У Палацы Незалежнасці 9 жніўня адбылася «Вялікая размова з Прэзідэнтам». Сустрэча кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці доўжылася 8 гадзін 15 хвілін. Удзельнікамі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» сталі амаль 300 чалавек. Усяго ж на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы прыйшло каля тысячы заявак, прычым трэць з іх ад прадстаўнікоў замежжа. Гэта «Вялікая размова з Прэзідэнтам» стала самым працяглым мерапрыемствам такога фармату. Прамую трансляцыю «Вялікай размовы» вялі каля 20 медыярэсурсаў Беларусі, Расіі і Украіны, у тым ліку і на англійскай мове.
У самым пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тэм для адкрытай размовы і абмеркавання назбіралася сапраўды шмат. «Таму сёння патрэбна гэта размова – у прамым эфіры, адкрытая, вочы ў вочы і без купюр», – заявіў Прэзідэнт.
Традыцыйна пытанні, якія прагучалі ў час сустрэчы, датычыліся ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, прычым размова ішла не толькі пра палітыку, але і пра развіццё адукацыі, удасканаленне сістэмы аховы здароўя, эканамічныя працэсы. Улічваючы сімвалічнасць мерапрыемства (яно праводзіцца ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў), шмат пытанняў было пра падзеі 2020 года – на іх кіраўнік дзяржавы адказваў асабліва падрабязна. Асобнай тэмай абмяркоўваліся адносіны з Захадам, процідзеянне санкцыям і сітуацыя на граніцах з ЕС.
Госці з-за мяжы пыталіся ў кіраўніка дзяржавы пра ўзаемадзеянне Беларусі з іх краінамі, у прыватнасці з Расіяй, Украінай, Літвой, Польшчай. А вось прадстаўнікі заходняй прэсы як адзін вырашылі сканцэнтравацца на пытанні аб нібыта пабоях і катаваннях у Беларусі. Але Прэзідэнт, як і абяцаў, адказаў і на гэта пытанне, прычым не адзін раз.
Удзельнікі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» не абмяжоўваліся толькі пытаннямі, але і выступалі з ініцыятывамі, выказвалі свой пункт гледжання, дыскутавалі адзін з адным і кіраўніком дзяржавы.
Сёння мы публікуем першы блок галоўных абмеркаваных тэм. Яны тычацца барацьбы краіны з COVID-19, пытанняў эканомікі, знешняй палітыкі і процідзеяння заходнім санкцыям.
Прыярытэт – выратаванню жыццяў
У размове кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ён сапраўды не ўдзяляў увагі правядзенню агітацыйнай перадвыбарнай кампаніі, таму што не гэта было ў прыярытэце ў той час – трэба было займацца пытаннямі лячэння людзей ад каранавіруса, выратавання жыццяў. «Я не самаўхіліўся. У мяне не было для гэтага часу. Мне трэба было абараніць людзей, выратаваць іх», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час, у адрозненне ад іншых дзяржаў, Беларусь не закрыла граніцы, не ўвяла каменданцкую гадзіну, хоць гэтага патрабавалі не проста палітыкі з-за мяжы, а спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. І тады яны былі запрошаны прыехаць і асабіста ацаніць абстаноўку.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь была адзінай краінай, якая пайшла на такі крок, прадаставіла экспертам СААЗ доступ ва ўстановы аховы здароўя. Па выніках гэтага візіту спецыялісты СААЗ, няхай і непублічна, але паміж сабой прызнавалі: аб тым, як арганізавана меддапамога ў Беларусі, трэба гаварыць на Захадзе, каб аб гэтым чулі тыя, хто крытыкуе Прэзідэнта, таму што ўзровень лячэння і бяспекі па барацьбе з кавідам у Беларусі – беспрэцэдэнтны. «Мы адмовіліся ад лакдаўна, нас білі, малацілі, як толькі хацелі, нас крытыкавалі ўсе, толькі лянівы не крытыкаваў за нашы падыходы, – нагадаў беларускі лідар. – Вы можаце сказаць: у чым розніца? Розніца, паважаныя сябры, у стаўленні да людзей. «Дыктатар» прыстойна паставіў задачу перад органамі ўлады і прыстойна, выбачайце за нясціпласць, адносіўся да людзей, без усялякага піяру».
«Аснова таго, што адбываецца ў першым паўгоддзі ў эканоміцы, была закладзена тады, калі мы не спынілі эканоміку, не загналі людзей у чатыры сцяны, калі мы выпрацавалі дакладны падыход да лячэння людзей – амбулаторны, клінічны і санаторны этапы. Назавіце хоць адну багатую дзяржаву, якая пайшла гэтым шляхам? А гэта немалыя грошы. Але людзі даражэй», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Не закрылі краіну – не спынілі эканоміку
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае правільнасць дзеянняў у краіне, выбраных у час пандэміі, – не закрываць краіну і не спыняць эканоміку.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў мінулым годзе спад сусветнага ВУП у асобных, у тым ліку вядучых, краінах быў каласальным. «Мы, па-мойму, 0,1 працэнта або 0,2 працэнта ўсяго толькі страцілі ў мінулым годзе да папярэдняга. Інакш кажучы, у нас у мінулым годзе быў вельмі высокі ўзровень. І да гэтага высокага ўзроўню года мы сёння прыраслі – прыкладна 3,5 працэнта. Для нас гэта добрыя паказчыкі. Зразумела: усё, што адбываецца, у многім абумоўлена знешнімі фактарамі і ўнутранымі. На знешніх рынках цэны на прадукты, на іншыя віды тавараў выраслі значна. А паколькі мы не закрыліся ў мінулым годзе, у нас дастаткова было тавару, каб на рынку прапанаваць да гэтага попыту наш тавар па высокіх цэнах. Таму мы атрымалі добры вынік. У тым ліку і ў плане знешняга сальда плацежнага балансу. Яно ў нас дадатнае», – канстатаваў ён.
Прэзідэнт адзначыў высокі попыт на беларускую прадукцыю. «Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Ва ўсім свеце, асабліва ў нашай братэрскай Расіі, на постсавецкай прасторы, Украіне і гэтак далей, людзі яшчэ раз убачылі беларускую прадукцыю. Асабліва прадукты харчавання. Мы нагандлявалі за паўгода каля $3 млрд на прадуктах харчавання і плануем у бягучым годзе перасягнуць $6 млрд. Але гэта не галоўны наш тавар. Гэта значыць, у нас было што пры дэфіцыце прапанаваць свету. І свет купіў. Ну, зразумела, рост аб’ёмаў. Пры такім попыце рост аб’ёмаў нас проста выратаваў», – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб знешняй палітыцы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што падзеі мінулага года многае паказалі і падштурхнулі Беларусь і Расію да больш актыўнага супрацоўніцтва.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, ні адны краіны не маюць такога ўзаемадзеяння, як Беларусь і Расія, таму дзяржавы без вялікіх намаганняў змогуць сумесна пераадолець любыя санкцыі, што ўводзяцца супраць іх.
У рамках Саюзнай дзяржавы засталося ўзгадніць толькі адну саюзную праграму. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, так званыя інтэграцыйныя карты былі перафармаціраваны ў саюзныя праграмы. Усяго іх 28. І засталося нявырашаным адно пытанне.
«Калі мы ў саюзе, калі бачым перспектыву, трэба выраўноўваць цэны і там, і тут. Або, як у вас прынята гаварыць, у свабоднае плаванне адпусціць. Захацелі – мы купілі там прыродны газ, дапусцім, у «Газпрама». Няма ў «Газпрама»? У іншай кампаніі – у вас іх шмат, якія здабываюць прыродны газ. Гэта значыць, свабодны павінен быць гандаль гэтым таварам. Адсюль будуць цэны. Мы не просім нізкіх цэн. Мы роўных цэн хочам», – падкрэсліў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што адзіная эканамічная прастора, якую выбудоўваюць Беларусь і Расія, прадугледжвае роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, прадпрыемстваў і людзей. Рыначныя ўмовы. «Мы згодныя на рыначныя ўмовы, але ўмовы павінны быць роўныя. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы пераадолеем усялякія бар’еры і выраўняем гэтыя ўмовы», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мне хацелася б спадзявацца, аб чым мы з Прэзідэнтам Расіі дамаўляліся, што ў гэтым годзе, у канцы года, адбудзецца Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы. І ён павінен быць этапны, там мы павінны прыняць вельмі сур’ёзныя рашэнні. Думаю, калі там расіяне ўжо вельмі пабаяцца па газе зрабіць які-небудзь крок па выраўноўванні ўмоў, мы гэтыя 28 саюзных праграм (карты былі перапрацаваны) прымем. Гэта будзе каласальны крок наперад», – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Адказваючы на пытанне аб гарызонтах стратэгічнага планавання, Аляксандр Лукашэнка з акцэнтам на Расію заўважыў, што адпаведныя планы ёсць і ў эканоміцы, і ў ваенна-палітычнай сферы.
Прэзідэнт адказаў на пагрозы Літвы спыніць транзіт калійных угнаенняў. «Пачалі круціць-вярцець. Стрэлілі сабе ў нагу. А цяпер хочуць закрыць нам парты для таго, каб грузіць хімічныя калійныя ўгнаенні», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў такім выпадку Беларусь перанакіруе патокі ў іншыя парты – на тэрыторыі Расіі. «Слухайце, мы паставім гэтыя аб’ёмы. У Мурманску загрузім. Гэта не пытанне. І па паўночным марскім шляху найкарацейшым шляхам паставім у Кітай. Гэта наш асноўны рынак. І ў Індыю – паўднёвы ўсход, – адзначыў беларускі лідар. – Пакуль мы не загналі адзін аднаго ў вугал, выходзіць з гэтай сітуацыі трэба цяпер. Але мяч на тым баку».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Літва заўсёды жылі і будуць жыць як суседзі – мірна і дружна. «Але калі – залежыць сёння ад нас. Нядаўна такі «брудны прамень» прамільгнуў – няхай Лукашэнка зробіць тое і тое, і тады мы будзем пра нешта гаварыць. Вы мне ўмовы не стаўце. Вы не маеце на гэта права. Я ні год і ні пяць гадоў на чале ўлады. Я не хаваў у Беларусі ні баевікоў, ні апазіцыянераў – яны таксама ў вас у Літве ёсць – я ніколі гэтага не рабіў. Я не рабіў недружалюбных крокаў у адносінах да Літвы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі вы хочаце, давайце пачнём на нейкім узроўні весці дыялог. Але без усякіх папярэдніх умоў. Таму што Беларусь не заслугоўвае вось такой размовы», – заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі выказаўся за выбудоўванне нармальных адносін з Польшчай.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават цяпер прадаўжаюцца кантакты з прадстаўнікамі Польшчы на розных узроўнях, у прыватнасці, абмяркоўваюцца пытанні гуманітарнага характару. Паводле яго слоў, ёсць прыклады, калі прадстаўнікі Польшчы выбудоўваюць паспяховы бізнес у Беларусі і гатовы прадаўжаць сваю справу, укладваць інвестыцыі. «Чаго мы будзем з бізнесам ваяваць або з палякамі? Навошта? Гэта ж нармальныя людзі, з якімі нам жыць», – канстатаваў беларускі лідар.
У той жа час ён звярнуў увагу на крывадушныя заявы асобных польскіх палітыкаў і ў прыватнасці Анджэя Дуды.
Аднак шлях да дыялога праз выстаўленне папярэдніх умоў немагчымы, упэўнены Прэзідэнт. «Не тая сітуацыя, каб мне выстаўляць нейкія ўмовы, – падкрэсліў ён. – Знойдзем мы агульную мову, таму што нам ад гэтага нікуды не дзецца».
У час размовы Аляксандр Лукашэнка заявіў аб датычнасці афіцыйных органаў улады Украіны да перакідкі зброі ў Беларусь. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў беларускіх СМІ неаднаразова паказвалася, як з Украіны ў Беларусь перакідваюць узрыўчатку і боепрыпасы. «Наш старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі вельмі дакладна сказаў: мы бачым, хто з сілавікоў і афіцыйных органаў улады ва Украіне гэта арганізоўвае», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Ніякіх мы санкцый у адносінах да вас уводзіць не збіраемся», – заявіў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне ўкраінскага журналіста Паўла Зялінскага. «Але вы так паводзіце сябе, выбачайце мне, крыху подленька», – дадаў Прэзідэнт Беларусі, адзначаючы, што ўкраінскі бок звяртаецца да куплі беларускай электраэнергіі або паліва, калі яму патрэбна, але пры гэтым крытыкуе нашу дзяржаву.
«Мы не будзем страляць сабе гэтым самым у нагу, таму што гэта і для нас будзе балюча. Амаль $6 млрд тавараабарот – значны. І для вас выгадна, і для нас. Але вы паводзіце сябе часам вельмі нядобра», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прыгадаў ён і «антыдэмпінгавыя разборы» па газасілікаце, іншых будматэрыялах. «Не трэба так рабіць. Гэта ж эканоміка, а не палітыка, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Таму вам не варта сябе так паводзіць і бразгаць санкцыйнай зброяй, таму што вы самі вельмі залежныя».
Пра санкцыі і процідзеянне ім
Гаворачы аб развіцці беларускай эканомікі ва ўмовах санкцыйнага націску, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што экспарт сапраўды важны для краіны, таму што значныя аб’ёмы вырабляемай прадукцыі прызначаны для пастаўкі на знешнія рынкі. Аднак рынкі Еўрапейскага саюза і ЗША, якія цяпер уводзяць санкцыі, для Беларусі не з’яўляліся прыярытэтнымі, айчынную прадукцыю туды ніколі асабліва і не пускалі, адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама нагадаў, што Беларусь практычна ўвесь час знаходзілася пад уплывам тых ці іншых санкцый. Адзіны перыяд без іх – калі па прапанове лідараў Расіі і Германіі Уладзіміра Пуціна і Ангелы Меркель Мінск быў выбраны ў якасці месца правядзення перагавораў у «нармандскім фармаце» па ўрэгуляванні крызісу на паўднёвым усходзе Украіны.
«Ім, хто не думае галавой, перш чым уводзіць супраць нас нейкія меры, у тым ліку санкцыйныя, трэба проста думаць. Не хапаць тое, што нашы пратэстуны, збеглыя там з гэтых асноўных цэнтраў. Хапаюць гэта, мы гэта бачым па тэксце. Чытаем іх тэкст і потым тое, што прымаюць у Еўрасаюзе і Амерыцы – адзін у адзін з памылкамі. І трэба было б журналістам надрукаваць і даць. У мяне ёсць табліца, я папрасіў – за што пакаралі БЕЛАЗ, за што пакаралі калектыў МАЗа і гэтак далей. І там ну проста смешныя і вельмі цікавыя абгрунтаванні і матывацыя гэтых санкцый. Вельмі цікава. Яны нават тут не могуць скласці нармальную матывацыю – за што?» – сказаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар паставіў задачу – вытрымаць гэты ўзровень.
«Не трэба брацца за санкцыйныя тапары і вілы. Тым больш яны могуць мець адваротны эфект. Што паказвае рэчаіснасць? Тое, што на слыху: падзеі на беларуска-польскай, беларуска-ўкраінскай, беларуска-літоўскай і латвійскай граніцы. Гэта камусьці патрэбна было ў Літве? Не. А з чаго пачалося? Справа не ў санкцыях, не толькі ў санкцыях і не столькі – справа ў тым, што нам паспрабавалі забараніць будаваць атамную электрастанцыю. Мы нешта рабілі не тое? Тое, што ў свеце не робіцца? Ды не. Тая ж Літва, якая гвалтам крычала наконт атамнай станцыі, у сябе плануе пабудаваць. Але для гэтага патрэбна мабілізацыя і адпаведная дапамога. Грошы трэба пазычыць у некага, а потым вярнуць. Што вінен, аддаць павінен. Вось з таго ўсё і пачалося, – падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт дадаў: «Як бы ні было складана і цяжка, мы перажылі гэты год. Ён быў няпросты. Мы вытрымаем і іншыя гады. Але мы не адступім, не станем на калені. Хопіць. Нас ставілі на калені. А хто не станавіўся, таго знішчалі – кожнага трэцяга – у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Хто гэтага не ведае, прыязджайце часцей – мы вам раскажам».
Беларускі лідар расказаў аб магчымасці ўвядзення адказнасці за заклікі да санкцый.
Прэзідэнт Беларусі расказаў, якой ён бачыць Беларусь у будучым
«Я хачу, каб у нас была спакойная краіна, усё астатняе мы купім. Нам няшмат трэба. Каб купіць, мы грошы знойдзем. А ў асноўным сваімі мазгамі, сваімі рукамі ўсё вырабім, што мы і робім цяпер. Галоўнае – асабістае імкненне. Мы не будзем скоўваць асабістую ініцыятыву людзей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спакой можа быць толькі тады, калі для гэтага ёсць нармальная эканамічная аснова, калі ў людзей ёсць работа. «Калі чалавек хоча і можа, ён у Беларусі заўсёды заробіць. Хто не можа – мы заўсёды падтрымаем такіх людзей», – падкрэсліў беларускі лідар.
Валожынцы дзеляцца меркаваннямі

Альфрэд НЕХВЯДОВІЧ,
намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы:
– У “Вялікай размове” кіраўнік дзяржавы закрануў тэму барацьбы з COVID-19. Сапраўды, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, другі год вядзецца непрымірымая вайна з гэтай віруснай інфекцыяй. З улікам таго, што захворванне мала вывучанае, а таму непрадказальнае, лічу, мы досыць паспяхова супрацьстаім яму. У Валожыне гарачая барацьба была разгорнута ў часовым інфекцыйным шпіталі. Зараз яна ідзе на паліклінічным узроўні. Міністэрствам аховы здароўя распрацаваны і дзейнічаюць эфектыўныя схемы амбулаторнага лячэння лёгкага цячэння захворвання, што дазваляе пазбягаць вялікай нагрузкі на стацыянары. Хворыя, што змагаюцца з сімптомамі віруснай інфекцыі дома, не застаюцца сам-насам з праблемай.
У выпадках, якія можна ахарактарызаваць як “сярэдняй цяжкасці” і “цяжкія”, нашы жыхары адпраўляюцца ў Маладзечна ці Вілейку. Пры неабходнасці шпіталь зноў разгорне работу. Такі рацыянальны падыход дае добры вынік. Эканомяцца рэсурсы, медыкі ў час, калі крывая эпідэміі ідзе ўніз, маюць магчымасць паглыбіцца ў свае непасрэдныя абавязкі. Лічу арганізацыю нашай дзейнасці па барацьбе з каранавірусам годнай і паспяховай. Думаю, мае калегі ацанілі падтрымку дзяржавы ў выглядзе належных выплат, арганізацыю работы па забяспечанасці медыкаментамі і сродкамі індывідуальнай аховы. Хочацца толькі, каб і людзі былі ўдзячнымі за ўсё, што робіцца для захавання іх здароўя, і, па-першае, актыўна выкарыстоўвалі ахоўныя сродкі, выконвалі прафілактычныя патрабаванні і, па-другое, абавязкова прайшлі вакцынацыю, на якую ў рэспубліцы выдаткаваны немалыя грошы.

Софія КАВЯЗА, былы рэдактар раённай газеты “Працоўная слава”
– Шчыра ўдзячна ўсім, хто мае дачыненне да барацьбы з каранавірусам. Я асабіста адчувала і адчуваю клопат пра сябе і з боку медыцыны, і з боку сацыяльнай службы, і з боку дзяржавы ў цэлым. З’яўляюся заўзятым наведвальнікам аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН. Да нас пастаянна прыходзяць медыкі, праводзяць прафілактычныя гутаркі, вучаць ахоўваць сябе і блізкіх ад заражэння. У выніку мы не хварэлі масава, а тыя, хто ўсё ж падхапіў вірус, з дапамогай урачоў і медработнікаў паспяхова справіліся з ім. Увогуле людзі, у тым выпадку з іншых раёнаў, Валожынскай райбальніцы спяваюць оды – настолькі тут аператыўна аказваецца дапамога хворым з COVID-19. Хваляць пацыенты і стаўленне да хворых з боку медыкаў і выключныя ўмовы ў так званай «чырвонай зоне», якія адпавядаюць усім патрабаванням. Таму скажу так: нам няма на што наракаць. Шкада толькі, што ёсць тыя, хто не справіўся з захворваннем. Але ж падобная (і значна горшая) карціна і ў іншых краінах. Што зробіш, калі вірус такі каварны? Неабходна нам і самім клапаціцца пра сябе – не дапускаць заражэння.

Ганна РУБАЦКАЯ,
вядучы эканаміст Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва”:
– Пагаджуся з выказваннем Аляксандра Рыгоравіча пра эканоміку. Каб мець вынік, трэба старацца. Нягледзячы на выклікі часу, мы працуем стабільна. За першае паўгоддзе з апераджальнымі тэмпамі ідзе рэалізацыя цвёрдых відаў паліва. Наш філіял аказвае і іншыя паслугі: транспартныя, вытворчасць пілетаў, раздробліванне дроў. Стараемся прасунуць сваю прадукцыю на замежныя рынкі: па-ранейшаму супрацоўнічаем з Германіяй. А на
айчынным рынку нашымі спажыўцамі з’яўляюцца сеткі гіпермаркетаў “BIGZZ”, “Карона”. Увогуле, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг сёлета ў параўнанні з леташнім перыядам вырасла на 120,6 працэнта.

Анатоль КУЛАК, колішні намеснік старшыні райвыканкама:
– Беларусь, як і іншыя краіны, мае права самастойна вырашаць унутраныя праблемы, прымаць адказныя рашэнні. Нам чужыя меркаванні і ўяўленні адносна таго, як наладжваць жыццё, не патрэбны. Мы ні да каго не лезем са сваімі парадамі. Дык чаму ж хтосьці, хто нарадзіўся, вырас і жыве далёка ад мірнай незалежнай краіны, дае сабе права нас судзіць? Не прыпомню, каб мы камусьці пагражалі ці ўмешваліся ў палітыку якой-небудзь дзяржавы. Наадварот, за Рэспублікай Беларусь безліч шыкоўных крокаў у кірунку міратворства. Я б пажадаў кіраўнікам усіх краін сёння, калі накальванне эмоцый дайшло да крытычнай рысы, вытрымліваць нейтралітэт, паважаць сябе і іншых, і спыніць нарэшце шкодную для ўсіх бакоў гульню з санкцыямі.

Уладзімір СЁМІН, падпалкоўнік у адстаўцы, намеснік старшыні савета раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”:
– Падчас васьмігадзіннай “Вялікай размовы” з кіраўніком Беларусі, якую праслухаў вельмі ўважліва, яшчэ раз упэўніўся ў тым, як важна і асобным людзям, і цэламу народу жыць уласным розумам, ні ў якім выпадку не дапускаць чужога ўмяшальніцтва ў свае справы. На жаль, ва ўсе часы былі аматары гуляць з такой тонкай рэччу, як мір. А, між іншым, любы аспект міжнароднай палітыкі важны для захавання стабільнасці ў цэлым свеце.
Беларусы, як заўсёды падкрэслівае наш Прэзідэнт, народ неваяўнічы. Толькі гэта не значыць, што мы дазволім ставіць сябе на калені. Як афіцэр пацверджу: беларуская армія скіравана на абарону рубяжоў уласнай краіны. Аднак пры неабходнасці нашы ваенныя здольны даць годны адпор любому, хто пажадае дыктаваць нам, як жыць. Асабіста я параіў бы замежным “добразычліўцам” засяродзіцца на ўласных справах.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду і ЗША супраць нашай краіны на справе ператвараецца ў спробы выціскання беларускіх кампаній з сусветных рынкаў. Паразрываныя прамысловыя кантракты, дагаворы па рэалізацыі
айчыннай прадукцыі накіраваны не толькі на падрыў нашага эканамічнага ўкладу, але і на разбурэнне сацыяльнай сферы, дзяржаўных праграм па ўмацаванні здароўя народа, падтрымкі нараджальнасці, шматдзетных сем’яў, моладзі, пажылых людзей. І тыя, хто за мяжой заклікае да санкцый, прыкрываючыся імёнамі беларускіх работнікаў, дзейнічаюць, па меншай меры, цынічна.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі катэгарычна асудзіла дзеянні ЕС. Былі сабраны больш за 1 мільён подпісаў і запісаны тысячы відэазваротаў супраць санкцый. Мы не павінны ісці на повадзе ў тых, хто сёння сее разлад.

Таццяна ЦІГАНІНА, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:
– Наша эканоміка, як жыццё – неразрыўны ланцужок. І вельмі страшна, калі будзе парвана ў ім хоць адно звяно. Усім зразумела, калі спыніцца хоць адзін завод, асабліва гігант, работу страцяць сотні людзей, цэлыя сем’і, якія працуюць тут дынастыямі. Таму яны заклапочаны, ці будуць мець работу і сродкі да існавання заўтра. Далейшыя наступствы санкцый відавочныя: недапаступленні падаткаў, недахоп у бюджэце – а менавіта адсюль складваюцца адлічэнні ў самыя розныя і запатрабаваныя сферы жыцця, такія, як медыцына, адукацыя і інш. Усё ўзаемазвязана. Спадзяюся, што здаровы розум ва ўсім свеце павінен перамагчы.



