Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пяцёра абаронцаў для адной жанчыны

11.10.2021

З сям’ёй ЧАРНЯЎСКІХ сустрэлася, калі яны ўпершыню ўсёй камандай прыбылі на агледзіны свайго новага, пакуль нядобраўпарадкаванага, жылля – дзвюх кватэр (2- і 1-пакаёвай у адным тамбуры) у новабудоўлі па вуліцы Савецкай. Як склалася, што гаспадары сталі ўладальнікамі адразу такой прывабнай для кожнага з нас жылплошчы? Усё вельмі проста. Вольга Мікалаеўна і Віталій Эдуардавіч гадуюць чацвярых дзяцей.

Разам прыгожая пара ўжо 13 гадоў. За гэты перыяд, як сцвярджаюць і ён, і яна, тысячу разоў упэўніліся, што сустрэча іх была невыпадковай, а рашэнне ісці па жыцці разам – правільным.

Так атрымалася, што пасля вяселля свайго першынца маладым людзям давялося чакаць 6 гадоў. Шмат гэта ці мала? Адзін Бог ведае. Аднак, па словах Вольгі, яна паспела спалохацца і нават задумацца над тым, каб узяць дзіця на выхаванне. Муж прасіў жонку не панікаваць, а рашэнне наконт прыёмнага бацькоўства падтрымаў. І тут – дзіва ды і толькі! Як толькі пачалі прывыкаць да адказнай думкі, амаль адразу высветлілася: у іх будзе свой нашчадак. Першынца назвалі Іванам. Праз два гады пасля яго нараджэння ў сям’і з’явіўся Сцяпан, а яшчэ праз два гады – Аляксей. Калі ж зноў прайшлі два гады, на той час ужо шматдзетная сям’я папоўнілася Міхаілам.

Вось так і атрымалася, што сімпатычная матуля – адзіная дзяўчынка ў камандзе з 5-і мужчын. Тата і муж – прыемны малады чалавек, выключны спецыяліст-электраманцёр РЭС, майстар на ўсе рукі. Дом у вёсцы Чэрневічы, у якім пакуль жыве сям’я, адрамантаваў самастойна. І жыллё ў Валожыне прапануе добраўпарадкаваць без прыцягнення старонніх спецыялістаў.

У кожнага з юных бландзінаў Чарняўскіх – свой унікальны характар, непаўторны тэмперамент і, падагрэтае бацькоўскай любоўю, імкненне да самавызначэння.

Іван амаль дарослы. Яму 7 гадоў. Гэта сур’ёзны чалавек, які нараўне з дарослымі займаецца выхаваннем малодшых братоў. Першы памочнік матулі ў кухонных справах і таты, калі той займаецца рамонтам аўтамабіля ці робіць штосьці па доме. Сцяпан стараецца ва ўсім быць падобным да брата. А вось Аляксей, хоць і прызнае аўтарытэт старэйшых, адрозніваецца яркім тэмпераментам. Што тычыцца Мішы – то гэта цэнтральнае звяно сям’і. 10-месячны хлопчык аб’ядноўвае ўсіх сваякоў у іх імкненні быць выхавацелямі і шчодра дзяліцца сваім жыццёвым вопытам.

На першы погляд можа падацца, што асаблівых правіл у сям’і няма. Але ўражанне гэта падманлівае. На самай справе бацькі проста ўмела ўплятаюць выхаваўчыя моманты ў паўсядзённасць. Кожнаму з малодшых Чарняўскіх прадастаўлена права быць самім сабой. Ім не даводзіцца выконваць загады, яны амаль з нараджэння добра ведаюць свае абавязкі. Спраўляюцца з імі, нібыта не зважаючы на іх ўвагі.

Вольга ж відавочна атрымлівае асалоду ад мацярынства. І хатнія абавязкі, якіх у яе нямала (паспрабуй накарміць столькі мужчын, да таго ж неабходна клапаціцца пра дом, агарод, курэй і г. д.), і гульні з дзецьмі, і прыём гасцей – ёй у радасць.

У Вольгі і Віталія ёсць родныя, а ў іх дзеці. Часам за іх шчодрым сталом збіраецца даволі шырокае кола сваякоў. Але, па іх словах, ім і сваёй сям’ёй добра. А, па маім разуменні, такая самадастатковасць сям’і – аснова яе шчасця. Хочацца пажадаць гэтай дружнай камандзе, каб наваселле і пераезд у райцэнтр адбыліся як мага хутчэй. Канешне, не ў маіх правілах умешвацца ў асабістыя справы людзей, усё ж скажу: чатыры юныя героі, безумоўна, маглі б стаць цудоўнай аховай для маленькай дзяўчынкі. Як кажуць, хай Бог дае!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

«ПРАЦОЎНАЯ СЛАВА»

Задайте вопрос