
Сёння на базе адасобленай групы (Валожынскага раёна) ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў прайшлі абласныя паказальныя заняткі ў рамках правядзення мабілізацыйных мерапрыемстваў.

Пункт збору і непасрэдных заняткаў размясціўся ў канферэнц-зале Валожынскага турыстычнага інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра, што па вуліцы Набярэжнай у райцэнтры. Тут сабраліся ваенны камісар Мінскай вобласці і ваенныя камісары камісарыятаў раёнаў.
Як расказаў начальнік мабілізацыйнага кірунку ваеннага камісарыята Мінскай вобласці палкоўнік Алег Уладзіміравіч ЧАРНЕНКА, сёння ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі ў Валожыне праводзіліся паказальныя заняткі з асабістым саставам ваенных камісарыятаў, куды прыцягваюцца афіцэры мабілізацыйных падраздзяленняў, начальнікі адасобленых груп.
“Мэта такіх паказальных заняткаў – нагадаць ваеннаслужачым парадак работы пункта апавяшчэння збору адасобленай групы, удаскальваць іх тэарэтычныя, а таксама практычныя навыкі ў выкананні абавязкаў, – адзначыў Алег Уладзіміравіч. – У цэлым дзейнасць пункта апавяшчэння і збору адасобленай групы звязана з кіраваннем мабілізацыяй на тэрыторыі адасобленага падраздзялення ці групы. Такія мерапрыемства праводзяцца адзін раз у месяц – у адпаведнасці з планам, але па рознай тэматыцы, звязанай з вядзеннем воінскага ўліку, з кіраваннем мабілізацыяй на адміністрацыйных тэрыторыях, з парадкам арганізацыі работы аб’ектаў базы правядзення мабілізацыі”.

Пасля ўсе запрошаныя ўсклалі кветкі да брацкай магілы на плошчы Свабоды ў Валожыне ў рамках мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні – каб яшчэ раз нагадаць моладзі, якую цану заплацілі іх дзяды і прадзеды для іх сённяшняга мірнага жыцця.



Наш кар.



