Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Свята беларускага пісьменства

06.09.2021

У мінулыя выхадныя ў горадзе Капыль – краі Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, Алеся Адамовіча, Яна Скрыгана, кампазітара Адама Русака і інш. – прайшоў XXVIII Дзень беларускага пісьменства.

Інтэрактыўная пляцоўка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.Кіраўнік “Скарбніцы” Наталія КЛІМЕНАК прадставіла работы Алены Рыснік.Ганчарныя вырабы прадставіў член народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” і Беларускага саюза майстроў Алег КАПУСТА.Выстава члена народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Ларысы МЫТНІК.

Сярод шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў свята былі і прадстаўнікі Валожыншчыны. На спецыяльна адведзеных пляцоўках разгарнулі свае выставы член Беларускага саюза майстроў Алег Капуста і член народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Ларыса Мытнік. Кіраўнік аб’яднання Наталія Кліменак прадставіла работы Алены Рыснік. Працавала інтэрактыўная пляцоўка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. На Капыльшчыну завіталі яго кіраўнік Наталля Жылевіч, паэты Наталля Жызнеўская, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская. Прадстаўнікі дэлегацыі нашага раёна з задавальненнем пазнаёміліся са старажытным горадам, сталі сведкамі выдатных падзей, што адбыліся ў той дзень.

Памятны знак “Майстар-гарбар”.

Ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты памятны знак “Майстар-гарбар” каля раённага краязнаўчага музея, што ўвасабляе сабой рабочага-рамесніка канца ХIХ-першай паловы ХХ стагоддзя і прысвечаны вядомаму капыляніну-пісьменніку – Цішку Гартнаму (Дзмітрыю Жылуновічу), які распачынаў сваю працоўную дзейнасць у гарбарнай майстэрні, дзе цяпер і размясціўся музей. Падзея дала падставу для нараджэння новай традыцыі: у жыхароў і гасцей горада абавязкова споўніцца любое жаданне, калі пацерці капыл, што трымае ў рухах майстар.

Цудоўным падарункам для капылян стала і Алея пісьменнікаў у цэнтры горада. Ганаровую місію перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку выканалі шаноўныя госці свята намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, а затым усе прайшліся па алеі, дзе размешчаны інтэрактыўныя лаўкі, кожная з якіх пазначана літарамі кірыліцы (у адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў). На іх нанесены QR-код, што з дапамогай мабільнага тэлефона дазваляе даведацца пра літаратара і напісаныя ім творы.

Нацыянальную літаратурную прэмію атрымаў наш зямляк Віктар ШНІП.

Падчас урачыстага адкрыцця свята намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў прывітанне гасцям Дня беларускага пісьменства ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тут жа была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія, на якую прэтэндавалі 59 пісьменнікаў. Прыемна было бачыць у ліку пераможцаў нашага зямляка Віктара Шніпа. Ён быў адзначаны ў намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” за кнігу вершаў “Белае, чорнае і залатое”. Таксама ўзнагароды з рук міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова атрымалі Віктар Праўдзін у намінацыі “Лепшы твор прозы” за кнігу “Парыж, Эйфелева вежа і…”, Алесь Карлюкевіч у намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі”, Аляксандр Радзькоў у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі”, Валянціна Паліканіна ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, Кацярына Стройлава ў намінацыі “Дэбют”. Цудоўная канцэртная праграма стала ўпрыгажэннем свята.

Народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” на абласным фестывалі “Капыльскія пацехі” заваяваў Дыплом лаўрэата I ступені.

У Дзень беларускага пісьменства прайшоў і абласны фестываль “Капыльскія пацехі”, на які завіталі артысты гульні і гумару з Міншчыны і іншых рэгіёнаў краіны. Валожынскі раён прадставіў народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” Дубінскога сельскага клуба. Сярод 23 удзельнікаў ён заваяваў Дыплом лаўрэата I ступені. Кіраўнік гурта Валерый Мазура атрымаў узнагароду, а таксама каштоўны падарунак з рук старшыні журы, вядомага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, старшыні журы Рэспубліканскага свята гумару ў Аўцюках Уладзіміра Ліпскага.

Дзень прайшоў цікава і насычана. Жыхарам і гасцям Капыля прапаноўваліся шматлікія канцэртныя праграмы, прэзентацыі навінак кніжных выдавецтваў, сустрэчы з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі і выдаўцамі, выступленні паэтаў і пісьменнікаў, разнастайныя выставы. Адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Лаўскі бой”. Радавалі вока вясковыя падворкі, багаты асартымент прадукцыі прапаноўвалі гандлёвыя кропкі. Завяршыўся культурны форум выдатным канцэртам і грандыёзным святочным салютам.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Задайте вопрос