Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Чым падобныя Валожын і Закапанэ, падкажа грамадзянская архітэктура міжваеннага Валожына

24.09.2021

Жыхары заходнебеларускіх гарадоў, і Валожын не выключэнне, ужо амаль стагоддзе жывуць у акружэнні тыпавых архітэктурных пабудоў, якія з’явіліся тут нашмат раней за вядомыя сталінкі і хрушчоўкі. Паведамляе МЛЫН.BY.

А справа вось у чым: тэрыторыі Заходняй Беларусі, што апынуліся паводле ўмоў Рыжскага міру 1921 года ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, моцна пацярпелі ад Першай сусветнай і польска-савецкай войнаў. Таму перад новай уладай стаяла першачарговая задача па аднаўленні далучаных тэрыторый. З чаго ж пачынаць, як не са стварэння годных умоў жыцця для прадстаўнікоў улады? Адміністрацыйных кадраў на новых тэрыторыях не хапала, таму іх дэлегавалі з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы. А прыцягвалі іх новымі землямі і новым жыллём.

Гэту праблему ўлады Другой Рэчы Паспалітай вырашылі, пабудаваўшы ў «крэсах» новыя жылыя кварталы. Зямля на гэтыя мэты давалася ў крэдыт пад сціплы працэнт. Якаснае жыллё будавалі дастаткова хутка і па тыпавых праектах, распрацаваных польскімі архітэктарамі ў 1920 годзе. Так з’явіўся квартал для дзяржаўных служачых у Валожыне на сучаснай вуліцы М. Горкага. Валожынцы празвалі гэтае месца «Калёніяй» ці «Дамкамі».

У польскіх афіцыйных дакументах былая ўскраіна Валожына называлася «Kolonia urzednicza» (urzednic – чыноўнік).Тут у 1923-1924 гг. былі пабудаваны восем дамоў. Тры з іх згарэлі падчас Вялікай Айчыннай вайны, два былі знесены ў канцы 90-х, яшчэ адзін – у першым дзесяцігоддзі двухтысячных. Адзін дом быў разлічаны на адну сям’ю, яшчэ адзін – на шэсць, астатнія – на дзве. Шэсць дамоў мелі па два парадныя ўваходы. Пасля вайны ўваходаў стала болей, таму што некалі шыкоўныя чыноўніцкія апартаменты ператварыліся ў цесныя кватэры.

Адной з самых распаўсюджаных пабудоў ва ўрадавых кварталах з’яўляўся так званы «дом старасты». Праект пабудовы распрацаваў архітэктар Ежы Бэйл. У такіх дамах звычайна жылі гарадскі бурмістр, павятовы стараста ці ваявода са сваімі сем’ямі. Дамы былі двух варыянтаў: з аб’ёмнымі калонамі і плоскімі пілястрамі (у апошнім жыў валожынскі бурмістр Канстанцін Швед).

Дом бурмістра ў Валожыне. Цяпер тут месціцца краязнаўчы музей.

Дамы на дзве сям’і па праекце архітэктара Зыгмунда Тарасіна займалі ў Валожыне чыноўнікі староства, магістрата і гміны, а таксама – суддзі.

Двухкватэрны дом закапанскага стылю ў Валожыне

Захаваўся ў Валожыне ў абноўленым выглядзе і дом на шэсць сямей па праекце архітэктара Тэадора Буршэ. Сёння тут месціцца інтэрнат Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Эскіз шасцікватэрнага дома па праекце Тэадора Буршэ ў закапанскім стылі

Дарэчы, Ежы Бэйл, Зыгмунд Тарасін і Тэадор Буршэ былі вучнямі Юліуша Клоса, тэарэтыка так званага «закапанскага стылю» ў грамадзянскай архітэктуры. Стыль жа атрымаў назву ад аднайменнага знакамітага курорта Закапанэ, які на працягу многіх гадоў вывучаў прафесар Клос. А самымі распаўсюджанымі «закапанскімі» будынкамі ў Валожыне і іншых гарадах Заходняй Беларусі (Браславе, Паставах, Нясвіжы, Баранавічах, Лідзе, Слоніме, Стоўбцах, Міёрах) былі «дом старасты» і дамы на дзве сям’і.

Па праекце польскіх архітэктараў узводзіўся і сучасны будынак другога дзіцячага садка (былой паўшэхнай школы) у Валожыне. Ён стаў поўнай копіяй будынка школы ў польскім Янаве Любэльскім.

Вось так у сярэдзіне 1920-х гадоў у Валожыне з’явіліся копіі дамоў, якія да нашага часу захаваліся ў пансіянатах польскага курортнага Закапанэ.

Задайте вопрос