Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Знайшла прызванне ў музейнай справе

08.10.2021

Трыццаць два гады працуе ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры Валянціна АДАМОВІЧ. Да 2014 года яна была тут старшым навуковым супрацоўнікам, а пасля ўзначаліла ўстанову.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры па адукацыі ў пачатку 90-х гадоў арганічна ўлілася ў культурную сферу і знайшла сваё прызванне ў музейнай справе. Калі пачынала працаваць, практычна ўвесь калектыў стараўся асвоіць нейкія рамёствы: вучыліся ткаць, вышываць, ляпіць з гліны і інш. Валянціне Тадэвушаўне прыйшлася па душы лепка з гліны. Пазней на працягу 16 гадоў яна вяла на базе музея гурток гэтага напрамку ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем яго наведвалі і вучыліся працаваць з такім блізкім для іх мясцовасці прыродным матэрыялам.

Як навуковы супрацоўнік Валянціна Адамовіч у свой час непасрэдна займалася стварэннем праграмы “Вяртанне да вытокаў”, дзякуючы якой у музеі з’явіліся майстэрні. Ужо тады было зразумела, што любому турысту вельмі важна мець магчымасць самому дакрануцца да творчасці. Уцягванне ў працэс вытворчасці вельмі выгадна вылучае Івянецкі музей з кагорты іншых. Таксама тут прадумваюць розныя цікавыя праграмы, у якія ўносяцца гульнявыя элементы, ідзе цеснае супрацоўніцтва з рознымі музыкантамі, Івянецкімі домам культуры і дзіцячай школай мастацтваў.

 На сённяшні дзень у падначаленні ў Валянціны Тадэвушаўны 11 чалавек. Кожны з іх апантаны сваёй працай і робіць усё, што ад яго залежыць. Майстры-метадысты не толькі дэманструюць наведвальнікам традыцыйныя рамёствы, але і самі стараюцца дазнацца і навучыцца нечаму новаму. Менавіта дзякуючы гэтым людзям музей працуе і развіваецца.

На балансе ўстановы знаходзяцца чатыры будынкі, дзе размяшчаюцца экспазіцыйныя залы, майстэрні, музей местачковага побыту. Каб на ўсё гэта толькі паглядзець, гадзіны дзве спатрэбіцца, а калі яшчэ ўключыцца ў вытворчы працэс, то можна тут затрымацца значна даўжэй.

За тры кварталы бягучага года 18 тысяч людзей паглядзелі музейныя экспанаты, паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, пабывалі на выязных выставах.

Шыкоўныя фонды музея традыцыйнай культуры налічваюць больш за дваццаць тысяч прадметаў. Кожны год яны папаўняюцца недзе на чатырыста экзэмпляраў. Сярод іх не толькі рэчы, якія ўяўляюць сапраўдную гістарычную каштоўнасць, але і тыя, што характаразуюць сучасную эпоху. На сённяшні дзень ва ўстанове рэалізоўваецца праект аб знакамітых людзях Івянца. Ідзе збор інфармацыі аб былых кіраўніках устаноў і прадпрыемстваў, настаўніках, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Родныя і блізкія перадаюць іх рэчы, якія пазней выкарыстоўваюцца для выстаў. Яны выклікаюць вялікую цікавасць у мясцовых жыхароў. Турысты, што прыязджаюць з іншых гарадоў, аддаюць перавагу агульным аглядным экскурсіям. Ім вельмі падабаецца ўклад жыцця невялікага мястэчка.

Валянціна Тадэвушаўна любіць і ганарыцца сваім музеем, дзе кожны наведвальнік можа пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі, гісторыяй і побытам, паглыбіцца ў мінулае і сучаснае Івянца. Атрыманыя веды выклікаюць жаданне захоўваць культуру і несці яе ў свае сем’і.

Анжэла РАДЫНА

Задайте вопрос