Нядаўна некаторым ваеннаслужачым воінскай часці 30695 за годнае нясенне службы ў чарговы раз аб’яўлены падзякі кіраўніцтва брыгады. Сярод тых, у чые асабістыя справы ўпісаны словы, якімі можна ганарыцца, – яфрэйтар Вераніка КАСПЯРЧУК, сяржант Эдуард ВОЙНА і радавы Раман ЦУРКАН.
Вераніка Вітальеўна служыць у часці чатыры гады. За гэты тэрмін прывыкла да жыцця па статуце, неабходнасці апранаць форму, у любы час сутак выконваць няпростыя абавязкі. Паколькі яе сённяшні статус – свядомы выбар дарослага і адказнага чалавека, асаблівых складанасцей у падобным ладзе жыцця не заўважае.
Хоць адукацыю атрымала ў грамадзянскай установе (скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік”), прызнаецца: заўсёды марыла аб тым, каб знайсці сябе ў сілавых структурах. І ў дзяцінстве, і ў студэнцкія гады шмат чытала пра вайну. Яна і зараз аддае перавагу творам гэтай тэматыкі. Асаблівая слабасць – сучасныя варыянты старых фільмаў пра подзвіг савецкага народа падчас фашысцкага нашэсця. Найбольш удалай версіяй яфрэйтар Каспярчук лічыць фільм “А зоры тут ціхія”.
Акрамя дакладнага выканання сваіх абавязкаў па службе, Вераніка прымае актыўны ўдзел у грамадскай рабоце. З вялікім задавальненнем абараняе гонар воінскай часці падчас турыстычных злётаў. Ураджэнка Піншчыны добра адчувае сябе на Валожынскай зямлі, дзе прыняла бадай самае адказнае рашэнне ў сваім жыцці. Сёння, хоць і знаходзіцца яшчэ ў пачатку армейскага шляху, задаволена тым, што сілы яе характару хапіла на тое, каб прывыкнуць да службы, палюбіць яе. Рашучая прыгажуня гатова крочыць наперад – вучыцца, прыкладваць намаганні, каб удасканальвацца як спецыяліст і, безумоўна, расці па службе.
Эдуард Война ў свае 24 гады паспеў многае. З роднага Барысава пераехаў у сталіцу, дзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, атрымаўшы адразу дзве прафесіі – інжынера-машынабудаўніка і эканаміста-менеджара. У якасці маладога спецыяліста распачаў працоўную дзейнасць на БелАЗе, куды плануе вярнуцца праз паўтара месяца. Менавіта такі тэрмін яму неабходна даслужыць у нашым горадзе.
Пра тое, што давялося насіць пагоны, малады чалавек не шкадуе. Ён з маленства цікавіцца гісторыяй, асабліва глыбока ўнікае ў падзеі апошняга стагоддзя, шмат ведае пра перамогу СССР над фашысцкай Германіяй. Вольны час Эдуард прысвячае музыцы. Валодае гітарай і клавішным інструментам, спявае. У яго рэпертуары прысутнічаюць песні пра Вялікую Айчынную вайну. Сярод самых любімых – “Цёмная ноч” і песня з кінафільма “Беларускі вакзал”.
Раман Цуркан (яму 22 гады) таксама атрымаў вышэйшую адукацыю. Ён – выпускнік Мінскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Мае вопыт работы ў банкаўскай установе. Пра тое, што рух па кар’ернай лесвіцы пакуль давялося спыніць, не шкадуе. Упэўнены: навучыцца абараняць Радзіму і свой народ абавязаны любы мужчына. Лічыць, што армія дала асабіста яму шмат станоўчых момантаў. Менавіта ў часці набыў мноства сяброў, умацаваўся як самастойная асоба, ад камандзіраў навучыўся адказнасці і дысцыплінаванасці. Хоць пакуль плануе вярнуцца да першапачатковай дзейнасці, дапускае ў будучыні магчымасць пошуку сябе на ваеннай службе. Дарэчы, яго таварыш Эдуард таксама не выключае, што з цягам часу можа прыйсці да таго, каб стаць прафесійным ваенным.
Падчас гутаркі з актыўнымі маладымі прастаўнікамі беларускай арміі мы пацікавіліся, ці не хацелі б яны даць нейкія парады будучым прызыўнікам, якія, магчыма, адчуваюць няўпэўненасць у сабе і страх перад неабходнасцю выканання грамадзянскага абавязку. І Раман, і Эдуард раяць юнакам Валожыншчыны адкінуць трывогі і сумненні, наадварот, паверыць у сябе і будучую службу. Вераніка ж вырашыла звярнуцца да дзяўчат і пажадаць ім не баяцца смела крочыць да сваёй мары, нават калі тыя, хто побач, лічаць, быццам служба – не для дзяўчат. На самай справе гэта пачэсны абавязак для кожнага грамадзяніна.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



