Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ветэраны-актывісты жывуць не сумна

05.10.2021

Таццяна ЦІГАНІНА.

На мінулым тыдні былі падведзены вынікі раённага этапу конкурсу “Ветэранскі падворак”, які па традыцыі праходзіць пад эгідай Савета ветэранаў.

Мерапрыемства адбылося на базе аддзяленняў дзённага наведвання ТЦСАН у фармаце круглага стала. Удзельнікаў таварыскага спаборніцтва і службовых асоб, што падтрымалі карыснае і цікавае пачынанне, вітала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Ціганіна. Яна прадставіла ўдзельнікаў сустрэчы, коратка расказала пра канкурсантаў, чые творчыя праекты, рэалізаваныя на ўласных падворках, прыцягнулі ўвагу грамадскасці і сталі асновай для стварэння фота- і відэаролікаў.

Віктар і Раіса МЕНЦЮКІ.

Прысутныя з захапленнем прагледзелі матэрыялы, што ў пэўнай ступені раскрываюць унутраны свет самых няўрымслівых і бязмежна працавітых людзей Валожыншчыны. Шчырыя апладысменты гучалі ў гонар Галіны і Аляксея Сасноўскіх з Пугачоў, Ірыны Лоўчай з Сівіцы, Любові Каткевіч з Івянца, Марыі Астаповіч з Кібуцяў, Ніны і Івана Марзакоў з Лістападаў, Алены Калеснікавай з Вішнева, Алы Сіваковай з Суднікаў, Валерыя Селівона з Сугваздаў, Раісы і Віктара Менцюкоў з Выганічаў. Завяршыўся прагляд сюжэтам пра жыхарку Валожына Дануту Сцефаноўскую, якая на сцяне ўласнага дома ўсталявала скульптуру Маці Божай – як сімвал высокай духоўнасці і непадробнага адзінства жыхароў Валожынскай зямлі. Вынік конкурсу наступны: на вобласці раён прадставіць М. М. Астаповіч.

Асобным пунктам былі разгледжаны матэрыялы, што прадстаўляюць конкурсную намінацыю “Добраўпарадкаванне ферм”, знятыя на малочнатаварным комплексе “Даўбені”, кіруе якой таленавіты арганізатар і вялікая працаўніца Раіса Навіцкая.

Данута СЦЕФАНОЎСКАЯ.

Удзельнікаў круглага стала вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Жданюк. Ірына Леанідаўна закцэнтавала ўвагу прысутных на бязмежнай любові да працы і крэатыўным мысленні людзей, што сталі ўдзельнікамі конкурсу. З яе вуснаў прагучала шчырая падзяка Т. Ф. Ціганінай, якая, нягледзячы на абмежаванні ў часе, здолела заахвоціць творчым праектам самых актыўных членаў ветэранскай суполкі. Да віншаванняў далучылася і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская. Вераніка Віктараўна прадаставіла падарункі для герояў дня, а Таццяна Фёдараўна ўручыла кожнаму з іх дыпломы. Словы падзякі прагучалі і ў адрас старшынь пярвічных арганізацый. Менавіта такія людзі, як Уладзімір Вашкевіч (Ракаў), Данута Сцефаноўская (РКБА), Данута Граноўская (маслазавод), Тамара Бібік (РАПТ), Вячаслаў Косік (Валожын) і іншыя іх калегі па грамадскай арганізацыі, дапамагаюць старшыні раённага савета трымаць пастаянную сувязь з людзьмі ў населеных пунктах і працоўных калектывах.

Літаратурную старонку падчас сустрэчы арганізавала ўраджэнка вёскі Дубіна, удзельніца літаратурнага аб’яднання “Рунь” Марыя Мучынская з Мінска, а ўздым эмацыянальнасці ўзялі на сябе вакальная група хору “Спяваючыя сэрцы” пад кіраўніцтвам Галіны Філяноўскай і акардэаністка Галіна Пракопчык.

Атрымалі ўдзельнікі конкурсу віншаванні і ад дырэктара сацыяльнай установы Галіны Рай. Галіна Фадзееўна падзялілася інфармацыяй адносна цікавых праектаў, што рэалізуюцца ў ТЦСАН, а псіхолагі Галіна Волкава і Алена Жданюк выступілі з пазнавальнымі лекцыямі пра найбольш распаўсюджаныя праблемы людзей пажылога ўзросту.

Завяршылася сустрэча дэгустацыяй хатніх нарыхтовак і выпечкі, створаных самімі ўдзельнікамі конкурсу і арганізатарамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос