Аднойчы, праходзячы праз сквер у райцэнтры, звярнула ўвагу на элегантную жанчыну, якая сядзела на лаўцы, трымаючы ў руках кветкі. І такая самадастатковасць была ва ўсёй яе постаці і выразе твару, што захацелася зрабіць камплімент. “Дама з півонямі, Вы – сама быццам півоня!” – з усмешкай звярнулася да ўладальніцы яркага букета. Яна ж падтрымала маё памкненне і адказала: “А гэтыя півоні – для Вас!” Так я пазнаёмілася з Верай Пятроўнай КАСОЎСКАЙ.
ТАКІ ЯНА ЧАЛАВЕК
Асобу, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў арганізоўвала эканоміку Валожынскай райаграпрамтэхнікі, любяць і паважаюць многія валожынцы, якія ў пэўнай ступені фарміруюць грамадскую думку ў нашым горадзе. Асабіста я ў час сустрэчы магла пра гэта толькі здагадвацца. Разумныя вочы і пачуццё гумару новай знаёмай адразу падказалі: перада мной – чалавек няпросты. Пазней даведалася: з Верай Пятроўнай блізка сябруюць былы рэдактар “Працоўнай славы” Софія Ігнацьеўна Кавяза і былы кіраўнік аддзялення “Белаграпрамбанка” Таццяна Фёдараўна Ціганіна. Кожная з іх з задавальненнем расказала, якую ролю ў іх жыцці адыгрывае высокаадукаваная, мудрая жанчына, таленавіты эканаміст. Дарэчы, з яе думкай у свой час лічыліся кіраўнікі абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў, а многія калегі з раёна менавіта ад В. П. Касоўскай вучыліся спасцігаць тонкасці эканамічных разлікаў. У арганізацыі, з якой звязала лёс, яна была не толькі спецыялістам, што годна нёс адказнасць за даручаны ўчастак, а сапраўднай энтузіясткай, здольнай на высокім узроўні наладзіць грамадскае жыццё калектыву.
БЫЛОЕ
У пэўным сэнсе такіх людзей, як Вера Пятроўна, можна лічыць сімвалам цэлай эпохі ў гістрыі Валожыншчыны, яе гонарам. Радзіма ж паважанай гараджанкі – на Брэстчыне. Памяць дзіцяці вайны захавала асобныя эпізоды, звязаныя з акупацыяй, – начныя візіты партызан, дзённыя “зачысткі” фашыстаў і тое, як з бабуляй і дзядулем ёй доводзілася хавацца ў лесе. У той складаны, суровы і галодны час Вера Пятроўна паглыбляцца не любіць. “Берагу сябе і сваіх суразмоўцаў ад цяжкіх тэм. Навошта негатыў? Давайце пра мір, сяброўства і любоў!” – нібыта жартам прапаноўвае яна. А я разумею: за гэтай лёгкасцю – сур’ёзныя перажыванні і глыбокая філасофія аптымізму.
Яшчэ ў юнацтве яна дазволіла сабе (а ў тыя часы для гэтага патрэбна было мець сапраўдную сілу духу) быць не такой, як усе. Большасць дзяўчат трызнілі прафесіямі, што па агульным меркаванні падыходзяць жанчыне. Яна ж нараўне з хлопцамі цікавілася тэхнікай. Любіла матэматыку, фізіку. Таму разам з кампаніяй з сямі юнакоў накіравалася ў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Паступілі толькі двое. Вера – у тым ліку. Вось дзе дзівіліся вяскоўцы: “Дзяўчына, а абышла хлопцаў у імкненні стаць тэхнікам-механікам!”
ВАЛОЖЫН ПАДАРЫЎ КАМАНДУ і СЯМ’Ю
Пасля атрымання дыплома па размеркаванні прыехала ў Маладзечанскую вобласць, у склад якой тады ўваходзіў Валожын. Машынна-трактарная станцыя (пазней змяніла некалькі назваў) па сутнасці стала першым і адзіным працоўным месцам.
Населены пункт на гарах спадабаўся маладому спецыялісту. Асабліва запомнілася скульптура, што ўслаўляла першых касманаўтаў – Юрыя Гагарына і Германа Цітова. Мясцовыя жыхары падаліся добрымі, ветлівымі. У яе адразу ўзнікла адчуванне, што з гэтым горадам яна пасябруе на ўсё жыццё.
На рабоце справы пайшлі добра, што стала пацвярджэннем правільнасці выбару. Спачатку працавала рахункаводам рамонтнай майстэрні, затым вяла курсы трактарыстаў (менавіта там пазнаёмілася з будучым мужам), пасля перайшла ў планавікі. Завочна скончыла інстытут народнай гаспадаркі. Доўгі час узначальвала планавы аддзел. На пенсію выйшла з пасады намесніка кіраўніка райаграпрамтэхнікі па эканоміцы. За выключную работу мае мноства ўзнагарод, але засяроджваць увагу на гэтым факце адмовілася катэгарычна. Маўляў, было і было. Затое з вялікай павагай узгадала былых кіраўнікоў Віктара Васільевіча Аніскіна і Уладзіміра Іванавіча Глябовіча, якія сваімі мудрымі рашэннямі, адданасцю справе, уменнем згуртоўваць падначаленых вакол агульнай ідэі стваралі славу прадпрыемства.
Вера і Пётр Касоўскія распісаліся ў валожынскім ЗАГСе 8 сакавіка 1958 года. Прыйшлі ва ўстанову пешшу разам са сведкамі. Асаблівых урачыстасцей не ўстройвалі. А пражылі разам душа ў душу. Сёння ўдава з цяплом і пяшчотай успамінае блізкага чалавека, які ў час заляцання дапамагаў ёй весці практычныя заняткі для будучых механізатараў, а затым стаў каханым мужам і бацькам іх двух цудоўных сыноў.
ЧЫМ ДУША НАТАЛЯЕЦЦА
Бабуля Вера – чалавек багаты. У яе чацвёра ўнукаў, дзве ўнучкі, пяцёра праўнукаў і дзве праўнучкі. Сем’і дзяцей – у сталіцы. Вы запытаеце, а не сумна ёй адной у кватэры? Адкажу: сумаваць наша актывістка проста не мае часу. Як чалавек арганізаваны, яна штодня прытрымліваецца пэўнага раскладу. Зранку – хатнія клопаты, у 10 гадзін абавязкова накіроўваецца на дачу (дом бацькоў мужа на вуліцы Леніна), дзе даглядае агарод, адпачывае.
На працягу многіх гадоў у яе планы добра ўспісваюцца наведванні клуба для пажылых людзей “Залатая восень”, у рамках якога разам з такімі ж няўрымслівымі асобамі займаецца фізічнай культурай. Разам з сяброўкамі ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. Шмат гадоў была ўдзельніцай хору “Спяваючыя сэрцы”. Зараз з-за праблем са здароўем не спявае, але слухаць прыгожыя, меладычныя песні любіць. Назаўсёды ў яе сэрцы “Рэха кахання”, якую выконвала Ганна Герман. Памятаеце, “Покроется небо пылинками звезд и выгнутся ветви упруго. Тебя я услышу за тысячу верст. Мы – эхо. Мы – эхо. Мы – долгое эхо друг друга”? Так, душа гэтага практычнага чалавека, які цесна сябруе з лічбамі, усё жыццё прагне рамантыкі. Яе і ў літаратуры цікавяць толькі тыя творы, дзе паказана глыбіня адносін між любячымі людзьмі. А яшчэ сяброўкі падказалі мне па сакрэце, што наша гераіня – вялікая аматарка паэзіі. Многія вершы ведае на памяць і цудоўна дэкламуе.
Вера Пятроўна шчыра верыць у Бога. Яе сэрца заўсёды адчувае ціхую радасць пад дахам Спаса-Праабражэнскага храма, што на гарадскіх могілках. Нават у студэнцкім юнацтве, калі наведванне царквы было для камсамольцаў пад забаронай, яна знаходзіла магчымасць памаліцца перад святым абразом Маці Божай Жыровіцкай.
ДЗЯКУЙ ЗА ДАВЕР!
Падчас гутаркі са мной суразмоўца папрасіла першае: задэклараваць яе вялікую павагу да раённай газеты, з якой сябруе шмат гадоў (вось, Вера Пятроўна, Вашу просьбу выканала). І другое: не пісаць пра яе шмат. З другім пунктам мне было цяжка, бо асоба, якой вырашыла прысвяціць артыкул, заслугоўвае як мінімум цэлага цыкла публікацый. Таму, паважаны мой чалавек, даруйце, але так, як Вы хацелі, – пару радкоў, у мяне не атрымалася. Ведаю адно: мае эмоцыі, выкліканыя нашай гутаркай, наўрад ці дабавілі штосьці да Вашага партрэта ў вачах тых, хто глыбока паважае і любіць Веру, што верыць у любоў і жыве надзеяй. Дзякуй за давер, мая дарагая. І будзьце здаровай!
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,



