Алена КЛАЧКО,
дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына:
– На Рэспубліканскі педагагічны савет з’ехалася педагагічная грамадскасць з усіх куткоў нашай рэспублікі. У першы дзень яго работы працавала 13 секцый. Цікавым і карысным быў вопыт не толькі сталічных устаноў адукацыі, але і Гродзенскай вобласці, якія ўключыліся ў інавацыйную дзейнасць па стварэнні бяспечнага і бесканфліктнага асяроддзя, аказанні псіхалагічнай дапамогі вучням у крызісных сітуацыях праз стварэнне школьных служб медыяцыі.
Уразіла выступленне кіраўніка дзяржавы, нераўнадушнага да таго, хто і як арганізуе навучальны і выхаваўчы працэсы ў школе, падкрэсліваючы, што школа – гэта не сфера адукацыйных паслуг, а перш за ўсё – апора дзяржавы. Менавіта настаўнік стаіць ля вытокаў фарміравання адзінай нацыі, таму грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога павінна быць прыкладам для вучня, калег, бацькоў.
Ва ўстановах адукацыі створаны бяспечныя ўмовы для знаходжання вучняў. Аднак педагогам неабходна больш увагі надаваць зносінам дзяцей у школе. У апошні час у дзіцячых калектывах распаўсюджаны такія з’явы, як булінг (ганенне), дзеці часам становяцца ізгоем у класе. Настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у вырашэнні канфліктных сітуацый. Акрамя таго, па статыстыцы амаль 40 працэнтаў бацькоў маюць цяжкасці ў выхаванні дзяцей і патрэбу ў кваліфікаванай дапамозе педагогаў. Бацькам трэба давяраць школе, кампетэнтнасці педагогаў, быць іх саюзнікамі.
Ганна САДОЎСКАЯ,
настаўніца працоўнага навучання СШ № 2 г. Валожына:
– Я прымала ўдзел у рабоце секцыі
№ 12 “Стварэнне бяспечнага і сяброўскага асяроддзя ва ўстанове адукацыі”, дзе разглядаліся пытанні аб рэалізацыі сістэмнага падыходу ў адукацыйнай сферы, накіраванага на прафілактыку і вырашэнне складаных крызісных сітуацый. Таксама абмяркоўваліся пытанні сучасных падыходаў да работы з канфліктным узаемадзеяннем усіх узроўняў ва ўстанове адукацыі (медыяцыя і яе магчымасці для дзяцей, бацькоў, педагогаў), аб нарматыўна-прававой граматнасці педагагічнага работніка. Пазнаёміліся з вопытам работы па стварэнні сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ў гімназіі № 146 г. Мінска, дзе і праходзіла наша секцыя.
Вечарам у Вялікім тэатры Беларусі адбыўся святочны канцэрт – атрымала сапраўдную асалоду ад цудоўных вакальных і харэаграфічных нумароў вядучых артыстаў тэатра.
На другі дзень педагагічны савет прадоўжыў сваю работу на плянарным пасяджэнні, дзе можна было азнаёміцца з выставай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, навінкамі вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, з адукацыйнымі рэсурсамі і тэхналогіямі ў сферы адукацыі. Перад педагогамі выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
Інна КЕРБЕДЗЬ,
настаўнік працоўнага навучання СШ № 1 г. Валожына:
– Першы дзень удзелу ў Рэспубліканскім педагагічным савеце запомніўся плённай работай у секцыі “Аб’яднанне намаганняў удзельнікаў выхаваўчага працэсу ў вырашэнні важнейшай дзяржаўнай задачы выхавання грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны”. Падчас канструктыўнага дыялогу ў чарговы раз упэўнілася ў тым, што адна з галоўных задач выхаваўчага працэсу – фарміраванне асобы дзіцяці як грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны.
Плянарнае пасяджэнне праходзіла ў сяброўскай, цёплай атмасферы. Былі закрануты важныя пытанні, якія тычацца кожнага з нас: удасканаленне сістэмы адукацыі і выхавання, пераемнасці пакаленняў, павышэння прэстыжу школы і педагагічнай прафесіі. Усё гэта не магло пакінуць мяне раўнадушнай як педагога, як маці, як члена грамадства.
Атрымаўшы зарад энергіі, шмат станоўчых эмоцый на новы навучальны год, работу буду планаваць з улікам усяго вышэй сказанага, робячы ўпор на развіццё асобы вучня, яго станаўленне, выкарыстоўваючы ўсё сваё педагагічнае майстэрства, навыкі і веды дзеля таго, каб з дзяцей пасля выраслі сапраўдныя прафесіяналы, годныя грамадзяне нашай любімай Беларусі.
Вольга БАРБАШЫНСКАЯ, выкладчыца замежнай мовы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя:
– Рэспубліканскі педагагічны савет прайшоў у актыўнай і пазнавальнай форме. Секцыя № 5, куды была размеркавана, праходзіла ў Мінскім прафесійным ліцэі транспартнага будаўніцтва, дзе разглядалася тэма “Развіццё прафесіянальнай адукацыі ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах”. Падчас размовы актыўна абмяркоўвалася праблема недабору ў такія навучальныя ўстановы. Падчас знаёмства з выставай эфектыўных педагагічных парктык і творчых дасягненняў педагогаў “Вопыт, творчасць, інавацыі” асабліва ўразіў дапаможнік па дыстанцыйным навучанні, які распрацаваны для ўсіх відаў устаноў адукацыі.
Вельмі змястоўным, канкрэтным і дэталёвым быў даклад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Вялікую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў патрыятычнаму выхаванню моладзі. Прысутныя звярнуліся да Прэзідэнта ўвесці ў вучэбна-выхаваўчы працэс абавязковае наведванне вучнямі найболь вядомых мясцін Беларусі, у тым ліку і рэгіянальныя славутасці. З натхненнем успрынялі прапанову Прэзідэнта аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. Вялікая роля ў гэтым адводзіцца бацькоўскім сходам, дзе патрэбна праводзіць выхаваўчую работу і сярод бацькоў. З выступлення лідара дзяржавы даведаліся аб павышэнні зарплаты работнікам сферы адукацыі, асабліва класным кіраўнікам, куратарам, работнікам дашкольных устаноў. Асабліва кранула, калі Прэзідэнт выказаў пажаданне зрабіць беларускую школу лепшай у свеце.



