У перыяд, калі большасць бацькоў, чые дзеці з’яўляюцца школьнікамі, заняты набыццём неабходных для вучобы рэчаў, у раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшла сустрэча кіраўніцтва і супрацоўнікаў, у сем’ях якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей.
Трое дзяцей у сем’ях:
намесніка начальніка РАУС падпалкоўніка Аляксандра Акушкі;
намесніка начальніка аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі
маёра Аляксея Ярашэвіча і яго жонкі, старшага інспектара Ірыны Ярашэвіч;
старшага ўчастковага інспектара капітана Дзяніса Богдана;
старшага інспектара ДА ,маёра Наталлі Шапарэвіч;
міліцыянера-вадзіцеля, прапаршчыка Віктара Брылеўскага.
Чацвёра дзяцей у сям’і старшага інспектара Таццяны Сухадолец.
Не ўсе шматдзетныя бацькі змаглі прысутнічаць на сустрэчы, службовыя абавязкі для людзей у форме – заўсёды на першым месцы. Аднак грашовыя сертыфікаты на набыццё канцылярскіх тавараў у адным з магазінаў Валожына ўсім, хто адсутнічаў, абавязкова будуць перададзены.
Да тых, каму служба дазволіла завітаць у залу пасяджэнняў райаддзела, звярнуўся начальнік РАУС Дзмітрый Вяроўчык. Ён пажадаў шматдзетным бацькам і іх нашчадкам здароўя і поспеху ў службе і вучобе, затым асабіста ўручыў падарункі.
Як адзначыў Аляксандр Акушка, у вялікім і дружным калектыве супрацоўнікаў міліцыі Валожынскага райаддзела мноства цудоўных традыцый. Падтрымаць шматдзетныя сем’і напярэдадні 1 верасня – адна з іх.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



