Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

І ПРАЦАВАЦЬ, І СЯБРАВАЦЬ УМЕЮЦЬ

26.08.2021

Абмен вопытам – цудоўная форма павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў, прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў. Калі ж узаемныя візіты ладзяцца прадстаўнікамі розных раёнаў, эфектыўнасць абмену павышаецца ў разы.

На гэтым тыдні ў госці да Валожынскага прадстаўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў завіталі актывісты і валанцёры Стаўбцоўскага прадстаўніцтва. Спачатку госці зазірнулі ў Івянец, дзе знаходзіцца офіс лідара райарганізацыі Віктара Субача. Наяўнасць у кабінеце ўсяго неабходнага для работы, уключаючы набор аргтэхнікі і Інтэрнэту, заставіў гасцей прызнацца ў “прыступе белай зайздрасці”.

Наступным пунктам праграмы стаў Валожын, а дакладней аддзяленне дзённага наведвання для людзей з інваліднасцю тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з якім у таварыства даўнія ўзаемакарысныя стасункі. Тут гасцей сустрэла загадчык аддзялення Таццяна Акушка. Віктар Альгертавіч расказаў пра схему ўзаемаадносін з сацыяльнай установай, Таццяна Вітальеўна правяла экскурсію па памяшканнях аддзялення, расказала пра работу спецыялістаў, адносіны з наведвальнікамі і іх сем’ямі. Гасцей шчыра ўразіла матэрыяльная база ўстановы, а таксама добра наладжаная сістэма падтрымкі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

Старшыня Стаўбцоўскай арганізацыі Зінаіда Катлашэўская адзначыла, што на Валожыншчыне яна не ўпершыню, і з В. А. Субачам іх звязваюць па-сапраўднаму шчырыя сяброўскія зносіны. Разам са сваім намеснікам Марынай Халецкай яна ўручыла памятныя сувеніры гасцінным гаспадарам, а супрацоўніца цэнтра народнай творчасці вёскі Ябланеўка Стаўбцоўскага раёна Ала Янская выканала песню Булата Акуджавы “Вінаградная костачка”, якую з задавальненнем падпявалі як прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны, так і валожынцы. Падарункі для калег і аднадумцаў з суседняга раёна падрыхтаваў і прымаючы бок.

Развітаўшыся з Валожынам, дэлегацыя накіравалася ў вёску Белакорац, дзе інжынер-эколаг заказніка “Налібоцкі” правяла пазнавальную экскурсію. У альтанцы на беразе Іслачы падарожнікам прапанавалі паходны абед, пасля чаго паездка прадоўжылася ў пасёлак Першамайскі да помніка партызанам, ва ўрочышча Вялае да рэзідэнцыі графа Тышкевіча і на Пагарэльскае возера, дзе знаходзяцца могілкі 1600 года.

Завяршылася насычаная праграма ў Івянцы. Падчас развітання Віктар Альгертавіч падзяліўся з калегамі гуманітарнай дапамогай, якую атрымаў ад адной з арганізацый Мінскай вобласці.

Госці актыўна выказвалі захапленне ад убачанага ў час візіту. Ім спадабаўся і гарысты ландшафт райцэнтра, і ўтульнасць гарадскога пасёлка, чысціня на іх вуліцах. Уразіла безліч памятнікаў архітэктуры і памятных месцаў. Асабліва шмат цёплых слоў было выказана ў адрас Віктара Субача, які, не зважаючы на ўласную інваліднасць па досыць складаным захворванні, здолеў наладзіць выключна дзейсную работу па падтрымцы не толькі інвалідаў, але і шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтара і Віктара СУБАЧА

Задайте вопрос