Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Вакцынацыя? Мы толькі – за!

01.10.2021

Сёння ў грамадстве літаральна пануюць дзве тэмы, неадрыўныя адна ад другой, – імклівае распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі і кампанія па вакцынацыі ад гэтага захворвання. З тым, што колькасць захварэўшых (некаторыя не ўпершыню) расце, згодны ўсе. Валожынскі інфекцыйны шпіталь не пустуе. Многія хварэюць дома. Але, разам з тым, далёка не кожны скарыстоўвае магчымасць зрабіць прышчэпку і такім чынам падстрахаваць сябе ад каварнага СOVID-19. Мы пагутарылі з жыхарамі Валожына, якія ў перыяд з красавіка па верасень бягучага года зрабілі прышчэпкі.

Вось што яны расказалі.

Кацярына КАРОЛЬ, метадыст ДУА “Валожынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”:

– Абедзве дозы вакцыны мне ўкалолі ў маі. Перанесла працэдуру лёгка. Наступстваў ніякіх не было. Між іншым, шмат разоў кантактавала з інфіцыраванымі. Тых, хто стварае напружанне ў грамадстве і тым больш агітуе супраць прышчэпак, не разумею. Калі мы ўсе жадаем пазбавіцца ад пандэміі, то навошта распаўсюджваем вірус, дапускаем захворванні і нават страту блізкіх. Больш за ўсё мяне раздражняюць інсінуацыі людзей, якім для таго, каб разважаць на гэту тэму, не хапае ні адукацыі, ні нават паверхневага знаёмства з праблемай. Як магу, змагаюся і з тымі, хто не носіць маскі ці не вытрымлівае дыстанцыю ў магазінах. Я выключна дысцыплінаваны чалавек. Веру, што, калі мы ўсе будзем прытрымлівацца правіл і зробім прышчэпкі, вірус пераможам. Дзякуючы вакцынам, не аднойчы адступалі іншыя каварныя інфекцыі, ад якіх выміралі цэлыя гарады.

Дзмітрый АБРАМОВІЧ, падпалкоўнік в/ч 30695:

– Я атрымаў вакцыну “Спадарожнік V” яшчэ ў красавіку. Гэта значыць, што ў нашым горадзе быў адным з першых. Як бачыце, жыву, служу, ніякіх непрыемных наступстваў не было. Таксама перанеслі прышчэпку жонка і 62-гадовая матуля. Ісці на працэдуру ці не? У нас такога пытання не ўзнікала. Мы толькі з нецярпеннем чакалі, калі вакцына стане для нас даступнай. Большасць маіх таварышаў хварэлі, некаторыя даволі цяжка. Таму сёння амаль кожны з іх папоўніў рады прышчэпленых. Самі мяркуйце, чаго чакаць, калі непрышчэпленыя так хварэюць? Шпіталізацыі? Страты здароўя? Дарэчы, вірус не толькі надоўга вырывае нас са звыклага ладу жыцця, ён яшчэ і забівае. Упэўнены: ад каранавіруса свет выратуе толькі вакцынацыя.

Мікалай АДАМОВІЧ, вядучы спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Прышчапіўся ў чэрвені разам з цэлай камандай райвыканкама. Сёння большасць супрацоўнікаў нашага ўпраўлення на чале з кіраўніком прайшлі вакцынацыю. Усё добра! Ніякіх наступстваў не было ні ў маладых, ні ў самых вопытных калег. Без негатыву перанесла прышчэпку і мая маці. У бліжэйшы час гэта плануюць зрабіць многія блізкія і сябры. Прыклад вакцынаваных пацвярджае: баяцца няма чаго. Наадварот, патрэбна скарыстоўваць шанц, каб абараніць сябе. Не разумею, чаму людзі пазбягаюць прышчэпкі. На мой погляд, трапіць у бальніцу, тым больш у рэанімацыю, значна страшней. У дачыненні да гэтай тэмы разважаю так: трэба слухаць медыкаў, а не свае надуманыя страхі і жудасныя аповеды аматараў плётак.

Наталля МІКАЛАЕЎСКАЯ, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС:

– Пакуль прыняла толькі першую дозу вакцыны. Нават не заўважыла. Адчуваю сябе цудоўна. У пэўным сэнсе ў сваёй сям’і я – першапачынальнік. Астатнія сваякі яшчэ толькі плануюць пабываць у працэдурным кабінеце. Ніхто з нас не баяўся і не баіцца, а зацягнулі з працэдурай толькі па прычыне моцнай занятасці. У мяне хутка другая доза. Спадзяюся будзе так: зраблю і забудуся. Вельмі не хочацца зноў захварэць. У снежні мінулага года перанесла інфекцыю. Успаміны непрыемныя. Ведаю, што людзі з прышчэпкай, калі і хварэюць, то значна лягчэй. А гэта немалаважна. Наколькі мне вядома, у Валожыне ў бальніцу не трапіў ніводзін пацыент, які прайшоў вакцынацыю. Хіба гэта не аргумент на карысць вакцыны?

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос