Рэгіянальны пленэр-конкурс “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечаны памяці Ф. Рушчыца, адбыўся ў Багданаве.
У пленэры прынялі ўдзел дзеці і моладзь у дзвюх узроставых катэгорыях: малодшай – ад 6 да 14 гадоў і старэйшай – ад 14 гадоў і старэйшыя. Большасць удзельнікаў – вучні ўстаноў дадатковай адукацыі Валожынскага раёна, у госці завіталі навучэнцы школы-студыі мастацтваў Маскоўскага раёна з Мінска, Вілейскай школы мастацтваў і гімназіі імя Ф. Рушчыца з Рудаміна Вільнюскага раёна.
Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Вішнеўская дзіцячая школа мастацтваў, раённае аддзяленне ГА “Польска Мацеж Школьна на Беларусі”. У адкрыцці мерапрыемства прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі, ганаровымі гасцямі і членамі журы сталі А. А. Квяткоўскі – член Саюза мастакоў Беларусі, А. Р. Катлінскі – дырэктар школы-студыі мастацтваў (г. Мінск), начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. Удзельнікі пленэру наведалі фамільныя могілкі Рушчыцаў, касцёл, дзе разам з ксяндзом Ігарам Лашуком аддалі даніну памяці знакамітаму земляку.
Юныя мастакі працавалі з 11.00 да 15.00. Краявіды, якія калісьці натхнялі самога Фердынанда, мазок за мазком праяўляліся ў іх работах. Кожны творца пастараўся ўкласці ў сваю работу часцінку любові да зямлі, на якой жыў і працаваў знакаміты мастак.
Гран-пры ў малодшай групе атрымаў Данііл Белагрывы (Гародзькаўскі філіял Валожынскай ДШМ). Прызавыя месцы ў гэтай узроставай катэгорыі размеркаваліся наступным чынам: 1-е – Максім Лянкевіч (Вілейская ДШМ), 2-е – Юльяна Равяка (Івянецкая ДШМ), 3-е – Ганна Лаўрыновіч (Івянецкая ДШМ).
Сярод мастакоў старэйшага ўзросту ўладальніцай Гран-пры стала Марыя Даманская (Валожынская ДШМ), 1-е, 2-е і 3-е месцы ў Дзіяны Барбашынскай (Валожынская ДШМ), Лізаветы Балбачан (Івянецкая ДШМ), Дзіяны Колабавай (Мінская школа-студыя). Госця з суседняй Літвы Вікторыя Сямёнава атрымала падзяку за захаванне гістарычнай памяці.
Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі падарункі, прадастаўленыя раённым аддзяленнем ГА “Польска Мацеж Школьна на Беларусі”. Дыпломы ўдзельнікаў і сувеніры на памяць павезлі ўсе ўдзельнікі.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



