Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Скарае прыгожым вакалам

08.10.2021

Прыгожую дзяўчыну з моцным чароўным голасам – Юлію СКУРКО добра ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Яна сапраўды любіць справу, якой прысвяціла сваё жыццё, і поўнасцю аддадзена ёй.

Восем гадоў назад пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў жыхарка сталіцы была размеркавана на працу ў Ракаўскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе за гэты час заслужыла вялікі аўтарытэт і набыла шмат добрых сяброў.

Акрамя таго, што Юлія Вітальеўна выкладае ў школе мастацтваў такія прадметы, як пастаноўка голасу, хор, сальфеджыа, на працягу сямі гадоў з’яўляецца кіраўніком дзіцячага хору “Іслачанка”. З мінулага года ў яго складзе дзейнічаюць хор 1-3 класаў і хор сярэдніх і старэйшых класаў, куды ўваходзяць вучні 4-7-х класаў, а таксама выпускнікі мінулых гадоў, якія з задавальненнем працягваюць удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах і конкурсах. Гэта дазваляе прадстаўляць разнастайную па змесце канцэртную праграму.

Гонарам калектыву і педагога з’яўляюцца выпускніцы хору, якія працягнулі творчы шлях і паступілі вучыцца ў Мінскія дзяржаўны каледж мастацтваў і дзяржаўны музычны каледж імя. М. І. Глінкі.

Хор “Iслачанка” стаў крыніцай натхнення для многіх юных жыхароў Ракава. Ён вядзе актыўную гастрольную дзейнасць і вядомы далёка за межамі краіны. Як кіраўнік дзіцячага калектыву Юлія Вітальеўна робіць усё, каб развіваць вакальныя магчымасці падапечных. Рэпертуар хору складаюць класічныя творы рускіх і замежных кампазітараў, народныя песні, духоўная музыка. Не пакідаюць па-за ўвагай і беларускіх, сучасных кампазітараў.

“Іслачанка” – актыўны ўдзельнік фестывалю духоўнай музыкі “Калядная зорка”, з 2018 года з’яўляецца адным з галоўных арганізатараў творчай сустрэчы-канцэрта “Харавая вясна” з дзіцячымі харавымі калектывамі г. Мінска і Мінскай вобласці, з 2019 года – удзельнікам Міжнароднага грамадскага харавога аб’яднання “Камертон” і выступае ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі і інш.

Калектыў мае мноства ўзнагарод, у тым ліку і прэстыжных міжнародных конкурсаў.

У 2020-2021 гадах ён атрымаў Дыпломы лаўрэата I ступені VIII Міжнароднага музычна-мастацкага конкурсу «START. Шлях мастацтваў» у Санкт-Пецярбургу, лаўрэата II ступені II Адкрытага конкурсу-фестывалю вакальнага і інструментальнага мастацтва “Натхненне роднага краю”, удзельніка Міжнароднага харавога фестывалю ў горадзе Салонікі ў Грэцыі, Дыплом лаўрэата I і II ступеняў, а таксама спецыяльны дыплом за папулярызацыю беларускага харавога рэпертуару V Міжнароднага конкурсу-фестывалю дзіцячай творчасці “Lemari”, што праходзіў у Мінску, Дыплом лаўрэата II ступені IV Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Art fest” і інш.

Як вакалістка сама Юлія Вітальеўна за гэты перыяд стала ўладальніцай Дыпломаў лаўрэата I ступені XXI Рэспубліканскага конкурсу польскай эстраднай песні “MALWY” і лаўрэата II ступені IV Адкрытага рэспубліканскага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман поспеху”, Дыплома ўдзельніка I Рэспубліканскага творчага конкурсу “Вытокі”. У складзе добра вядомага народнага інструментальнага ансамбля “Ars Longa”, у які ўваходзяць педагогі Ракаўскай школы мастацтваў, шмат гастралюе па Беларусі і за яе межамі.

Анжэла РАДЫНА

Задайте вопрос