Ля вытокаў чароўнага свету музыкі
Ужо шмат гадоў пры Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў імя Канстанціна Паплаўскага існуе ансамбль старадаўняй народнай музыкі “Рарог”, якім кіруе настаўніца па класе драўляных духавых інструментаў Кацярына РАДЗІВІЛАВА. Да прафесійнага свята кіраўнік узнагароджана Падзякай старшыні райвыканкама.
Першапачаткова ансамбль быў створаны педагогам пры гімназіі № 9 г. Мінска ў 2003 годзе, а праз тры гады ён працягнуў сваю творчую дзейнасць у гарпасёлку. У склад уваходзяць дзеці ад 7 да 15 гадоў, колькасны і якасны склад удзельнікаў абнаўляецца – адзін вучань іграе ў ансамблі, як правіла, у асноўным з 3-га па 5-ы клас навучання.
Калектыў займаецца захаваннем, адраджэннем і папулярызацыяй народнай традыцыйнай музыкі рэгіёну і Беларусі, навучаннем ігры на традыцыйных народных інструментах: дуда, жалейка, дудка, колавая ліра, гуслі, скрыпка, салавейка, акарына, чаротка, барабан, бубен. Інструменты выраблены беларускімі майстрамі. Педагог па-майстэрску валодае ігрой на ўсіх інструментах і прывівае дзецям павагу і любоў да беларускай народнай музыкі, народных традыцый і нацыянальнай культуры.
Рэпертуар калектыву папаўняецца дзякуючы этнаграфічным экспедыцыям і архіўным этнаграфічным запісам. У далейшым плануецца вывучэнне і выкарыстанне музычных твораў перыяду барока на тэрыторыі Беларусі.
У 2016 годзе ансамбль удзельнічаў у запісе відэаматэрыялаў “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да мультынацыянальнага файла “Культура дуды” ў спісе нематэрыяльнай культурынай спадчыны чалавецтва (UNESCO)”.
“Рарог” неаднаразова станавіўся лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. За свае дасягненні ў снежні 2020 года ўдзельнікі калектыву былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На IX Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі” ўзнагароджаны дыпломам II ступені з прысваеннем звання лаўрэат у намінацыі “Спадчына. Ансамблі”. У скарбонцы перамог – дыплом I ступені на III Міжнародным фестывалі-конкурсе вакальнай і інструментальнай музыкі “Fern Flower International Minsk 2020” (“Папараць-кветка”), такую ж узнагароду атрымаў і саліст ансамбля Павел Ройка ў намінацыі “Інструментальная музыка. Сола. Народныя інструменты”.
Досыць плённым і паспяховым быў і сёлетні год. У прыватнасці, кіраўнік ансамбля Кацярына Радзівілава прымала ўдзел у 31-м міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які прайшоў у чэрвені ў горадзе Паставы. У намінацыі індывідуальны выканаўца на народных інструментах яна была ўзнагароджана спецыяльным дыпломам “Лаўрэат 1-й ступені” за папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый. А ў чэрвені маладых выканаўцаў запрасілі прыняць удзел у праграму Таццяны Якушавай “Творчы вечар”, якая выходзіць у эфір на 1-м Нацыянальным канале Беларускага радыё.
Хочацца пажадаць калектыву і яго таленавітаму кіраўніку далейшых поспехаў і перамог!
Наш кар.



