Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Вакцынацыя поўным ходам

05.10.2021

Каб даведацца, як ідуць справы з вакцынацыяй у працоўных калектывах, мы наведаліся ў арганізацыю, дзе сёння працуюць 200 чалавек. Гэта валожынскі вытворчы ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. У гэты ж дзень на прадпрыемстве пабываў перасоўны медыцынскі комплекс па вакцынацыі райпаліклінікі.

Начальнік вытворчага ўчастка Марына Пятроўна Каспяровіч сама яшчэ раней паспела зрабіць прышчэпку. Таму з радасцю прадаставіла магчымасць медыкам папрацаваць са сваімі падначаленымі. Кіраўнік адзначыла: стаўленне супрацоўнікаў да вакцыны няўхільна мяняецца ў бок прыняцця неабходнасці працэдуры. Напрыклад, у дзень нашага візіту ў арганізацыі колькасць вакцынаваных склала 21%. Шмат гэта ці мала? Калі ўлічваць, што яшчэ ў маі жадаючых прышчапіцца не было ўвогуле, сёння адносіны работнікаў да праблемы значна памяняліся. Літаральна за дзень да таго, як мы пабывалі на ўчастку, група работнікаў атрымала вакцыну на камбінаце ў Маладзечне. Мы ж змаглі пагутарыць з дзесяццю супрацоўнікамі, якія рыхтаваліся зрабіць прышчэпку амаль на рабочым месцы (для працэдуры выдзелілі асобнае памяшканне).

Відавочна, што актывізацыі людзей садзейнічае добра прадуманая работа адміністрацыі ў кірунку прадухілення распаўсюджання інфекцыі. Арганізавана тэрмаметрыя на прахадной і ў кожным са структурных падраздзяленняў. Супрацоўнікі ў дастатковай колькасці атрымліваюць ахоўныя сродкі і дэзынфектанты. Кожны тыдзень праводзіцца пасяджэнне спецыяльна створанага штаба, дзе разглядаюцца адпаведныя пытанні.

Сёння галоўная задача, якая стаіць перад кіруючымі работнікамі, – заахвоціць людзей зрабіць прышчэпкі. У гэтым сэнсе неабходная інфармацыйная падтрымка маецца з боку медыкаў. Нядаўна перад калектывам выступіў галоўны ўрач ЦРБ Павел Ганчар. Павел Алегавіч даступна і яскрава патлумачыў і прадэманстраваў з дапамогай візуалізацыі ўсе магчымыя рэакцыі арганізма на “работу” віруса, а таксама падкрэсліў: пераможа вірус калектыўны імунітэт, а каб ён выпрацаваўся, атрымаць вакцыну павінны не менш за 60% насельніцтва. Цікавую лекцыю прачытала і прадстаўнік раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Марчык.

На думку вядучага інжынера-тэхнолага Іны Паўлавай, галоўным ворагам актыўнай і дастатковай вакцынацыі сёння выступаюць сацыяльныя сеткі, дзе невядома хто і невядома з якой мэтай распаўсюджвае лжэінфармацыю. Канешне, людзі, начытаўшыся тых страхаў, асцярожнічаюць. Аднак колькасць тых, хто свядома накіроўваецца ў паліклініку ці запісваецца ў спіс на атрыманне вакцыны ў перасоўным медцэнтры, з кожным днём расце. Некаторыя работнікі малочнага прадпрыемства, пакуль чакалі чаргі на прышчэпку, падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Марына КАСПЯРОВІЧ, начальнік вытворчага ўчастка:

– З першых дзён, як даведалася пра каварнае захворванне, чакала, каб вучоныя хутчэй вынайшлі вакцыну. Таму зараз, калі яна ёсць, не магла не скарыстаць магчымасць. Прышчапілася кітайскім прэпаратам. Адчуваю сябе цудоўна. Заклікаю ўсіх далучацца да кампаніі па барацьбе з каранавірусам, бо час працуе не на непрышчэпленых.

Іна ПАЎЛАВА, вядучы інжынер-тэхнолаг:

– Я ўжо вакцынавалася. Сёння прышчэпку зрабіў мой муж. Астатнія сваякі таксама баяцца захворвання (вельмі цяжка перахварэла маці), таму абавязкова наведаюцца ці ў паліклініку, ці ў пункт вакцынацыі.

Ігар ТРУС, машыніст расфасовачна-ўпаковачнай машыны:

– Як можна адмаўляцца ад прышчэпкі, калі кожны дзень чуеш, як хтосьці трапіў у бальніцу, нават у рэанімацыю. Вось каб прышчапіліся ўсе, столькі цяжкіх хворых бы не было. Мая маці – медык, менавіта яна падала мне прыклад, таму я тут.

Алена ПРАКАПОВІЧ, кантралёр харчовай прадукцыі:

– Ужо аднойчы перахварэла. Зараз раблю ўсё, каб не паўтараць горкі вопыт. Вакцыну прыняла свядома. Веру ў яе і раю гэта зрабіць кожнаму. Мой сын – ваенны, ён ужо прышчапіўся, ніякіх непрыемных наступстваў не меў.

Святлана ЖУРКЕВІЧ, кантралёр харчовай прадукцыі, і Мікалай ПРАКОПЧЫК, машыніст расфасовачна-ўпаковачнай машыны:

– Мы – за прагрэс. Калі ёсць вакцына, дык чаму б не прышчапіцца? Многія выказваюцца, быццам мала часу было на выраб прэпарату і яго апрабацыю. Маўляў, некалі на гэта ішлі дзесяцігоддзі. Але ж не трэба забываць, што зараз зусім іншыя тэхналогіі, апаратура і веды вучоных.

Месцы, дзе Вы можаце вакцынавацца:

*Прышчэпкавыя пункты працуюць штодзённа ў рабочы час з панядзелка па суботу.

У нядзелю Вы можаце вакцынавацца ў прыёмным пакоі бальніц Валожына, Ракава і Івянца.

Таксама працуюць перасовачныя пункты вакцынацыі на плошчы Свабоды ў Валожыне з 9 да 14 гадзін і на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос