
На самыя распаўсюджаныя пытанні, якія хвалююць людзей, аб вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі адказаў галоўны санітарны ўрач раёна Павел САРОКА.
– Павел Мікалаевіч, якія вакцыны выкарыстоўваюць для прышчэпкі супраць COVID-19?
– Для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца наступныя вакцыны: Гам-КАВІД-Вак (вектарная вакцына) вытворчасці Расійскай Федэрацыі (гандлёвая марка вакцыны “Спадарожнік V”); вакцына супраць SARS-CoV-2 (Vero Cell), інактываваная, вытворчасці Кітайскай Народнай Рэспублікі; вакцына “Спадарожнік Лайт” (вектарная вакцына) вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Усе вакцыны прымяняюцца ў асоб ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых. Вакцынацыя праводзіцца бясплатна.
Спадарожнік V: уводзіцца двойчы з інтэрвалам 3 тыдні (магчыма павелічэнне інтэрвалу да 90 дзён). Эфектыўнасць складае больш за 90 працэнтаў. Чакаецца, што імунітэт фарміруецца на два гады, даказана – 6-9 месяцаў.
Vero Cell: уводзіцца двойчы з інтэрвалам 21-28 дзён (магчыма павелічэнне інтэрвалу да 56 дзён). Эфектыўнасць складае больш за 70 працэнтаў.
Спадарожнік Лайт: уводзіцца аднаразова. Эфектыўнасць складае каля 80 працэнтаў. Чакаецца, што імунітэт пасля вакцынацыі пратрымаецца 4-5 месяцаў. Рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь да прымянення ў першачарговым парадку для вакцынацыі студэнтаў, курсантаў, навучэнцаў вочнага навучання ўстаноў адукацыі, асоб, якія прызваны ці прызываюцца ў 2021 годзе на тэрміновую ваенную службу; у далейшым парадку – асоб, якія перахварэлі на COVID-19, раней не прышчэпленыя супраць каранавіруснай інфекцыі.
Прышчэпкі праводзяцца пасля дазволу ўрача на падставе апытання і агляду прышчэпліваемага. Абавязкова знаходжанне прышчэпленага каля прышчэпкавага кабінета на працягу 30 хвілін для назірання за рэакцыяй на прышчэпку.
– Ці можа вакцына выклікаць захворванне каранавіруснай інфекцыяй?
– Спадарожнік V і Спадарожнік Лайт утрымліваюць толькі S-бялок каранавіруса, а не цэлы вірус, вакцына Vero Cell утрымлівае цалкам забіты вірус, таму размнажэнне каранавіруса з вакцыны ў арганізме чалавека немагчыма.
– Ці трэба прышчэплівацца перахварэўшым?
– Так. Імунітэт пасля перанесенай інфекцыі не забяспечвае працяглую абарону. Пасля бессімптомнай ці ў лёгкай ступені перанесенай інфекцыі COVID-19 вакцынацыя можа быць пачата пасля поўнага выздараўлення. Калі захворванне перанесена ў сярэдняцяжкай ці цяжкай формах, то мэтазгодна прышчэпку ўвесці праз 2-4 тыдні пасля выздараўлення. Можна адкласці прышчэпку на 3-6 месяцаў пасля перанесенага захворвання, разлічваючы на постінфекцыйны імунітэт.
– Перад вакцынаваннем неабходна рабіць аналіз на антыцелы да SARS-CoV-2 ці ПЦР (тэст на каранавірус) на наяўнасць каранавіруса?
– Не. Мэтазгоднасць абследавання перад правядзеннем вакцынацыі на наяўнасць антыгену ці антыцелаў да віруса SARS-CoV-2 адсутнічае, бо не нясе ў сабе ніякай канкрэтнай інфармацыі для прыняцця рашэння пра вакцынацыю.
– Ці трэба захоўваць самаізаляцыю пасля вакцынацыі?
– Не трэба. Вакцына не ўтрымлівае патагенны для чалавека вірус, які выклікае COVID-19, таму захварэць і заразіць навакольных пасля прышчэпкі немагчыма.
– Пасля вакцынацыі можна хадзіць без маскі?
– Ва ўмовах цыркуляцыі каранавіруснай інфекцыі і адсутнасці дастатковага ўзроўню калектыўнага імунітэту насіць маску трэба, таксама варта працягваць захоўваць іншыя прафілактычныя меры.
Важна памятаць: прышчэпка не дае 100-працэнтнай гарантыі, што вы не заразіцеся каранавірусам. Дакладна ўстаноўлена, што вакцынацыя на 100 працэнтаў абараняе ад цяжкага цячэння хваробы і лятальнага канца.
Даведачна
Па выніках аналізу, колькасць асоб, якія прышчапіліся поўным курсам вакцынацыі супраць COVID-19 і перахварэлі каранавіруснай інфекцыяй праз 21 дзень і больш пасля вакцынацыі, за 8 месяцаў бягучага года складае менш за 1 працэнт. Пры гэтым у 70-80 працэнтаў асоб захворванне працякала ў лёгкай ступені цяжкасці і толькі ў 20-30 працэнтаў – у сярэдняй ступені цяжкасці.
Лёгкія здаровага чалавека.
Лёгкія чалавека, які захварэў на кавід-пнеўманію.
Наш кар.



