Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Вакцына – тое, што нас выратуе

09.09.2021

Індыкатар тэмпературы ў маразільнай камеры з вакцынай.

Як і ва ўсім свеце, у Беларусі па-ранейшаму востра стаіць пытанне вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. Прычым у многіх краінах вакцын не хапае, у нас жа – патрэбна толькі заявіць аб сваім жаданні.

Логер з графікам тэмпературнага рэжыму.

Напачатку вясны людзі, ставячыся з перасцярогай да толькі-толькі з’явіўшайся магчымасці зрабіць прышчэпку, старанна вывучалі ўсю даступную інфармацыю адносна дзеяння вакцын. Многія рашуча рабілі крок наперад да знакамітых 60% (працэнт вакцынаванага насельніцтва, які, па сцвярджэнні вучоных, дапаможа чалавецтву перамагчы COVID-19). Да сярэдзіны лета актыўнасць грамадзян нарастала, а пасля таго, як са сродкаў масавай інфармацыі сталі паступаць звесткі пра тое, што колькасць захварэўшых ідзе на спад, адклалі паход у працэдурны кабінет да часу, калі вірус зноў актывізуецца.

Загадчык райпаліклінікі Аляксандр Бурак упэўнены: лепшы час для гэтага настаў. Менавіта зараз, калі інфекцыя пакуль яшчэ не лютуе, больш шанцаў не заразіцца адразу пасля вакцынацыі (ці між прыёмамі доз), калі не паспеў выпрацавацца трывалы імунітэт. Тыя, хто ўжо вакцынаваўся ці зробяць гэта да наступлення новай хвалі, маюць усе шанцы пазбегнуць захворвання ці хаця б перанесці яго ў лёгкай форме.

Тэрмакантэйнер дэманструе медсястра працэдурнага кабінета Анастасія ШАКУН.

Як паведамілі ў працэдурным кабінеце, колькасць жадаючых папоўніць рады вакцынаваных няўхільна расце. Штодзённа прышчэпку робяць ад 10 да 20 чалавек. Працягваюць арганізоўвацца выезды ў працоўныя калектывы. Толькі нядаўна медыкі наведаліся ў санаторый “Налібоцкая пушча”, ільнокамбінат, воінскую часць 30695, газавае прадпрыемства і інш. На сёння ў Валожынскім раёне вакцыну атрымалі 13,8% насельніцтва раёна (сярэдні паказчык па вобласці). Большасць прышчэплены вакцынай “Спутнік V”. Першую дозу кітайскай вакцыны атрымалі 430 чалавек, амаль усе з іх атрымалі і другую дозу. Зараз у райпаліклініцы і паліклініцы Івянца можна без усякіх перашкод зрабіць прышчэпку расійскай вакцынай. У хуткім часе чакаецца і новае паступленне кітайскай.

Каб нашы грамадзяне не сумняваліся ў сур’ёзнасці мер, што прымаюцца для правільнай транспарціроўкі і захоўвання вакцыны, А. А. Бурак асабіста правёў для нас невялікую, але пазнавальную экскурсію ў працэдурны кабінет, дзе падрабязна расказаў пра работу, што выконваецца для таго, каб яна не страціла сваю эфектыўнасць.

Сур’ёзныя прэпараты патрабуюць не менш сур’ёзных мерапрыемстваў па транспарціроўцы і захоўванні. У першую чаргу гэта тычыцца падтрымання неабходнага тэмпературнага рэжыму. Упакаваныя належным чынам дозы пры паступленні ў нашу краіну захоўваюцца на складах рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Пасля размеркавання між раёнамі яны прыбываюць на месца пры дапамозе транспарту РУП “Мінская фармацыя” ці дастаўляюцца ўласным транспартам райбальніц з выкарыстаннем спецыяльных тэрмакантэйнераў, у якія ўкладваюцца халадовыя элементы. У адзін кантэйнер, якім карыстаюцца пры выездзе на прадпрыемствы, змяшчаюцца 10 упаковак (50 доз).

Патрэбна адзначыць, што “Спутнік V” – вельмі адчувальная субстанцыя. Калі большасць існуючых вакцын могуць захоўвацца пры тэмпературы ад -2 да +6 градусаў, то “Спутніку” неабходны рэжым ад -18 градусаў. Увесь час яна павінна знаходзіцца ў замарожаным стане. Дарэчы, для самой працэдуры дастаткова вытрымаць яе пры пакаёвай тэмпературы ад 20 да 30 хвілін.

Нам давялося зазірнуць у маразільнік для вакцын, аснашчаны спецыяльным індыкатарам, які дазваляе адсочваць тэмпературны рэжым. Маецца таксама і электронны логер – прыбор, што з зададзенай перыядычнасцю фіксуе ваганні тэмпературы. Такім чынам, медыкі, калі запрашаюць нас на вакцынацыю, бяруць на сябе адказнасць за тое, што прэпарат, прыняты намі, захоўваўся пры выкананні ўсяго так званага халадовага ланцуга.

Сёння наўрад ці знойдзецца хтосьці, гатовы паспрачацца з медыкамі, якія ўпэўнена заяўляюць: вакцынапрафілактыка – найбольш эфектыўная і бяспечная стратэгія папярэджання інфекцыйных захворванняў, зніжэння смяротнасці і інвалідызацыі. Таму сустракаць новую хвалю каранавіруса не падрыхтаванымі – бяздумнасць і зусім неапраўданая рызыка. З мэтай стварэння камфортных умоў для жадаючых прышчапіцца ў паліклініцы штодзённа з 10.00 да 12.00 вядзе прыём тэрапеўт, які без талонаў прымае на кансультацыю тых, хто вырашыў прайсці працэдуру. Можна ўзяць і талон да свайго ўчастковага тэрапеўта.

Карыстаючыся магчымасцю, нагадваю паважыным чатачам: верасень – час задумацца і пра вакцынацыю супраць грыпу. Я задала Аляксандру Аляксандравічу пытанне адносна прышчэпак ад гэтага захворвання, бо многія грамадзяне думаюць, быццам прышчэпка ад каранавіруса выратуе іх і ад больш звыклай сезоннай інфекцыі. Як і чакала, загадчык райпаліклінікі такое меркаванне не пацвердзіў. Наадварот, заклікаў жыхароў Валожыншчыны абавязкова зрабіць, акрамя прышчэпкі ад каранавіруса, яшчэ і прышчэпку ад грыпу. Прычым менавіта ў такой паслядоўнасці. З’явіцца вакцына ад грыпу ў паліклініцы літаральна праз тыдзень.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара