутнае псіхалагічнае ўздзеянне паказана людзям, што не здольны самастойна выйсці з запою. Калі ж пацыент нарколага ўсё ж можа справіцца з сабой і нейкі перыяд не ўжываць спіртное, яму паказана праходжанне рэабілітацыі ў цэнтры “Выток” (па накіраванні ад раённага нарколага – бясплатна, ліст непрацаздольнасці выдаецца толькі таму, хто пройдзе поўны курс – 29 дзён) ці ў навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.
Пра кожны нюанс сацыяльнай падтрымкі, на якую можна разлічваць, звярнуўшыся ў ТЦСАН, расказала Алена Жданюк. Яна ж раздала прысутным буклеты з інфармацыяй адносна рэабілітацыі і псіхалачнай дапамогі. Алена Віктараўна паведаміла і пра тое, што зараз жыхары раёна з алкагольнай залежнасцю могуць атрымаць падтрымку і ад Таварыства ананімных алкаголікаў (кожную нядзелю на базе белага касцёла ў Івянцы ладзяцца сустрэчы па праграме “12 крокаў”). А гэты кірунак, як вядома, ва ўсім свеце лічыцца перспектыўным і дзейсным.
Самае балючае, што вынікае з п’янства дарослых, – пакуты іх дзяцей – закранула С. І. Мучынская. Яна літаральна прасіла прысутных, асабліва жанчыну, пазбаўленую бацькоўскіх правоў у адносінах да адзінага дзіцяці, прыкласці намаганні і паспрабаваць перамагчы страшную звычку.
Патрэбна адзначыць, некаторыя з прысутных праявілі інтарэс да прадастаўленай інфармацыі, аднак знайшліся і такія, дастукацца да якіх практычна немагчыма. Усё ж праваахоўнікі і іншыя службовыя асобы не адчайваюцца. Работа па прафілактыцы п’янства і бытавога насілля на Валожыншчыне працягваецца.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



